Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад кампаніі Nestlé патрабуюць адмовіцца ад рэклямы на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі


Дарожны ўказальнік да вытворчасьці кампаніі Nestlé.

Падпісанты ліста заяўляюць пра тое, што швайцарская кампанія мае дачыненьне да «цяжкіх злачынстваў рэжыму Лукашэнкі».

Больш за 50 няўрадавых і праваабарончых арганізацый з 18 краін сьвету зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Рады дырэктараў кампаніі Nestlé Пола Булке і генэральнага дырэктара Марка Шнайдэра з заклікам спыніць разьмяшчэньне рэклямы ва ўсіх дзяржаўных СМІ Беларусі.

Адкрыты ліст ініцыяваны нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco, да закліку зь беларускага боку далучыліся Праваабарончы цэнтар «Вясна» і «Прававая ініцыятыва».

Агулам каля 60% рэклямных ролікаў на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі разьмяшчаюцца заходнімі карпарацыямі з ЭЗ, ЗША і Швайцарыі, уключаючы такія брэнды, як Mars, Maggi, Schwarzkopf і L’Oréal. Але, як гаворыцца ў лісьце, «ніводная заходняя кампанія не фінансуе дзяржаўную тэлепрапаганду рэжыму Лукашэнкі ў такой ступені, як Nestlé». Падлічана, што прыкладна кожны трэці рэклямны ролік там разьмяшчаецца гэтай швайцарскай кампаніяй.

«Мы шакаваныя тым, што дзяржаўная тэлевізія рэгулярна трансьлюе прымусовыя прызнаньні віны праціўнікамі рэжыму і палітвязьнямі. Зусім нядаўна затрыманы блогер Раман Пратасевіч быў вымушаны даць тэлеінтэрвію, на яго целе былі дакладна бачныя сьляды фізычнага ўзьдзеяньня. Недапушчальна, што Nestlé плаціць за рэкляму сваіх кавы, шакалядных батончыкаў і кацінага харчаваньня ў час жахлівага паказу запалоханых і паднявольных праціўнікаў рэжыму».

Падпісанты ліста лічаць, што Nestlé, як і ўсе іншыя заходнія кампаніі, павінна неадкладна перастаць даваць рэкляму ў беларускіх дзяржаўных СМІ. Кампанія, паводле прэзыдэнта Libereco Ларса Бюнгера, «больш не павінна быць саўдзельніцай цяжкіх злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў галіне правоў чалавека».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG