Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ачумеў — Захад ці Лукашэнка? Гутарка з былым дыпляматам


Аляксандар Лукашэнка выступае ў Берасьці 22 чэрвеня 2021 году, на 80-ю гадавіну пачатку вайны нацысцкай Нямеччыны з СССР

Ці прывядуць санкцыі да зрынаньня Лукашэнкі? Як інакш маглі б заходнія лідэры рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі? Якой будзе рэакцыя Расеі на заходнія санкцыі адносна Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае былы беларускі дыплямат з 30-гадовым стажам, колішні амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня.

Ляшчэня

  • Я яшчэ ўвосень казаў, што з абодвух бакоў будзе ісьці гульня на абвастрэньне.
  • На сайце прадстаўніцтва ЭЗ прыводзіцца аргумэнтацыя, што санкцыі маюць на мэце — прымусіць улады вызваліць палітвязьняў і пачаць сапраўдны дыялёг з грамадзтвам.
  • Эўразьвяз дзейнічае ў адпаведнасьці з падыходамі тых, каго называюць лідэрамі пратэсту, якія цяпер знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.
Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня
  • Паводле іх лёгікі на рэжым павінны быць унутраны і зьнешні ціск. Зьнешні — гэта санкцыі, з унутраным ціскам справы горшыя.
  • Перайшлі да партызанскай барацьбы.
  • Зараз ідзе калька слогану, які быў летась — «Нас 80%»
  • Пратэст немагчыма, як гуму, расьцягваць на некалькі гадоў.
  • Чаму праз 10 месяцаў пасьля пачатку пратэстаў Баграцоў не пакажа нам праграму Бабарыкі, чаму Цапкала не апублікуе сваю праграму?
  • Санкцыі ЭЗ, якія ўведзеныя 21 чэрвеня, нарэшце распаўсюдзіліся на спадара Зайцава.
  • Ён на пачатку нулявых быў памочнікам прэм’ера Сідорскага, тады яго марай было трапіць у МЗС.
  • Мара ня спраўдзілася, а цяпер ён стаў бізнэсоўцам — цуд нейкі.
  • Але гэтыя санкцыі распаўсюджваюцца і на такія прадпрыемствы, як МАЗ і БелАЗ.
  • Напэўна, працаўнікі гэтых заводаў зададуць пытаньне — а што будзе потым?
  • Калі будуць уведзеныя сэктаральныя санкцыі, іх наступствы будуць неадназначныя.
  • Тыя, хто іх прымае, зыходзяць з таго, што ёсьць 80% актыўных змагароў, і трэба толькі націснуць, і яны выйдуць на вуліцу.
  • Санкцыі маюць сэнс адносна «палацавых» фірмаў.
  • Але калі размова ідзе цэлыя галіны, то там наступствы будуць неадназначнымі.
  • Улады ўпэўненыя, што Захад наслухаўся Латушку, я мяркую, што ў Захаду ёсьць сваё меркаваньне.
  • Але сытуацыю ў Беларусі могуць мяняць толькі тыя людзі, якія ў краіне — ня Захад і не эмігранты. І трэба працаваць зь людзьмі.
  • А цяпер яны трапілі паміж двума баксэрамі: улада табе хук справа — рэпрэсіі, а Захад — хук зьлева, санкцыі на твой завод.
  • Мяне зьдзівіла, што да 22 чэрвеня не прымеркавалі прыраўноўваньне бчб-сьцягу да нацысцкай сымболікі.
  • Але ўчора быў маштабны выступ Лукашэнкі — відаць, вырашылі не перабіваць уражаньне ад яго.
  • Улада будзе дзейнічаць паводле формулы Макея: вы па нас санкцыямі, а мы яшчэ больш зацісьнем грамадзянскую супольнасьць.
  • У цяперашніх умовах калі людзі і выйдуць на вуліцу, яны выйдуць толькі адзін раз.
  • Красавіцкае апытаньне Chatham House паказвае, што цяпер сытуацыя не такая, якой была летась у жніўні.
  • Шмат людзей разгубленыя.
  • У Пуціна, дарэчы, тых, хто яму сымпатызуе — 56%.
  • Падтрымка самога Лукашэнкі — 25%. Але пазыцыі ўлады ўмацоўваюцца з прычыны адсутнасьці пазытыўнай, а не пратэстнай праграмы апазыцыі.
  • Пакрысе зьніжаецца падтрымка пратэсту.
  • Без пазытыўнага парадку дня маса, якая вагаецца, зьмірацца з уладай.
  • Я б даў заходнім лідэрам адну параду — дапамагчы апазыцыі распрацаваць нармальную эканамічную праграму.
  • Я мяне была дыскусія са штабам Ціханоўскай. Яны гавораць пра праграму велізарнай праграмы падтрымкі з боку Захаду, калі ня будзе Лукашэнкі.
  • Але трэба, каб было што падтрымліваць.
  • Ідзе спаборніцтва паміж Лукашэнкам і лідэрамі апазыцыі, якія ў замежжы, наконт вызначэньня, хто вінаваты ў цяжары санкцыяў.
  • Хто ў гэтым спаборніцтве выйграе — вялікае пытаньне.

Што было раней

  • На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
  • Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, будзе сёньня апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набудзе моц.
  • 17 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што трыгерам для ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску. «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічных санкцый. Гэтая падзея справакавала адказ», — заявіў ён.
  • 21 чэрвеня Бурэль заявіў, што эканамічныя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЭЗ 24–25 чэрвеня і зацьверджаныя пасьля яго.
  • Выступаючы ўвечары 22 чэрвеня на цырымоніі ўскладаньня вянкоў у мэмарыяльным комплексе «Берасьцейская крэпасьць», Аляксандар Лукашэнка сярод іншага закрануў тэмы міграцыі празь Беларусь у краіны Эўразьвязу і санкцыяў, уведзеных заходнімі краінамі супраць асобаў і прадпрыемстваў Беларусі.
  • «Яны ( ЭЗ – РС) патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў... Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас разьвязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?» — сказаў Лукашэнка.
  • Ды ачуйцеся вы нарэшце, ачумелыя і аблудныя!.. Санкцыі, правакацыі... Так і хочацца спытаць: вы што, гэта спэцыяльна робіце? Хочаце выпрабаваць межы на трываласьць, а новае пакаленьне беларусаў на патрыятычнасьць? Давайце паспрабуем», — заявіў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG