Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пераступіў праз чырвоную лінію». Ва Ўкраіне патрабуюць завесьці крымінальную справу супраць Лукашэнкі


Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны патрабуюць ад генэральнай пракуроркі Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай завесьці крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі паводле факту прызнаньня гэтак званых «ЛНР» і «ДНР», якія ўкраінскі парлямэнт прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«Мы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру паводле фактаў злачынстваў, у тым ліку і па Пратасевічу, калі Лукашэнка фактычна прызнаў так званыя „ЛНР“ і „ДНР“ легітымнымі рэжымамі і дазволіў сьледчыя дзеяньні квазі-спэцслужбамі гэтых утварэньняў. Гэта прызнаньне акупацыйных рэжымаў, і мы катэгарычна супраць такога кроку», — сказала Юлія Кліменка Свабодзе ў эксклюзіўным камэнтары.

Народная дэпутатка Ўкраіны Юлія Кліменка
Народная дэпутатка Ўкраіны Юлія Кліменка

Дэпутатка перакананая, што «Лукашэнка павінен адказваць паводле міжнароднага права як за злачынствы перад уласным народам, так і за прызнаньне акупацыйных рэжымаў» на тэрыторыі Ўкраіны.

«Генэральная пракуратура павінна разабрацца ў гэтай справе, даць адказ і сваю ацэнку. Гэта важна ў тым ліку і ў міжнародным аспэкце, калі далей гэта будзе абмяркоўвацца. Украіна ня можа талераваць сытуацыю, калі нехта прызнае акупацыйныя рэжымы і легітымізуе іх такімі дзеяньнямі. Я лічу, што гэта дастаткова адыёзны факт. Лукашэнка ў чарговы раз пераступіў праз чырвоную лінію», — перакананая Юлія Кліменка.

Паводле яе, адпаведны зварот падтрымалі ня толькі прадстаўнікі міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь», але і дэпутаты іншых фракцый, за выключэньнем «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё», якія лічаць Аляксандра Лукашэнку дзейным прэзыдэнтам.

Дэпутатка Вярхоўнай Рады перакананая, што праваахоўныя органы Ўкраіны ня будуць выдаваць на запыты тых беларускіх грамадзян, якія фігуруюць у крымінальных справах у Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту.

«На тэрыторыі Ўкраіны сапраўды знаходзіцца вялікая колькасьць беларусаў, але ніводнага выпадку выдачы іх у Беларусь не было. Наколькі я разумею, і ў прававым, і ў палітычным полі Ўкраіна не плянуе ісьці на якую-небудзь супрацу з Лукашэнкам. У нас засталіся эканамічныя дачыненьні, якія маюць пэўную інэрцыю», — дадала Юлія Кліменка.

У той жа час, дэпутатка мяркуе, што пракуратура Ўкраіны ня мае юрысдыкцыі, каб заводзіць крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў беларускай улады за злачынствы супраць удзельнікаў акцый пратэсту.

«Мяркую, гэта дакладна не зьяўляецца прававым полем украінскай пракуратуры. Гэта міжнароднае права, і пытаньне ў тым, каб правільна аформіць і дапамагчы беларускім грамадзянам правільна аформіць пазовы супраць Лукашэнкі за парушэньні правоў і свабодаў, за перасьлед і злачынствы, якія ён зьдзяйсьняе супраць беларусаў. Гэта не мае дачыненьня да ўкраінскага прававога поля», — патлумачыла Юлія Кліменка.

Раней генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што будзе дэталёва вывучаць усе матэрыялы праваахоўных органаў Беларусі аб вышуку і выдачы беларускіх грамадзян, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у выбарчай кампаніі і акцыях пратэсту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG