Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка і іншых прызначаны на 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА


Палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў.

Працэс будзе закрыты і пройдзе ў будынку Гомельскага СІЗА.

Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і астатніх фігурантаў гэтай крымінальнай справы нават не павязуць у суд. Іх будуць судзіць у закрытым рэжыме проста ў СІЗА Гомля.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Сёньня стала вядомая дата пачатку працэсу: 24 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі палітвязьняў. Паседжаньні заплянаваныя з 24 чэрвеня па 30 ліпеня.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асобаў на папярэднюю змову матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
  • Мікалаю Статкевічу выстаўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Лосіка і Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
  • Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў зьняволеньня.

Каго раней судзілі ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3?

У 2007 годзе ў гомельскім СІЗА-3 у закрытым рэжыме праходзіў суд над «пажарнікамі» — гомельскай злачыннай групоўкай. Судзілі адразу 18 чалавек. Тады суд у СІЗА быў абумоўлены тым, што ў гомельскіх судах няма вялікай залі, каб зьмесьціць 18 абвінавачаных. Пасьля ў Гомлі ўзьвялі для абласнога суду вялікі будынак. Там дастаткова заляў і месца ў іх. Напрыклад, у 2018 годзе у ім судзілі групу (16 чалавек) гомельскіх мытнікаў, якіх абвінавацілі ў хабарніцтве. Увесну 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА судзілі 68-гадовага актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых — за «пагрозу жыцьцю» пракуроркі. Ён быў пакараны на два з паловай гады пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG