Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі санкцыі дапамагалі супраць тыраніі, а калі рабілі горш. Тлумачым на прыкладах


Муамар Кадафі і Аляксандар Лукашэнка, 2008 год

У сусьветнай гісторыі было няшмат выпадкаў, калі санкцыі пазытыўна мянялі сытуацыю ў краіне, супраць якой уводзіліся. Выключэньне здаралася там, дзе санкцыі спалучаліся зь іншымі фактарамі.

У навуковых колах існуе меркаваньне, што большасьць санкцыяў неэфэктыўныя. Да такой высновы прыйшлі, параўнаўшы вынікі санкцыяў зь іх публічна заяўленай мэтай.

Калі санкцыі пасьпяховыя? Што пра гэта гавораць навукоўцы

Асноўная прычыны папулярнасьці санкцыяў, як казаў брытанскі дыплямат Джэрэмі Грынстак, у тым, што «калі вы хочаце аказаць ціск на ўрад, то няма нічога іншага паміж словамі і ваеннымі дзеяньнямі». Але сапраўды эфэктыўнымі ў сусьветнай гісторыі аказалася абсалютная меншасьць зь іх.

Чаму? Бо палітыкі агучваюць звычайна завышаныя чаканьні ад санкцыяў — выкананьне пэўных патрабаваньняў або лепшую пазыцыю ў перамовах. Больш эфэктыўныя санкцыі, як кажуць навукоўцы, у дасягненьні другасных мэтаў, напрыклад як стрымальны фактар. Каб дзяржава, супраць якой яны ўводзяцца, разумела, што яе могуць чакаць яшчэ больш жорсткія меры, і адпаведна карэктавала сваю палітыку.

Важны фактар эфэктыўнасьці — міжнароднае супрацоўніцтва. У 1960-я гады пад ціскам NATO было ўведзена эмбарга на экспарт у Савецкі Саюз абсталяваньня для будаўніцтва газаправоду ў Эўропу. Але супярэчнасьці паміж краінамі Захаду прывялі да таго, што эмбарга не ўдалося ажыцьцявіць у поўным аб’ёме. Такая ж сытуацыя паўтарылася і ў 1980-я гады.

Прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту Адам Робэртсан шмат гадоў дасьледуе эфэктыўнасьць санкцыяў. Ён прыйшоў да высновы, што яны найбольш эфэктыўныя тады, калі ў краіне, супраць якой яны ўводзяцца, існуе ўнутраная палітычная сіла, арыентаваная на камэрцыйныя інтарэсы і зацікаўленая захаваць дзелавыя сувязі зь дзяржавай, якая гэтыя санкцыі ўводзіць. Там, дзе існуе такая палітычная сіла (ці то ва ўладзе, ці то ў апазыцыі), якая ў стане паўплываць на ўрад, пагроза санкцый прымушае ўладу ісьці на кампраміс.

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка

З канца 1940-х гадоў у ПАР дзейнічала палітыка расавай сэгрэгацыі — апартэід. Санкцыі супраць краіны ўвялі яшчэ ў 1960-я гады, але ў 1980-я краіны Захаду абвясьцілі пачатак шырокамаштабных эканамічных санкцыяў. Яны дэманстравалі белым, што лічаць расавую сэгрэгацыю амаральнай. Цягам некалькіх гадоў ПАР пакінулі ўсе вядучыя амэрыканскія кампаніі. Да жорсткіх гандлёвых абмежаваньняў далучыліся многія эўрапейскія краіны. Шмат аналітыкаў сьцьвярджаюць, што менавіта гэтыя санкцыі паспрыялі падзеньню рэжыму апартэіду.

Каля 80% свайго гандлю ПАР вяла з шасьцю краінамі Захаду. Практычна ўвесь свой замежны капітал яна атрымлівала адтуль. Лабістамі на карысьць рэформаў выступілі там белыя бізнэсоўцы, які ў выніку санкцыяў шмат што страчвалі. Вынікам рэформаў сталі перамены ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Радэзія

Гэтая непрызнаная дзяржава існавала на тэрыторыі сучаснага Зымбабвэ ў 1965-1979 гадах. З 1966 году ўрад там узначальвала белая меншасьць. Каб прымусіць устанавіць у краіне сыстэму кіраваньня большасьці, ААН увяла санкцыі супраць ураду Радэзіі. Гэта быў першы выпадак, калі ААН увяла ўсёабдымныя санкцыі супраць асобнай дзяржавы.

Радэзійцы б'юць помнік заснавальніка Радэзіі Сэсіла Родса, 1980 год.
Радэзійцы б'юць помнік заснавальніка Радэзіі Сэсіла Родса, 1980 год.

Намаганьні прызнаць дзяржаву не прыносілі плёну. Радэзія апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. У 1970-х пачаліся перамовы з чарнаскурымі паўстанцамі. У 1979 годзе да ўлады ў краіне прыйшоў Афрыканскі нацыянальны саюз на чале з Робэртам Мугабэ. У канцы таго ж году санкцыі адмянілі. А налета адбыліся выбары, у выніку якіх улада ў краіне перайшла да чорнай большасьці. Дзяржаву прызналі на міжнародным узроўні. Яна пачала называцца Зымбабвэ.

Нэпал

У 1989 годзе Індыя ўвяла аднабаковыя гандлёвыя санкцыі супраць Нэпалу, які яна лічыла буфэрам ад Кітаю. Прычынай санкцыяў стала акурат празьмерная схільнасьць Нэпалу да Пэкіну. Індыю напружыла нежаданьне Нэпалу прадоўжыць зь ёю гандлёвыя і транзытныя дамовы, а таксама купля зброі ў Кітаі.

Наступствы былі вельмі хуткімі. Праз год пасьля пачатку эканамічнай блякады ў Нэпале адбылася палітычная рэформа. Прэм’ер-міністарам стаў прыхільнік паляпшэньня стасункаў з Індыяй. Нэпал таксама прыпыніў куплю зброі ў Кітаі.

Нэпал
Нэпал

СССР

Пасьля масавых пратэстаў у Польшчы ў пачатку 1980-х мясцовыя камуністы афіцыйна дазволілі зарэгістраваць прафсаюз «Салідарнасьць». У шэрагі незалежнай ад улады арганізацыі ўступілі мільёны людзей. Упершыню пасьля вайны ў Польшчы ўзьнікла пагроза падзеньня камунізму.

У пачатку 1981 году краіны Захаду заявілі, што ўвядуць санкцыі супраць СССР, калі той уварвецца ў Польшчу, каб задушыць прафсаюз «Салідарнасьць». Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гэта пагроза падзейнічала як стрымальны фактар і што Масква прымусіла Варшаву ўвесьці ваеннае становішча, адмовіўшыся ад інвазіі.

Яшчэ ў 1980 годзе санкцыі супраць СССР уводзіла адміністрацыя Джымі Картэра: збожжавае эмбарга, спыненьне выдачы ліцэнзій на продаж высокіх тэхналёгій СССР, абмежаваньне экспарту амэрыканскіх тавараў. Замарожваліся ўсе сумесныя культурныя і эканамічныя мерапрыемствы, а савецкім суднам было забаронена лавіць рыбу ў водах ЗША. Афіцыйна гэта рабілася дзеля вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.

Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган, 1987 год
Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган, 1987 год

Уласна жорсткія санкцыі за ваеннае становішча ў Польшчы пачала ўводзіць адміністрацыя Рональда Рэйгана. Спачатку амэрыканскім кампаніям забаранілі пастаўляць у СССР электроннае і нафтагазавае абсталяваньне. Пазьней санкцыі пашырыліся нават на эўрапейскія фірмы, якія прадавалі такое абсталяваньне Савецкаму Саюзу. Праз год эмбарга зьнялі (з прычыны супярэчнасьцяў з краінамі Эўропы), газаправод СССР дабудаваў, значна скараціўшы маштабы.

Ажно 5 гадоў працягвалася барацьба адміністрацыі Рэйгана з «Аэрафлотам». Спачатку савецкім грамадзянскім рэйсам забаранілі лятаць у Амэрыку, потым забаранілі продаж у ЗША квіткоў на рэйсы «Аэрафлоту», а кантакты амэрыканскіх авіялініяў з савецкай былі забароненыя.

Многія экспэрты перакананыя, што санкцыі паспрыялі рашэньню Гарбачова пайсьці на пераўтварэньні ўнутры СССР.

Лібія

Пешага сьнежня 1988 году ў небе над шатляндзкай вёскай Локэрбі выбухнуў пасажырскі самалёт «Боінг-747» авіякампаніі «Пан-Ам», які ляцеў зь Лёндану ў Нью-Ёрк. Ахвярамі тэракту сталі 270 чалавек. Расьсьледаваньне прыйшло да высновы, што яго арганізавалі лібійскія грамадзяне, адзін зь якіх быў супрацоўнікам лібійскіх спэцслужбаў.

Тагачасны лідэр краіны Муамар Кадафі адмовіўся выдаць арганізатараў замаху. Пасьля гэтага Рада Бясьпекі ААН увяла супраць краіны жорсткія санкцыі. У 1999 годзе Кадафі выдаў баявікоў. Увесь гэты час ён дамагаўся адмены санкцыяў.

У 2004 годзе Лібія ўзяла на сябе адказнасьць за гэты тэракт і пагадзілася выплаціць кампэнсацыі. На іх Кадафі прызначыў 2,7 мільярда даляраў. Адразу пасьля гэтага ЭЗ адмяніў санкцыі супраць Трыпалі і зьняў эмбарга на пастаўку зброі ў краіну.

Локэрбі, 1988
Локэрбі, 1988

Іран

У 2004 годзе ў Іране выявілі цэнтрыфугі для ўзбагачэньня ўрану, якія не знаходзіліся пад кантролем МАГАТЭ. Краіны Захаду абвінавацілі Іран у імкненьні атрымаць ядзерную зброю.

У 2006-2010 гадах санкцыі супраць Ірану ўвяла ААН. Яны прадугледжвалі забарону на імпарт у Іран ядзерных тэхналёгій і матэрыялаў і на пазыкі, а таксама на экспарт і імпарт шэрагу ўзбраеньняў і замарожваньне рахункаў некаторых фізычных асобаў і кампаній. У 2007 годзе падобныя санкцыі ўвёў і Эўразьвяз. Увесь час гэтыя санкцыі пашыраліся.

Сустрэча ў Вене наконт іранскай ядзернай зьдзелкі, 2015 год
Сустрэча ў Вене наконт іранскай ядзернай зьдзелкі, 2015 год

Экспэрты лічаць, што менавіта санкцыі прымусілі Іран сесьці за стол перамоваў у 2015 годзе. У 2016 годзе Іран пацьвердзіў выкананьне абавязаньняў і пагадзіўся перадаць сваю ядзерную дзейнасьць пад кантроль МАГАТЭ на 25 гадоў.

Эўразьвяз адмяніў частку санкцый. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Барак Абама таксама падпісаў указ аб іх зьмякчэньні. Наступны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп праводзіў палітыку для аднаўленьня санкцыяў.

Калі санкцыі беспасьпяховыя

У міжнароднай практыцы санкцыі часта ня толькі не прыносяць плёну, але і ўмацоўваюць уладу, супраць якой уводзяцца. Улады некаторых краінах выкарыстоўваюць сурʼёзны эканамічны ціск для абʼяднаньня насельніцтва «перад абліччам вонкавага ворага».

  • Так было на Кубе ў пачатку і сярэдзіне 1960-х гадоў, калі Фідэль Кастра выкарыстаў суровыя наступствы ўсёабдымнага эмбарга ЗША, каб заручыцца дадатковай падтрымкай насельніцтва.
  • Фінансавыя санкцыі супраць ураду Нар’егі ў Панаме ў 1988 годзе прынесьлі падобны эфэкт, умацаваўшы ўладу. Супраць пашырэньня санкцыяў выступіў нават былы прэзыдэнт гэтай краіны, які знаходзіўся ў эміграцыі ў ЗША. Дэльвальле лічыў, што ў выніку санкцыяў у краіне цалкам зьнішчаць апазыцыю. Нар’ега ж проста скараціў інвэстыцыі ў інфраструктуру і за гэтыя сродкі захаваў ляяльнасьць сілавікоў і перадухіліў пераход чыноўнікаў да апазыцыі.
  • Супраць сандынісцкага ўраду ў Нікарагуа амэрыканцы ўвялі санкцыі ў 1985 годзе. ЗША хацелі дамагчыся скарачэньня вайсковых выдаткаў, правесьці дэмакратычныя рэформы і спыніць падтрымку левых паўстаньняў у Цэнтральнай Амэрыцы. Але камуністычныя краіны, у першую чаргу СССР, замянілі ЗША і пачалі пастаўляць у Нікарагуа ўгнаеньні, машыны, аўтамабілі і іншыя тавары.
  • Самалі знаходзіцца пад шырокімі міжнароднымі санкцыямі ад 1992 году, у тым ліку за тэрарызм, парушэньні правоў чалавека, кантрабанду зброяй і марское пірацтва. Цяпер там кіруюць дзьве групоўкі, якія фінансуюцца арміямі суседзяў.

Як нерашучасьць Захаду дадала імпэту Гітлеру

У 1935 годзе Ліга Нацый (папярэдніца ААН), якую ўзначальвалі Францыя і Вялікая Брытанія, увяла ўсёабдымныя імпартныя і асобныя экспартныя і фінансавыя санкцыі супраць фашысцкай Італіі за яе ўварваньне ў Этыёпію.

Але ўзьнікла спрэчка паміж Злучаным Каралеўствам, якое хацела больш жорсткіх мераў, і Францыяй, якая лабіявала больш мяккія захады, каб зрабіць з Мусаліні саюзьніка супраць Нямеччыны Адольфа Гітлера.

У выніку з эмбарга былі выключаны такія ключавыя рэчы, як нафта, вугаль і сталь. Гісторыкі мяркуюць, што Італіі такім чынам паслалі сыгнал, супрацьлеглы заплянаванаму. Па словах Альбэрта Шпэера, былога высокапастаўленага нацысцкага чыноўніка, Гітлер успрыняў спрэчку Вялікай брытаніі і Францыі як праяву магутнай нерашучасьці, каб спыніць яго далейшыя тэрытарыяльныя амбіцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG