Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла справаздача пра катаваньні ў Беларусі за апошнія 10 месяцаў. Асноўныя тэзісы


Карт-блянш на беззаконьне для беларускіх сілавікоў, архіўнае фота

Міжнародны камітэт расьследаваньня катаваньняў у Беларусі апублікаваў чацьвёртую прамежкавую справаздачу, прысьвечаную ўмовам утрыманьня ў месцах несвабоды ад жніўня 2020 году да траўня 2021-га.

У дакумэнце адзначаецца, што масавыя парушэньні правоў чалавека і нормаў права адбываліся на ўсіх этапах кантактаваньня людзей з прадстаўнікамі сілавых органаў. Ахвярамі незаконных дзеяньняў нярэдка станавіліся выпадковыя людзі: мінакі і наведнікі кавярняў, або тыя, хто выйшлі з дому пакурыць ці вынесьці сьмецьце. Людзей затрымлівалі незалежна ад полу і ўзросту, усё суправаджалася біцьцём і ўжываньнем спэцсродкаў.

Цалкам сьведчаньні пацярпелых ад гвалту беларускіх сілавікоў — ТУТ.

Біцьцё і катаваньні працягваліся пры перавозцы у аўтазаках, суправаджэньні ў раённыя аддзелы міліцыі і ізалятары. Некаторых затрыманых пазначалі фарбай (лоб, вопратку, рукі), такіх катавалі яшчэ з большай лютасьцю.

Людзей білі за любыя звароты да супрацоўнікаў (запрасіць адваката, даць вады, азнаёміць з пратаколам, даць у камэру сьвежае паветра). Некаторых катаваньнямі прымушалі падпісваць чыстыя аркушы. Хуткая мэдычная дапамога выклікалася толькі ў надзвычайных выпадках ад боязі сьмерці чалавека.

Затрыманыя, якіх не чапалі, але якія бачылі сьляды ад зьдзекаў, вымушаныя былі слухаць жудасныя крыкі, адпаведна, таксама зьведалі псыхалягічныя катаваньні і адчувалі бяспраўнасьць свайго становішча. Людзі знаходзіліся ў шокавым стане, і многія былі ўпэўненыя, што іх могуць забіць фізычна або расстраляць.

Як гаворыцца ў справаздачы, пераважная большасьць пацярпелых расказвалі аб відавочнай ідэалягічнай апрацоўцы сілавікоў супраць удзельнікаў мірных акцый яшчэ да іх правядзеньня. Людзей у форме інтэнсіўна дэзынфармавалі аб заказным характары «праплачаных» пратэстаў і мітычных «лялькаводах» з Украіны, Польшчы, Літвы для гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады.

Пасьля 14 жніўня 2020 году ахвяры дзяржаўнага тэрору масава падавалі заявы ў сьледчыя органы ў надзеі пакараць вінаватых і атрымаць кампэнсацыю. Аднак у адказ атрымлівалі рахункі за аплату харчаваньня ў месцах, дзе іх катавалі і марылі голадам. Да сёньня не заведзена ніводнай крымінальнай справы аб катаваньнях, а ў дачыненні да заяўнікаў пачаліся працэсы за масавыя беспарадкі і дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

«Такім чынам, можна канстатаваць: усе дзеяньні беларускіх
уладаў ад 9 жніўня 2020 году накіраваныя ня толькі на жорсткае
сілавое ўдушэньне мірных сходаў, пікетаў і маршаў, але, перш за
за ўсё, на ўсталяваньне ў грамадзтве атмасфэры страху і раскручваньне
рэпрэсіўнай машыны. Сілавікам пры гэтым гарантавалася ня толькі поўная беспакаранасьць, а і заахвочваньне за любое адступленьне ад закону: перавышэньне службовых паўнамоцтваў, незаконнае ўжываньне сілы і спэцсродкаў, бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні», — пішуць аўтары справаздачы.

Асобы, якія вызначыліся ў рэпрэсіях супраць народу, атрымліваюць падзякі
ад вышэйшага кіраўніцтва ў выглядзе павышэньня па службе, прысваеньня званьняў і прэмій. Пры гэтым вінаватыя ў забойствах мірных грамадзян — Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Аляксандра Віхора, Рамана Бандарэнкі ды іншых — да гэтага часу не пакараныя.

Многіх затрыманых сілавікі здымалі на відэа і прымушалі прызнавацца ў нібыта супрацьзаконных дзеяньнях і ўгаворваць іншых не хадзіць на пратэставыя акцыі, паказваючы гэтыя запісы ў дзяржаўных СМІ. Самі праўладныя мэдыя ўвесь час дэманструюць прапагандысцкія матэрыялы, зьневажаюць пратэстоўцаў і апраўдваюць жорсткія дзеяньні сілавікоў. Гэта пацьвярджае, што яны таксама ёсьць часткай рэпрэсіўнага мэханізму.

Ва ўсіх месцах зьняволеньня (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і г.д.) адміністрацыі устаноў на падставе ўказаньня Міністэрства ўнутраных спраў стварылі адмысловыя ўмовы для палітычна затрыманых, якія па сваёй сутнасьці зьяўляюцца катаваньнямі і зьневажаюць чалавечую годнасьць. Дзейны рэжым дамогся поўнага ігнараваньня закону і разгарнуў тэрор на дзяржаўным узроўні ў дачыненьні іншадумцаў, пішуць аўтары справаздачы.

На падставе сабраных фактаў Міжнародны камітэт расьследаваньня катаваньняў у Беларусі падрыхтаваў рэкамэндацыі дэмакратычнай дзяржаве пасьля зьмены палітычнага рэжыму:

  • Прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у катаваньнях, бесчалавечным абыходжаньні і выпадках псыхалягічнага, фізычнага і сэксуальнага гвалту над затрыманымі.
  • На найвышэйшым дзяржаўным узроўні асудзіць катаваньні і папярэдзіць супрацоўнікаў сілавых структур аб крымінальнай адказнасьці за ўсе акты перавышэньня службовых паўнамоцтваў.
  • Прывесьці ўмовы ўтрыманьня ў месцах несвабоды ў адпаведнасьць зь мінімальнымі стандартамі абыходжаньня са зьняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы).
  • Забясьпечыць затрыманых належным мэдычным абслугоўваньнем, гігіенічнымі прыладамі і сродкамі абароны ва ўмовах пандэміі COVID-19 ці іншых хваробаў.

Паколькі галоўнымі адказнымі за катаваньні ў Беларусі зьяўляюцца якраз найвышэйшыя службовыя асобы, праваабаронцы ня лічаць мэтазгодным зьвяртацца да іх з рэкамэндацыямі, гэта ўжо прэрагатыва новых уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG