Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар у разгубленасьці». Палітвязень Лосік за кратамі 363 дні


Ігар Лосік, архіўнае фота

Суд па ягонай справе пачнецца ў гомельскім СІЗА 24 чэрвеня і пройдзе ў закрытым рэжыме. Жонка кансультанта Радыё Свабода палітвязьня Ігара Лосіка Дар’я ў аўторак 22 чэрвеня спынілася ў Гомлі, каб быць побач зь СІЗА, дзе пройдзе суд над яе мужам. У гэты ж дзень Ігара наведаў адвакат.

«Ніякіх асаблівых навінаў ад Ігара няма, яны абмяркоўваюць з адвакатам дэталі будучага працэсу, — расказвае Дар’я Лосік. — Настрой у Ігара ня вельмі добры, на самой справе. Ігар перажывае — перажывае праз тое, што ён невінаваты, а мы цяпер самі ўсе бачым, якія даюць тэрміны людзям. Невінаватаму чалавеку сядзець столькі часу — гэта зусім не лухта. Таму ў яго галава занятая зусім іншым. Нават пра лісты нічога не гаварыў, даходзяць яны да яго ці не».

Суд па справе Ігара Лосіка, якога будуць судзіць разам зь Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім і яшчэ некалькімі палітвязьнямі, пачнецца ў 10.00 24 чэрвеня. Ён пройдзе ў закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля, трапіць на працэс змогуць толькі адвакаты абвінавачаных. Прычыны закрытасьці працэсу, а таксама выбару такога месца для яго правядзеньня родным абвінавачаных не тлумачылі.

«Дэталяў таго, як будзе праходзіць суд, я ня ведаю, — кажа Дар’я. — Адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні, ён ня можа нічога расказваць. Я ў любым выпадку буду знаходзіцца ля сьценаў СІЗА ўвесь час, што будзе ісьці суд».

Дар’я кажа, што атрымлівала ад Ігара лісты за 15 і 17 чэрвеня. У іх Ігар выказваў разгубленасьць ад таго, што ня ведае, як доўга яшчэ будзе за кратамі.

«Лісты з доляй смутку, — кажа Дар’я Лосік. — Ігар у разгубленасьці. Лісты такія, крыху з доляй нэгатыву».

Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх удзел у масавых беспарадках, а таксама арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG