Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я веру ў законнасьць у Рэспубліцы Беларусь». Як зьмяніўся Віктар Бабарыка за год у турме


Віктар Бабарыка ў судзе 17 лютага 2021 (зьлева) і падчас перадвыбачай прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020. Каляж AFP(Belta)/svaboda.org

Свабода параўнала выказваньні палітвязьня, зробленыя на першай выбарчай прэс-канфэрэнцыі, з тым, што ён казаў падчас свайго першага выступу ў судзе.

Віктара Бабарыку затрымалі раніцай 18 чэрвеня 2020 году непадалёк ад яго дому, калі патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты накіроўваўся ў свой выбарчы штаб на вуліцы Веры Харужай. У той жа дзень па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі пратэсту прыхільнікаў Віктара Бабарыкі, найбуйнейшая — у Менску.

Роўна праз год пасьля тых падзей у Маскоўскім судзе Менску працягваецца судовы працэс па справе былога банкіра. На пачатак наступнага тыдня заплянаваныя судовыя спрэчкі.

Параўноўваем, што казаў Віктар Бабарыка на сваёй першай выбарчай прэс-канфэрэнцыі 20 траўня 2020 году, зь яго ж выказваньнямі, зробленымі ў залі суду 7 красавіка 2021 году.

20 траўня 2020

«Я не іду на вайну, я іду ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што фальсыфікаваць волю народу ня можа ніхто... Тое, што зараз адбываецца, мне падаецца цалкам лягічным разьвіцьцём сытуацыі... Я веру ў законнасьць у Рэспубліцы Беларусь, кіраваньне закону. І ў тое, што на волю народу ня зможа паўплываць ніхто».

Віктар Бабарыка за кратамі
Віктар Бабарыка за кратамі

7 красавіка 2021

«Я ня веру ў вінаватасьць людзей, якія тут знаходзяцца. Я перакананы — менавіта ў тым, у чым іх абвінавачваюць, у чым яны добраахвотна прызнаюцца, што яны не вінаватыя ў гэтым. Я на самой справе ня мог для сябе адказаць вельмі доўга на пытаньне, ці правільна я зрабіў 12 траўня, таму што, яшчэ раз падкрэсьлю, адбыліся наступствы для справы 25 гадоў майго жыцьця, наступствы для людзей, за якіх я ў нейкай ступені нёс адказнасьць, як і за сына, за сяброў. Я ведаю адно. Матыў 12 траўня для мяне быў толькі адзін — я хачу жыць у краіне, дзе перамагае закон. На гэтым усё».

20 траўня 2020

«Я лічу мітатворчасьцю масавыя рэпрэсіі, якія могуць узьнікнуць. Я хацеў бы, і гавару пра гэта адкрыта, каб мой штаб знаходзіўся ў Камітэце Дзяржбясьпекі. У нашым штабе няма сакрэтаў. Мы не займаемся супрацьпраўнай дзейнасьцю. Любая пагроза, любы ціск будзе публікавацца. Усё дрэннае, што адбываецца, баіцца ценю... Я 20 гадоў мэнэджар, я ўсе 20 гадоў езьдзіў без аховы»

7 красавіка 2021

«Мяне, вядома ж, моцна зьдзівіла, калі я чытаў паказаньні, і яшчэ больш — калі я слухаў, што мае былыя калегі агаварылі сябе і спрабуюць агаварыць мяне, але гэта я разумею. Я разумею, чаму гэта зроблена: таму што той ціск, які аказваецца ў рамках СІЗА КДБ, ён, ну, на самой справе, я сапраўды гэтак жа вёў тыя самыя гутаркі і ведаю, як было. Адзін раз чуў, як адзін зь дзеячоў сказаў з жалем у голасе, што, вы ведаеце, фізычныя катаваньні забароненыя».

20 траўня 2020

«Чаму мы жывём страхамі і мітатворчасьцю? Яшчэ ніводнага дзеяньня не было зьдзейсьнена з тых, пра якія вы задаяце пытаньні (пытаньні пра ціск і рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. — РС). Яшчэ раз скажу, я абсалютна перакананы, што ні фізычнага, ні нейкага маральнага альбо крымінальнага перасьледу сяброў майго штабу ня будзе. А калі гэта будзе, то мы будзем зьвяртацца ў праваахоўныя органы і патрабаваць абароны».

7 красавіка 2021

«Што тычыцца сутнасьці прад’яўленых мне абвінавачаньняў, а таксама ў цэлым майго крымінальнага перасьледу, я магу сказаць, што і ў дачыненьні да мяне, і ў дачыненьні да майго сына, і ў дачыненьні да маіх сяброў і блізкіх людзей, а таксама ў дачыненьні да маіх калег і партнэраў, усе гэтыя крымінальныя перасьледы і абвінавачаньні я лічу зусім не абгрунтаванымі, катэгарычна супраць іх пярэчу і лічу, што яны палітычна матываваныя».

20 траўня 2020

«Я задаваў пытаньне, і мне на яго ніхто дагэтуль не адказаў. Назавіце мне хоць адно палітычнае забойства, якое адбылося пасьля 2000 году? Альбо зьнікненьне. У любой краіне Эўропы. Я ня думаю, што прайшло 20 гадоў — і Беларусь на гэтай мапе будзе першай. З 2000 году ў Эўропе ў ніводнай з краін не было палітычных забойстваў альбо рэпрэсій... Я шчыра ня веру, што Беларусь у 2020 годзе прадэманструе краіне і сьвету тое, што было да 2000 году».

7 красавіка 2021

«Я разумею, што СІЗА КДБ спрыяе прасьвятленьню памяці і фармаваньню правільных ацэнак, але ўсё ж ніколі ня думаў, што часы 1930-х гадоў можна ўбачыць тут».

20 траўня 2020

«Я веру, што можна напісаць не 60%, а 70%, не 15%, а 10%. Я ўпэўнены ў прыблізнай дакладнасьці нашых выбараў. Напэўна, я пакрыўджу многіх, хто прымаў удзел там, хай гэта лічыцца маёй наіўнасьцю. Але ня веру ў магчымасьць фальсыфікацый народнага галасаваньня».

7 красавіка 2021

«Я, вядома, разумею, што фізычныя катаваньні забароненыя — гэта дзякуй богу. Але весьці размовы ў бесьперапынным рэжыме гадзінамі, часам нават па начах — гэта таксама яшчэ тая гісторыя. У рамках гэтых непрацэсуальных гутарак я думаю, што кожны зь іх іншых фігурантаў справы, якія прызналі віну, утрымліваўся ня толькі сам пад прэсінгам. Прэсінг датычыў, у тым ліку, іх родных і блізкіх людзей. Я магу сказаць, што, напэўна, гэта ня самая лепшая гісторыя: ведаць, што твае дзеці знаходзяцца ў СІЗА КДБ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG