Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паехаў у Шклоў наладжваць тэрытарыяльную абарону


Аляксандар Лукашэнка з вайсковым і цывільным кіраўніцтвам у Шклове

Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня праводзіць сустрэчу ў пытаньнях тэрытарыяльнай абароны. На выязное паседжаньне ў Шклове на Магілёўшчыне ён прыехаў у форме галоўнакамандуючага — штанах з лампасамі, зь гербам на пагонах і гальштуку.

У Шклоўскім райвыканкаме яго сустракалі міністар абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандр Вальфовіч, прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Перад асноўнай нарадай Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне намесьніка старшыні Горацкага райвыканкаму Андрэя Камко кіраўніком Шклоўскага раёну, паведамляе ягоная прэс-служба.

Аляксандар Лукашэнка заявіў падначаленым, што толькі ўсенародная абарона здольная даць сапраўдны адпор ворагу і дэструктыўным сілам.

«За мінулы год мы на сабе адчулі, як дэструктыўнае інфармацыйнае ўзьдзеяньне, эканамічны, палітычны ціск з Захаду ўплывалі на сьветапогляд нашых людзей і штурхалі некаторых зь іх фактычна на здраду ўласнага народу. Заўсёды неабходна даваць такі адпор падобным дзеячам, каб у памяці ворага ён адбіўся на многія гады. І на гэта здольная толькі ўсенародная абарона, калі мы ўсе будзем абараняць сваю зямлю».

Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на забесьпячэньні поўнай гатоўнасьці органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абаронай і хуткай мабілізацыі сілаў і сродкаў.

«Рашэньне аб стварэньні тэрытарыяльнай абароны за гэтыя гады пацьвердзіла сваю мэтазгоднасьць. Яно было аб’ёмнае і адносна нятаннае. Я заўсёды перажываў: трэба рабіць, ня трэба. Сёньня мы перакананыя, што паступілі правільна. Да гэтага ў краіне ўсе павінна рыхтавацца. Адна з мэтаў сустрэчы — даць сігнал на месцы, каб яны падобным чынам у кожнай зоне (у нас іх 7), у кожным раёне былі гатовыя адмабілізавацца ў тэрмін, у які будзе прынята рашэньне прэзыдэнтам», — падсумаваў Лукашэнка.

Раней ён загадаў узброіць кожную сям’ю на выпадак «вонкавай агрэсіі» і заняцца вытворчасьцю патронаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG