Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дырэктар прасіў сысьці па-нармальнаму». Кіроўца судзіцца з Пружанскім лясгасам за «палітычнае» звальненьне


Звольнены кіроўца Пружанскага лясгасу Анатоль Дзевянцейчык.

Пракуратура Берасьцейскай вобласьці ў сваім прадпісаньні адзначыла «наяўнасьць недахопаў і ўпушчэньняў у ідэалягічнай рабоце» Пружанскага лясгасу, і зь яго пачалі звальняць людзей.

Цяпер былы кіроўца Анатоль Дзевянцейчык судзіцца зь лясгасам.

Мужчына працаваў у Пружанскім лясгасе з 2008 году, пачынаў з кіроўцы 4 разраду, дайшоў да першага разраду. Мае шматлікія падзякі, узнагароджаны нагрудным знакам «За работу без аварый». 9 красавіка 2021 году звольнены па артыкуле.

Дырэктар сказаў, што ў яго «ёсьць дакладная каманда»

Летам 2020 году Анатоль быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах на ўчастку, што ў вёсцы Кабылаўка. Аднак на падлік галасоў яго не дапусьцілі, за 5 хвілін да завяршэньня галасаваньня пазбавілі акрэдытацыі. Анатоля спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці па артыкуле 23.24 — склалі 3 пратаколы.

Ён расказвае, што на працы яго пазбавілі ўсіх даплат і надбавак, заробак зьменшыўся на 330 рублёў. У дом Дзевянцейчыкаў, на працу да жонкі прыходзілі зь ператрусамі і аглядамі. Неаднаразова Анатоля дастаўлялі ў РАУС для прафіляктычных гутарак.

5 красавіка, паводле яго словаў, як толькі Дзевянцейчык выйшаў з адпачынку, яго выклікаў на размову дырэктар лясгасу Ўладзімер Жалнерчык. Прапанаваў напісаць заяву па ўласным жаданьні.

«Дырэктар скардзіўся, што прыйшло прадпісаньне з абласной пракуратуры, на яго ціснуць генэралы. Маўляў, „ты не чытаў паперу з пракуратуры? Ты ня ведаеш, што адбываецца? Ты супраць дзяржавы...“ Прасіў „сысьці па-нармальнаму“. Адкрытым тэкстам казаў: „У мяне ёсьць дакладная каманда“. Прычым лаяўся матам, пагражаў.

Вытрымка з прадпісаньня Берасьцейскай абласной пракуратуры
Вытрымка з прадпісаньня Берасьцейскай абласной пракуратуры

Са мной размаўляў галоўны мэханік, перадаваў словы дырэктара, каб я напісаў заяву. Маўляў, яму дырэктар скардзіўся, што калі мяне ня звольніць, то ён сам застанецца бяз працы.

А інжынэр па падрыхтоўцы кадраў пагражала, што калі не напішу заяву па ўласным, то празь мяне могуць пацярпець мае сваякі, якія таксама працуюць у лясгасе», — расказвае Анатоль Дзевянцейчык.

Не пагадзіўся сысьці добраахвотна — знайшоўся артыкул

У рэдакцыі ёсьць тая самая копія прадпісаньня Берасьцейскай абласной пракуратуры, на якую спасылаецца дырэктар: «асобныя працаўнікі Пружанскага лясгасу бралі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, што сьведчыць пра наяўнасьць недахопаў і ўпушчэньняў у ідэалягічнай рабоце ўстановы». І прыводзяцца прозьвішчы кіроўцы і лесьніка.

Калі кіроўца Анатоль Дзевянцейчык адмовіўся сысьці добраахвотна, на яго праз 4 дні «знайшоўся» артыкул. Нягледзячы на тое, што ёсьць начальнік гаража, галоўны мэханік, Анатоля некалі прызначылі адказным за супрацьпажарны і санітарны стан. Калі ў сакавіку ён быў у адпачынку, нібыта правялі праверку, знайшлі заўвагі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.

У выніку Дзевянцейчыка 9 красавіка звольнілі па артыкуле 42, п.6 Працоўнага кодэксу — «за невыкананьне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае адміністрацыйнае спагнаньне». Анатоль зьвярнуўся ў суд, каб абскардзіць звальненьне.

Лясгасаўскі юрысконсульт ня даў рады, тэрмінова нанялі адваката

На першым судовым паседжаньні юрысконсульт лясгасу так і ня змог адказаць на пытаньне судзьдзі Ігара Жытко, чаму адказным за супрацьпажарны і санітарны стан прызначылі не кіраўніка гаража, а простага кіроўцу.

Анатоль Дзевянцейчык
Анатоль Дзевянцейчык

На наступнае паседжаньне лясгас наняў адваката, і зьявілася новая падстава — нібыта 6 красавіка Дзевянцейчык адсутнічаў на працоўным месцы цягам адной гадзіны — з 10.30 да 11.30.

«Згодна з табэлем, 6 красавіка Дзевянцейчык 8 гадзін быў на працы. Анатоль прадставіў суду раздрукоўку білінгу, што былі тэлефанаваньні з працоўнага месца. Заявіў хадайніцтва, каб апэратар мабільнай сувязі МТС пацьвердзіў. Аднак МТС прадставіў інфармацыю аб званках Дзевянцейчыка толькі да 10-й гадзіны раніцы, далей зьвестак ня даў, хоць злучэньні дакладна былі.

Прывялі ў суд сьведак, якія з адной і той жа паперкі чыталі тое, што ім напісалі, і паўтаралі, што Дзевянцейчыка не было», — расказала жанчына, якая прысутнічала на ўсіх судовых паседжаньнях аб пазове кіроўцы да лясгасу.

У выніку судзьдзя Пружанскага раённага суду Ігар Жытко скаргу Анатоля Дзевянцейчыка не задаволіў, і рашэньне аб звальненьні зь лясгасу засталося ў сіле.

Усе судовыя выдаткі таксама «павесілі» на Анатоля, які страціў працу: 1100 рублёў — адвакату, якога наняў лясгас, па 220 рублёў за кожнае судовае паседжаньне. Прычым адно паседжаньне было адкладзенае па просьбе лясгасу, другое доўжылася 20 хвілін.

Цяпер Анатоль Дзевянцейчык рыхтуе апэляцыю ў Берасьцейскі абласны суд.

Ціснуць на актывістаў ня толькі ў Пружанскім лясгасе. Таксама звольнілі людзей зь мясцовага малочнага камбіната, з ААТ «Жураўлінае», — сьцьвярджае мясцовая праваабаронца, якая ня хоча называць свайго імя.

«На актывіста Алега Кулешу завялі крымінальную справу паводле артыкула 342, ён прызнаны палітвязьнем, знаходзіцца ў СІЗА. Шматдзетныя бацькі Лаптановічы таксама чакаюць суду за „карагодную справу“ — палітвязень Ігар у СІЗА, Юлія на свабодзе. Але Юліі, у якой трое малых дзяцей, склалі такі нязручны графік працы ў сельскай бібліятэцы, што яна вымушаная была звольніцца. Шэсьць сем’яў зьехалі з краіны, бо ў дачыненьні да іх былі запалохваньні, пагрозы забраць дзяцей, некаторых пазбавілі працы», — расказала Свабодзе праваабаронца з Пружан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG