Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуроры, сьледчыя і міністар абароны. Хто тыя сілавікі, што трапілі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу


Ілюсьтрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас прызначэньня Дзьмітрыя Гары новым старшынём Сьледчага камітэту. 11 сакавіка 2021 году

У апублікаваным 21 чэрвеня сьпісе некалькі дзясяткаў прозьвішчаў. Расказваем пра гэтых людзей падрабязьней.

Пракуроры, супрацоўнікі СК і іх памочнікі

  • Аліна Касьянчык, памочніца пракурора Фрунзэнскага раёну, удзельніца палітычна матываваных справаў. Менавіта яна запрошвала абвінавачаным тэрміны, якія пазьней давалі ім судзьдзі. Самая маладая фігурантка сьпісу.
Аліна Касьянчык
Аліна Касьянчык

Удзельнічала з боку абвінавачаньня ў працэсах супраць:

Максіма Паўлюшчыка і Марыі Бабовіч, якіх судзілі за надпіс «Не забудзем, не даруем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Вынік — 2 гады калёніі агульнага рэжыму для Паўлюшчыка, 18 месяцаў хатняй хіміі для Бабовіч;

— былога ратавальніка МНС Рыгора Давыдава, якога абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах каля ўнівэрсама «Рыга» — 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму;

— праграміста Арцёма Саўчука, якога судзілі за ўдзел у пратэстах — 4 гады ўзмоцненага рэжыму;

— 19-гадовага Ільлі Тананка, якога абвінавачвалі ў абразе кіраўніка менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы — 1,5 года «хіміі» і 1000 рублёў кампэнсацыі;

Анастасіі Нікіцінай і Сьвятланы Лабунскай, якіх абвінавачвалі ў раскідваньні самарэзаў. Вынік — 1 год і 1 месяц калёніі Нікіцінай, 1,5 года «хатняй хіміі» Лабунскай.

Касьянчык вызначылася ня толькі ўдзелам у палітычна матываваных працэсах у якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы, але і як пацярпелая. 18 чэрвеня ў Менску пачаўся судовы працэс, на якім Касьянчык аспрэчвае сваё высяленьне з арэнднай кватэры. Справу разглядаюць паводле артыкулу «Парушэньне раўнапраўя грамадзян». На думку сьледзтва, мянчанка Вольга Сінялёва ня мела права права прасіць Касьянчык вызваліць здадзеную ёй у арэнду кватэру, пасьля таго як даведалася, што памочніца пракурора выступае ў якасьці абвінаваўцы на працэсе журналістак Кацярыны Бахвалавай і Дар’і Чульцовай. Журналісткі былі асуджаныя на 2 гады калёніі за стрым 15 лістапада 2020 году з «плошчы Перамен».

  • Ігар Курыловіч, старшы сьледчы Сьледчага камітэту ў Фрунзэнскім раёне Менску. Вёў справу журналісткі Кацярыны Бахвалавай. Пра гэта стала вядома з адмовы на просьбу аб спатканьні, якую з подпісам Курыловіча атрымаў муж журналісткі Ігар Ільяш. На думку сьледчага, Бахвалава ў выпадку сустрэчы з мужам магла б нейкім чынам схавацца ад сьледзтва.
  • Дзьмітры Гара, старшыня Сьледчага камітэту. Гара атрымаў сваю пасаду пасьля адстаўкі Івана Наскевіча ў сакавіку 2021 году. Да прызначэньне ў Сьледчы камітэт два гады працаваў намесьнікам генпракурора, а яшчэ раней дзесяць гадоў адслужыў у КДБ.
Дзьмітры Гара
Дзьмітры Гара

Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу ЭЗ, Гара мае дачыненьне да справы Сяргея Ціханоўскага. На пасадзе намесьніка генпракурора Дзьмітры Гара ўваходзіў у міжведамасную камісію праверкі фактаў катаваньняў і гвалту ў дачыненьні да мірных грамадзян у жніўні-верасьні 2020 году. Парушэньняў заканадаўства камісія ня выявіла.

У канцы верасьня 2020 году Сэйм Літву ўключыў Дзьмітрыя Гару разам зь яшчэ 85 беларускімі сілавікамі і чыноўнікамі ва ўласны санкцыйны сьпіс. На прэс-канфэрэнцыі МЗС з удзелам Рамана Пратасевіча Гара сядзеў побач з абвінавачаным.

  • Аляксей Стук, намесьнік генэральнага пракурора. Адзін з тых, хто асабіста кіраваў задушэньнем усіх формаў пратэсту восеньню 2020 году.
Аляксей Стук
Аляксей Стук
  • Генадзь Дыско, намесьнік генэральнага пракурора. Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу, удзельнічаў у ініцыяваньні справы супраць Сяргея Ціханоўскага. Акрамя гэтага, вядома, што Дыско быў адным з ініцыятараў крымінальнай справы ў дачыненьні да журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў калёніі, Сарокіна — на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады.
Генадзь Дыско
Генадзь Дыско

«З матэрыялаў гэтай крымінальнай справы ўгледжваецца, што лекар, паддаўшыся ўгаворам Барысевіч, перадаў у яе распараджэньне электронныя копіі мэдыцынскіх дакумэнтаў, якія зьмяшчаюць інфармацыю, якая складае мэдыцынскую тайну, а менавіта: зьвесткі пра дыягназ пацыента, вынікі мэдыцынскіх дасьледаваньняў і іншыя дадзеныя», — расказваў Дыско ў размове з журналістам СТВ Рыгорам Азаронкам. Забойства самога Рамана Бандарэнкі застаецца нерасьсьледаваным.

Чыноўнікі

  • Максім Рыжанкоў. Першы намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта, адказны за рэалізацыі паўнамоцтваў Лукашэнкі ва ўнутранай і замежнай палітыцы. Быў адным з топ-чыноўнікаў, якія ўвосень 2020 году езьдзілі па рэгіёнах, каб залагодзіць сытуацыю на месцах.

На адной з такіх сустрэчаў у Смаргонях Максім Рыжанкоў паабяцаў прысутным, што міліцыянты «больш ня будуць шкадаваць» пратэстоўцаў.

У санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі і Эстоніі Рыжанкоў трапіў яшчэ ў канцы жніўня. Гэтыя краіны забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю, назваўшы датычным да фальсыфікацыі выбараў і ўтойваньня іх сапраўдных вынікаў.

Максім Рыжанкоў (зьлева) і Віктар Лукашэнка падчас адзначэньня 100-годзьдзя МЗС Беларусі
Максім Рыжанкоў (зьлева) і Віктар Лукашэнка падчас адзначэньня 100-годзьдзя МЗС Беларусі
  • Дзьмітры Лукашэнка. Сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Прэзыдэнцкага спартовага клюбу. Як адзначаецца ў санкцыйным сьпісе Эўразьвязу, праз гэтую арганізацыю ён вядзе бізнэс і кантралюе шэраг кампаній. У прыватнасьці, зь імем Дзьмітрыя Лукашэнкі зьвязваюць арганізацыю лятарэй у Беларусі.
  • Валеры Іванковіч. Генэральны дырэктар МАЗ. Па зьвестках ЭЗ, нясе адказнасьць за арышты рабочых на тэрыторыі заводу і палітычныя звальненьні.
Валеры Іванковіч
Валеры Іванковіч

«МАЗ працуе вельмі напружана, — гаварыў Іванковіч агенцтву БелТА 11 жніўня 2020 году. — У аўтобуснай вытворчасьці ў нас тры зьмены. Вельмі шмат замоваў, асабліва экспартных. Расея, Украіна. Канвэер працуе ў дзьве зьмены, ніякіх хваляваньняў у калектыве няма, працуем нармальна, штатна».

У той жа час у недзяржаўных СМІ было мноства паведамленьняў аб тым, што МАЗ далучыўся да пратэстаў. У першыя дні пасьля 9 жніўня больш за тысячу чалавек сустрэліся з кіраўніцтвам і выставілі свае патрабаваньні, сярод якіх было спыненьне гвалту і правядзеньне новых выбараў.

Пазьней актыўнасьць пратэстаў на МАЗе пайшла на спад, а да канца жніўня лік звольненых удзельнікаў іх пайшоў на дзясяткі.

Супрацоўнікі адміністрацыі СІЗА, ІЧУ, ЦІП і іх кіраўніцтва

Іван Мысьліцкі. Намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС (ДВП). Ведамства Мысьліцкага — куратар у тым ліку ІЧУ і ЦІП на завулку Акрэсьціна, СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, сьледчай турмы № 8 у Жодзіне, ізалятараў у Жодзіне і Магілёве. Ва ўсіх гэтых месцах са жніўня 2020 году і дагэтуль працягваюць утрымліваць удзельнікаў пратэстаў.

Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу ЭЗ, Мысьліцкі зьяўляецца адной з тых службовых асобаў ДВП, якія нясуць пэрсанальную адказнасьць за бесчалавечныя і прыніжальныя для годнасьці дзеяньні, у тым ліку катаваньні грамадзян, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту і былі затрыманыя.

  • Алег Белякоў і Ўладзіслаў Мандрык, намесьнікі начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС,
  • а таксама Алег Лашчыноўскі, былы намесьнік начальніка ДВП МУС. Як і Іван Мысьліцкі, куратары сыстэмы выкананьня пакараньняў у краіне.

У іх падпарадкаваньні таксама знаходзяцца СІЗА, ІЧУ і ЦІПы. Разам зь імі у санкцыйны сьпіс трапілі:

  • Жанна Батурыцкая, якая зьяўляецца начальніцай упраўленьня выкананьня прысудаў ДВП,
  • начальнік сьледчай турмы Жодзіна Дзьмітры Страбкоў,
  • начальнік ЦІП на завулку Акрэсьціна Яўген Шапецька,
  • начальнік ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна Ігар Кенюх,
  • а таксама іх намесьнікі Глеб Дрыль і Ўладзімер Лапыр.

Паводле санкцыйнага сьпісу ЭЗ, усе яны нясуць асабістую адказнасьць за жудасныя ўмовы ў ізалятары і за бесчалавечнае абыходжаньне, уключаючы катаваньні затрыманых пасьля выбараў 2020 году.

Тое, што ўсе гэтыя людзі абазнаныя пра ўмовы, у якіх знаходзяцца «палітычныя», пацьвярджаюць шматлікія сьведчаньні саміх вязьняў. У прыватнасьці, начальнік ЦІП на Акрэсьціна Яўген Шапецька сам прызнаваўся ў размове са зьняволенай баскетбалісткай Аленай Леўчанка, што аддаваў распараджэньне аб стварэньні для «палітычных» невыносных умоваў утрыманьня. На яго думку, гэта можа адбіць у людзей ахвоту выходзіць на пратэсты.

Сьледчыя

  • Аляксандар Васілюк, кіраўнік сьледчай групы Сьледчага камітэту. Паводле інфармацыі ЭЗ, Васілюк нясе адказнасьць за палітычна матываваныя справы і затрыманьні, у прыватнасьці чальцоў Каардынацыйнай рады, у тым ліку Марыі Калесьнікавай. Таксама адказны Васілюк і за затрыманьні журналістаў.

Зь імем Аляксандра Васілюка зьвязаныя крымінальныя справы на адміністратараў тэлеграм-каналаў, ён жа камэнтаваў крымінальную справу спартоўцаў Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

  • Яўген Архірэеў і Аляксей Каўрыжкін. Першы зьяўляецца кіраўніком Галоўнага сьледчага аддзелу Цэнтральнага офісу СК, другі кіруе сьледчай групай у Галоўным сьледчым аддзеле СК. Абодва маюць дачыненьне да справы Каардынацыйнай рады. Каўрыжкін таксама непасрэдна займаецца справамі сяброў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, у тым ліку адваката Максіма Знака.
  • Аляксандар Агафонаў, першы намесьнік кіраўніка Галоўнага сьледчага аддзелу Сьледчага камітэту. Займаецца справамі палітзьняволеных Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка. Неаднаразова фігураваў у дзяржаўных СМІ і агучваў там некаторыя матэрыялы крымінальных справаў палітвязьняў, у тым ліку тыя факты, якія афіцыйна забаронена агучваць адвакатам.

«Ідэалёгіяй арганізацыі беспарадкаў зьявілася распальваньне Ціханоўскім і яго саўдзельнікамі Сакавым, Паповым, блогерам Цыгановічам, ён жа ўладальнік і адміністратар ютуб-каналу „МозгON“, уладальнікам телеграм-каналу „Беларусь галаўнога мозгу“ Ігарам Лосікам сацыяльнай варожасьці ў краіне», — расказваў Агафонаў у інтэрвію «Беларусь сегодня» яшчэ да завяршэньня сьледзтва. Аляксандар Агафонаў летам 2020 году таксама актыўна камэнтаваў абставіны затрыманьня ў Беларусі так званых «вагнэраўцаў», якіх пасьля адпусьцілі на свабоду.

  • Канстанцін Бычак, начальнік сьледчага аддзелу КДБ. Куратар палітычна матываванага расьсьледаваньня справы Віктара Бабарыкі, судовы працэс у справе якога працягваецца дагэтуль. Акрамя гэтага, ужо ў красавіку 2021 году Бычак у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў камэнтаваў справу Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва, зьвязаўшы іх дзейнасьць з плянам спэцслужбаў ЗША.

Кіраўнікі РУУСаў і іх намесьнікі

  • Начальнік РУУС Першамайскага раёну Менску Андрэй Бакач,
  • начальнік РУУС Фрунзэнскага раёну Менску Аляксандар Палулех,
  • намесьнік начальніка РУУС Фрунзэнскага раёну Менску Аляксандар Захвіцэвіч,
  • намесьнік начальніка РУУС Фрунзэнскага раёну Менску Сяргей Ушакоў,
  • намесьнік начальніка РУУС Першамайскага раёну Менску Сяргей Арцёменка,
  • былы начальнік РУУС Кастрычніцкага раёну Менску, кіраўнік упраўленьня унутранай бясьпекі Дзяржаўнай судовай экспэртызы Аляксандар Рыдзецкі.

Усе яны, паводле санкцыйнага сьпісу, названыя адказнымі за парушэньне правоў грамадзян, зьдзекі і катаваньні, якія адбываліся на тэрыторыі РУУСаў у канцы лета і ўвосень 2020 году. У прыватнасьці, Сяргей Арцёменка кіраваў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску падчас затрыманьня і катаваньня Максіма Харошына, уладальніка кветкавай крамы, які дарыў кветкі ўдзельніцам жаночага маршу. Справа Харошына на гэты момант расьсьледуецца ў Літве, куды ён змог выехаць пасьля лячэньня ў менскім шпіталі.

У санкцыйны сьпіс таксама трапілі іншыя кіраўнікі сталічных РУУСаў:

  • начальнік РУУС Кастрычніцкага раёну Менску, былы начальнік Партызанскага РУУС Дзьмітры Бурдзюк,
  • начальнік Ленінскага РУУС Менску Віталь Капілевіч,
  • начальнік РУУС Заводзкага раёну Менску Кірыл Каплоў,
  • начальнік РУУС Маскоўскага раёну Менску, былы намесьнік начальніка Заводзкага РУУС Сяргей Вярэйка,
  • намесьнік начальніка Ленінскага РУУС Менску Сяргей Дубавік,
  • намесьнік начальніка Фрунзэнскага РУУС Менску Аляксандар Андрыеўскі,
  • намесьнік начальніка Кастрычніцкага РУУС Менску (да 17 сьнежня 2020-га), начальнік Партызанскага РУУС Віталь Макрыцкі.

Іншыя асобы, датычныя да злачынстваў супраць грамадзян

  • Яўген Урублеўскі, старшы сяржант міліцыі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна. Нясе адказнасьць за бесчалавечнае і зьневажальнае абыходжаньне, катаваньні затрыманых у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

«Я спрабавала сказаць, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы, у адказ на што Урублеўскі падышоў і некалькі разоў ударыў мяне галавой аб сьцяну. „Што ты, б...ь, самая разумная, выдатніца? Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, с...а!“ — закрычаў ён. І яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сьцяну», — расказвала пра паводзіны Ўрублеўскага адна са зьняволеных на Акрэсьціна, актывістка штабу Ціханоўскай Вольга Паўлава.

  • Мікалай Карпянкоў, намесьнік міністра ўнутраных справаў, былы начальнік ГУБАЗіК.
Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

Асабіста ўдзельнічаў у затрыманьнях і біцьці дэманстрантаў летам і восеньню 2020 году. 15 студзеня 2021 быў апублікаваны аўдыёзапіс, у якім чалавек з голасам, падобным на голас Карпянкова, расказвае пра дазвол на ўжываньне агнястрэльнай зброі супраць дэманстрантаў, а таксама раскрывае невядомыя раней дэталі забойства Аляксандра Тарайкоўскага ля станцыі мэтро «Пушкінская». Акрамя гэтага, на запісе агучваюцца пляны пра будаўніцтва ў Беларусі канцэнтрацыйных лягераў для будучых палітзьняволеных.

У канцы восені 2020 году Карпянкоў узначаліў Унутраныя войскі МУС, якія актыўна займаліся разгонам дэманстрантаў у 2020 годзе, а таксама прыцягваліся для задушэньня пратэстаў у 2021-м.

  • Міхаіл Грыб, начальнік ГУУС Менгарвыканкаму.

Міхаіл Грыб
Міхаіл Грыб

Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу, апублікаванага 21 чэрвеня, Грыб асабіста адказвае за дзеяньні міліцыі ў Віцебскай вобласьці да кастрычніка 2020 году (дзе ў той час узначальваў мясцовае ГУУС) і ў Менску з кастрычніка 2020 году. У тым ліку за гвалтоўныя рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і парушэньні права на мірныя сходы і свабоду слова.

«Усяго ў час правядзеньня выбарчай кампаніі і ў постэлектаральны пэрыяд зарэгістравана больш за 600 злачынстваў, накіраваных на дэстабілізацыю становішча ў сталіцы, чвэрць зь якіх склалі злачынствы, зьвязаныя з супрацівам супрацоўнікам органаў унутраных спраў i iншым асобам, якія ахоўваюць грамадзкі парадак, гвалтам ці пагрозай прымяненьня гвалту ў дачыненьні міліцыянтаў», — расказваў Грыб неўзабаве пасьля свайго прызначэньня.

  • Віктар Хрэнін, міністар абароны Беларусі. Прычынай уключэньня ў санкцыйны сьпіс ЭЗ яго аўтары называюць адказнасьць за прымусовую пасадку рэйсу Ryanair, у выніку чаго былі арыштаваныя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

Непасрэдныя падначаленыя Хрэніна, акрамя гэтага, бралі актыўны ўдзел у задушэньні пратэстаў у жніўні 2020 году і ў наступныя месяцы. Як стала вядома ў лютым 2021 году, у выніку сутычкі з байцамі вайсковага спэцназу з Мар’інай Горкі капітанам Гаўрылавым і прапаршчыкам Галіцыным быў забіты жыхар Берасьця Генадзь Шутаў. На судовым працэсе, дзе вайскоўцы выступілі ў якасьці пацярпелых, яны падрабязна расказалі пра свой удзел у задушэньні пратэстаў і паведамілі, што вайскоўцаў прыцягвалі да гэтага адмысловым загадам, узгодненым у Міністэрстве абароны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG