Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеную Натальлю Хершэ паўтара месяца трымаюць у штрафным ізалятары


Затрыманьне Натальлі Хершэ на жаночым маршы. Менск, 19 верасьня 2020 году.

Амбасадар Швайцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат наведаў у гомельскай калёніі № 4 палітзьняволеную Натальлю Хершэ.

«Сытуацыя ў нашай суайчыньніцы па-ранейшаму няпростая. Таму Натальля вельмі цэніць любую падтрымку, усім дзякуе», — цытуе дыплямата агенцтва БелаПАН.

Справу 51-гадовай Натальлі Хершэ яшчэ 20 красавіка абмяркоўваў кіраўнік швайцарскага зьнешнепалітычнага ведамства Іньяцыё Касіс на перамовах зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем падчас яго візыту ў гэтую краіну. Аднак спроба заступніцтва ні да чога не прывяла.

Тым часам брат палітзьняволенай Генадзь Касьян расказаў «Нашай Ніве», што сястра агулам паўтара месяца ўтрымліваецца ў штрафным ізалятары. Туды яе зьмяшчалі з 6 па 23 траўня, а таксама з 24 траўня па 3 чэрвеня. Потым чатыры дні Натальля правяла ў мэдсанчастцы, а 8 чэрвеня яе зноў адправілі ў ізалятар. Акрамя таго, яна пазбаўленая права на тэлефанаваньні і лісты.

Дакладнай прычыны, чаму жанчыну трымаюць у такіх умовах, Генадзь ня ведае. У афіцыйным адказе напісана, што «асуджаная дапускае парушэньні вызначанага парадку адбываньня пакараньня, за якія прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасьці».

Брат мяркуе, што Натальлю маглі перавесьці з шыцьця цывільнага адзеньня і мяхоў на вытворчасьць формы для сілавікоў, а яна ад такой працы прынцыпова адмаўляецца.

Летась 7 сьнежня суд Савецкага раёну Менску прызнаў Натальлю Хершэ (яна грамадзянка Швайцарыі, а нарадзілася ў Беларусі) вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК), пакараўшы яе 2,5 гадамі пазбаўленьня волі і абавязаўшы кампэнсаваць 1000 рублёў пацярпеламу сілавіку.

Паводле судовага рашэньня, 19 верасьня падчас жаночага маршу ля Камароўскага рынку яна сарвала балаклаву з 22-гадовага праваахоўніка, «прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджаньні».

Сваёй віны Натальля Хершэ не прызнала.

Беларускія праваабаронцы лічаць Натальлю Хершэ палітычнай зьняволенай. Асуджаная як мінімум двойчы абвяшчала галадоўку ў сувязі з умовамі ўтрыманьня і забаронай на ліставаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG