Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вытрымаю». Рэжысэр Ігнат Сідорчык накіроўваецца на «хімію» ў Шклоў


Ігнат Сідорчык, 10 сакавіка 2021

Палітвязьню, 31-гадоваму рэжысэру, актору і паэту Ігнату Сідорчыку вызначылі месца адбыцьця пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове.

Ён абавязаны прыбыць туды 14 чэрвеня.

Ігнат Сідорчык асуджаны судом Маскоўскага раёну Менску на тры гады «хіміі» ў папраўчай установе адкрытага тыпу за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня. Судзьдзя Юры Машкетаў 16 лютага вынес яму вырак паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ігната вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Палітвязень абскарджваў прысуд, але яго пакінулі ў сіле.

Ігната Сідорчыка затрымалі 10 жніўня 2020 году. Ён знаходзіўся ў ІЧУ Жодзіна, пазьней быў пераведзены ў менскае СІЗА № 1 на Валадарскага. Падставай для крымінальнай справы стаў тэлеграм-чат «Прагулка», які сілавікі знайшлі ў ягоным тэлефоне. Ігнат не адмаўляў, што стварыў чат для сустрэч зь сябрамі.

«Дзіўна ехаць самому ў „турму“»

Ігнат расказаў, што ў мінулую пятніцу яму паведамілі ў РУУС, што ён павінен цягам трох сутак зьявіцца ў шклоўскай установе, і выдалі часовае пасьведчаньне. Сказалі ўзяць з сабой лыжку, вілку, кубак, патэльню і электрачайнік, каструлю і талеркі, сродкі гігіены, пашпарт, працоўную кніжку, дыплём, спальную бялізну, вопратку для працы.

«Узяў усё патрэбнае, грошы. Там на месцы буду глядзець, як і што. Было многа бытавых пакупак, сёньня сабраў рэчы. Тэлефонам нібыта можна карыстацца, але не зразумела, на якіх умовах. Фатаграфаваць установу ўнутры нельга. Ноўтбук браць нельга, — кажа Ігнат. — Першыя дні там прафулік, пакуль спатканьняў нельга і мяне выпускаць ня будуць. А потым, відаць, залежна ад паводзінаў, празь некалькі месяцаў могуць дазволіць спатканьні альбо нават прыезды на выходныя дадому, і пры гэтым нікуды з дому не выходзіць».

Раней у Шклове Ігнат ня быў. Да ўстановы, а гэта каля двухсот кілямэтраў, палітвязень абавязаны дабірацца самастойна. Ігнат сказаў, што яго падвязе бацька на аўто. Дзе ён будзе працаваць, пакуль невядома.

«Там ёсьць папяровая фабрыка „Спартак“, яшчэ нейкія. Але пакуль невядома, куды накіруюць, — кажа Ігнат. — Нібыта там ёсьць мясцовы тэлецэнтар альбо рэдакцыя газэты. Але калі гэта будзе праца, зьвязаная з прапагандай, то я гэта ня буду рабіць. Лепш тады ўжо на якую будоўлю».

Як Ігната праводзілі сябры і калегі?

«Сустрэўся з кім пасьпеў і змог, канечне ж, зь сябрамі. На працы быў салодкі стол, добра мяне праводзілі. Амаль усьляпую еду, нічога ня ведаю. Толькі ведаю, што туды трэба трапіць, — кажа Ігнат. — Канечне, усё гэта сумна. Дзіўна ехаць самому ў „турму“. Тады злавілі, а тут сам едзеш, такое дзіўнае адчуваньне. Сябры сумуюць, жадаюць сіл і цярпеньня. Усе спадзяюцца, што ўсё гэта хутка скончыцца і два гады не давядзецца там адбываць. Я стаўлюся нэгатыўна да таго, што вялікая колькасьць людзей сядзіць ні за што ў турмах, СІЗА і на „хіміі“. Гэта ўсё жахліва, канечне, ненармальна».

Ігнат кажа, што адчувае сябе бадзёра і гатовы «да такой прыгоды».

«Ну хто, калі ня я?! У іх жа статыстка, калі б ня я, то паслалі б нейкага іншага хлопца, які, магчыма, быў бы маральна слабейшы. Я вытрымаю».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG