Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты расказалі ў судзе, як сьледчыя ціснулі на фігурантаў «справы Белгазпрамбанку»


Віктар Бабарыка падчас збору подпісаў, тры дні да арышту

Сярод іншага абарона падсудных заявіла пра пагрозы здароўю і жыцьцю, затрыманьні дзяцей і допыты фігурантаў справы пад ціскам.

22 чэрвеня пракурор запрасіў для Віктара Бабарыкі, якога абвінавачваюць у хабары і «адмываньні» грошай, 15 гадоў пазбаўленьня волі. Абарона экс-банкіра настойвала, што яго перасьлед зьвязаны выключна з палітычнай пазыцыяй і ягоным жаданьнем балятавацца ў прэзыдэнты.

На паседжаньнях высьветлілася, што фігуранты «справы Белгазпрамбанку» давалі паказаньні пад ціскам. Tut.by прыводзіць падрабязнасьці таго, як сьледчыя працавалі з абвінавачанымі. Новыя дэталі прагучалі падчас судовых спрэчак.

Адвакаты: сьледзтва праведзена з парушэньнямі

Бок абароны настойвае: сьледзтва праведзена неаб’ектыўна, з парушэньнем правоў абвінавачаных.

«Гэта справа аб тым, як пасьпяховы кіраўнік пасьпяховага банку пайшоў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, і ўжо празь месяц пасьля пачатку сваёй кампаніі быў заключаны пад варту і падвергнуты крымінальнаму перасьледу. Кажучы прававой мовай, гэта справа аб паражэньні ў правах, аб парушэньні грамадзянскіх і палітычных, а таксама працэсуальных правоў у адносінах да Віктара Бабарыкі», — заявіла адвакатка Натальля Мацкевіч.

Падчас судовага паседжаньня адвакаты казалі аб парушэньні права на свабоду, прэзумпцыі невінаватасьці, права на доступ да суду, права на абарону, права на адмову даваць паказаньні пад прымусам, правы на публічны судовы разбор, права абскардзіць прысуд, права на роўнасьць перад законам, і як вынік — права ўдзельнічаць у выбарах на дзяржаўную пасаду.

Дапытвалі і без абаронцаў

Падчас судовага разбору агучылі мэтады сьледзтва, пра якія раней грамадзкасьць ня ведала. Так, высьветлілася, што на вочнай стаўцы паміж Віктарам Бабарыкам і чальцом праўленьня банку Кірылам Бадзеем 8 ліпеня сьледчы КДБ Шпакаў П.В. сказаў, што «ўсе мы (удзельнікі сьледчага дзеяньня) зьяўляемся выбарцамі і як выбарцы хацелі б пачуць паказаньні Бабарыкі», тым самым зьвязваючы пазыцыю абвінавачанага зь яго палітычнымі амбіцыямі.

Пры допыце Бабарыкі 24 ліпеня сьледчы адмовіўся ўнесьці ў пратакол заяву абвінавачанага пра тое, што ён лічыць крымінальны перасьлед адным з наступстваў удзелу ў выбарчай кампаніі. Таксама сьледчы не дазволіў самому Бабарыку ў поўным абʼёме ўнесьці заўвагі ў пратакол. Былі факты, калі сьледчы ў парушэньне закону праводзіў гутаркі з экс-банкірам без удзелу абаронцаў, дазваляў сабе крытыкаваць абаронцаў, казаў, што яны толькі шкодзяць фігуранту.

12 жніўня ён заявіў, што Бабарыка «задумаў гульню ў прэзыдэнцтва» і што «гэта вылілася ў дэманстрацыі, дзе загінулі людзі», што цяпер «зусім іншыя ігрышчы», ацэньваў гэта як «дзяржаўны пераварот, які пацягнуў за сабой чалавечыя ахвяры», за якія Бабарыка можа панесьці адказнасьць.

Як сьледчыя працавалі з абвінавачанымі

Адзін з асноўных аргумэнтаў боку абвінавачваньня — усе фігуранты справы, за выключэньнем Бабарыкі, прызналі віну, у тым ліку тыя, хто перайшоў у статус сьведак.

Па словах абароны, сам факт прызнаньня віны нічога ня значыць пры адсутнасьці ў іх дзеяньнях складу злачынства. Адвакаты таксама ставяць пад сумнеў пасьлядоўнасьць паказаньняў абвінавачаных.

Адвакаты сьцьвярджалі, што калі Дзьмітры Кузьміч (намесьнік старшыні праўленьня) адны і тыя ж абставіны на пачатку сьледзтва апісвае як эканамічныя адносіны ў бізнэсе, а пасьля часу, праведзенага ў СІЗА КДБ, і «кансультацый са сьледчымі» называе іх хабарам, то нельга пагадзіцца, што гэта пасьлядоўнасьць.

«Мы пачулі абрыўкі гісторый пра чалавечыя трагедыі ў той час, калі фармаваліся паказаньні, якія прадставілі потым на судзе. Рэальная пагроза жыцьцю з прычыны спыненьня лячэньня Аляксея Задойкі (першы намесьнік старшыні праўленьня) у выніку яго заключэньня пад варту. Шпіталізацыя ў працэсе затрыманьня Сяргея Шабана (намесьнік старшыні), якога ў гэты ж дзень вярнулі ў ДФР, а затым зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Прагледзелі відэа ганебнага допыту Аляксандра Ільясюка (намесьніка старшыні). Даведаліся, што на першапачатковым этапе пад варту заключылі ня толькі самога Дабралёта, а і ягоную дачку, ня кажучы пра тое, што былі разбураны сямейныя сувязі, бізнэсы, карʼеры»,— казалі ў судзе абаронцы.

Паводле абароны, з дакумэнтаў і паказаньняў сьведак на волі вынікае, што Бабарыка і яго намесьнікі пасьпяхова на працягу многіх гадоў кіравалі банкам. Усе яны былі прафэсійныя і кампэтэнтныя, прызначаныя на пасады ў адпаведнасьці з належнымі працэдурамі, якія ўключалі і атэстацыю ў Нацбанку. Рашэньні аб заключэньні дамоваў з кліентамі, пра якія ідзе гаворка ў абвінавачаньні, прымаліся выключна ў інтарэсах банку, а рашэньні аб заключэньні крэдытных дамоваў — калегіяльна, на аснове заключэньняў адпаведных службаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG