Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Пачобута ня кажуць пра ягоны стан, Івашын чытае «Крыжакаў». Якія навіны ў журналістаў за кратамі?


Андрэй Пачобут, архіўнае фота

Жонка журналіста Анджэя Пачобута ня можа даведацца, у якім стане яе муж, хворы на каранавірус. Дзяніс Івашын напісаў з турмы пра бабулю, да якой ня трапіў на пахаваньне, і пра кнігі, якія чытае.

Пачобут будзе на карантыне 21 дзень

Аксана Пачобут ня здолела атрымаць у жодзінскім СІЗА інфармацыю, наколькі цяжка хварэе ейны муж, бо «магчыма, ён супраць, каб распаўсюджвалі зьвесткі пра ягонае здароўе». Жонка будзе далей намагацца даведацца пра стан мужа.

Напярэдадні Пачобуту перадалі лекі ў СІЗА, якія можна перадаваць толькі цягам 2 гадзін кожны чацьвер. Адвакатка не змагла трапіць да журналіста. Анджэй на пэрыяд да 21 дня застанецца на карантыне.

Таксама стала вядома, што Анджэй Пачобут атрымаў галоўную ўзнагароду за свабоду слова Таварыства польскіх журналістаў.

Анджэя Пачобута затрымалі сёлета 25 сакавіка ў «польскай справе». Яго вінавацяць у «распальваньні варожасьці». Яму пагражае да 12 гадоў калёніі. Ён адмовіўся выяжджаць зь Беларусі ўзамен на вызваленьне, як зрабілі некаторыя фігуранткі гэтай справы. Тыдзень таму стала вядома, што журналіст захварэў на каранавірус. Да таго ж ён мае праблемы з сэрцам.

Івашын: «Я спадзяваўся, бабуля мяне дачакаецца з „камандзіроўкі“»

Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Жонцы журналіста Дзяніса Івашына Вользе прыйшоў ліст ад мужа ад 1 чэрвеня, «прасякнуты жалобай і смуткам».

Амаль увесь ліст прысьвечаны бабулі Дзяніса Раісе Барысаўне, якая памерла ў канцы траўня. Дзяніса на пахаваньне не пусьцілі. Ён расказаў у лісьце, што бабуля заўжды была ягоным безумоўным аўтарытэтам, заўсёды станавілася на ягоны бок, натхняла і матывавала яго.

«Ніколі не забудуся на ейныя блаславёныя словы падтрымкі ў студзені 2014 году, у тыя сьцюдзёныя, набрынялыя куродымам і чыстым адрэналінам дні. Словы, якія ахіналі мяне ў надзейную й нязломную браню», — напісаў Дзяніс пра бабулю.

Дзяніс Івашын з бабуляй Раісай Барысаўнай
Дзяніс Івашын з бабуляй Раісай Барысаўнай

Ён адзначыў, што, калі Раіса Барысаўна занядужала, ягоным «пакліканьнем і місіяй стаўся клопат пра яе».

«Словы пра тое, што бабуля пайшла з жыцьця, для мяне сталіся сапраўдным шокам. Я спадзяваўся на тое, што яна мяне яшчэ дачакаецца з маёй „камандзіроўкі“», — напісаў Івашын.

Ён выказаў жаль, што яму не далі магчымасьці разьвітацца з родным чалавекам.

«Вельмі балюча, што ў гэты жалобны дзень не далі пабыць хаця б непрацяглы час са сваёю сям’ёю, падтрымаць вас. Праз усё гэта мяне агарнула неймаверная туга, смутак і жалоба... Нічога, усё вытрымаем, хаця рубцы і застануцца», — дадаў палітвязень.

Ён адзначыў, што фізычна адчувае сябе добра. Працягвае шмат чытаць: Віктара Шэндаровіча, «Крыжакаў» Генрыка Сянкевіча, «нашу гісторыю, якую аздобілі легендарныя постаці Вітаўта і Ягайлы».

Дзяніса Івашына затрымалі сёлета 12 сакавіка. Яго вінавацяць ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць міліцыянтаў». Сваякі і калегі мяркуюць, што ягоная справа зьвязаная з апошнім расьсьледаваньнем журналіста пра былых украінскіх бэркутаўцаў, якія ўладкоўваюцца на працу ў органах унутраных спраў Беларусі. Пакуль ён знаходзіўся за кратамі, памерла ягоная бабуля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG