Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе абставіны кажуць пра тое, што гэта палітычны матыў». Адвакаты Віктара Бабарыкі пра яго апошняе слова ў судзе


Віктар Бабарыка

Палітвязень, экс-старшыня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка выступіў 28 чэрвеня з апошнім словам у судзе. Ён сказаў, што не зьдзяйсьняў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі. Прысуд будзе агучаны 6 ліпеня.

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для палітыка 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Бабарыку вінавацяць у карупцыі і «адмываньні грошай».

Пасьля сёньняшняга пасяджэньня людзі віталі аплядысмэнтамі адвакатаў Віктара Бабарыкі — Дзьмітрыя Лаеўскага, Натальлю Мацкевіч і Яўгена Пыльчанку.

Якія ўражаньні ў адвакатаў ад выступу Бабарыкі і якую яны падводзяць рысу пасьля завяршэньня спрэчак?

«Мы пабачылі, што няма падстаў лічыць яго вінаватым»

Аляксандар Пыльчанка. Фота БелТА
Аляксандар Пыльчанка. Фота БелТА

Паводле Яўгена Пыльчанкі, Бабарыка адразу адмаўляў сваю віну і ня здрадзіў сваёй пазыцыі: да канца яе адмаўляе.

«Мы пабачылі, што няма падстаў лічыць яго вінаватым, — сказаў Яўген Пыльчанка. — Астатнія (абвінавачаныя па справе „Бегазпрамбанку“. — РС), відаць, казалі тое, што, на іх думку, можа ім дапамагчы, каб атрымаць мінімальныя ці найменшыя з магчымых пакараньняў. Бо менавіта з гэтай мэтай заключаюцца дасудовыя пагадненьні, і відавочна, што яны да гэтага і імкнуцца. Таму кожны адпаведна з гэтым і будаваў сваю прамову. Кожны рухаецца ў тым напрамку, які абраў».

Пра парушэньні, якія былі, адвакаты казалі падчас працэсу і падсумавалі іх у сваіх выступах у судовых спрэчках.

«Вельмі шмат пералічваць таго, што парушалася. Але адпачатку мы бачылі, як расьсьледуецца гэтая крымінальная справа, і было зразумела, як яно будзе ісьці далей, — кажа Яўген Пыльчанка. — У суду ёсьць магчымасьць вынесьці апраўдальны прысуд — пры тым, што былі парушэньні, было перадузятае стаўленьне да нашага кліента падчас сьледзтва. З матэрыялаў усё роўна бачна, што няма складу злачынства. Суд павінен вырашыць, і мы яму пастараліся данесьці ўсё для апраўданьня нашага кліента».

«Нам за сябе ня сорамна, і мы яшчэ толькі на пачатку дарогі»

Паводле адвакаткі Натальлі Мацкевіч, абарона Віктара Бабарыкі шчыра верыць, што ён не вінаваты «ні па доказах, ні па элемэнтах складу злачынства».

Натальля Мацкевіч
Натальля Мацкевіч

«А чаму гэта так атрымалася, я казала ў сваёй прамове. Таму што матыў крымінальнага перасьледу адрозьніваецца ад легітымных матываў, якія павінны быць у крымінальным праве і працэсе. Усе прыведзеныя факты пра гэта сьведчаць. Таксама мы гаворым аб парушэньні міжнародных нормаў, — кажа Натальля Мацкевіч. — Калі ва ўнутранай прававой сыстэме гэтыя парушэньні ня будуць прызнаныя і ня будзе адкрыты мэханізм для іх кампэнсацыі, мы будзем зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека з індывідуальным паведамленьнем ад імя Віктара Бабарыкі і ўказваць на гэтыя парушэньні».

Адзін зварот ужо зарэгістраваны: ён пададзены адносна заключэньня пад варту Віктара Бабарыкі, якое адвакаты лічаць адвольным.

«Мы кажам, што правы парушаюцца такім брутальным чынам, што нават у цяперашняй сытуацыі можна гаварыць пра асаблівае, няроўнае стаўленьне да Віктара Бабарыкі. А калі гэта няроўнае стаўленьне, то гэта дыскрымінацыя, а матыў дыскрымінацыі трэба шукаць, — кажа Натальля Мацкевіч. — Усе акалічнасьці, ясныя і дакладныя факты кажуць пра тое, што гэта палітычны матыў. Гэта яго палітычныя перакананьні і ўдзел у выбарах як прычына дыскрымінацыі».

Што ўразіла Натальлю Мацкевіч у апошнім слове Віктара Бабарыкі? Яна кажа, што ўвесь гэты год, як ён затрыманы, яе ўражвае тое, што Віктар Бабарыка глядзіць на ўсё ня з гледзішча сваіх амбіцый, інтарэсаў, а з гледзішча чалавечых каштоўнасьцяў.

«Гэты яго выступ гэта ярка паказаў. Я цаню людзей, якія маюць свае каштоўнасьці, унутраны стрыжань і нясуць іх людзям, думаюць і гавораць ня толькі пра сябе, а пераважна пра іншых».

Паводле Натальлі Мацкевіч, працаваць адвакатам у гэтай справе было няпроста.

«На кожным этапе, асабліва папярэдняга расьсьледаваньня, і ў судзе мы сутыкаліся з тым, што нашы абгрунтаваныя намаганьні і ўказаньні не знаходзілі такога водгуку, як гэта адпавядала б закону. Былі перашкоды і ў наведваньні, парушэньні прэзумпцыі невінаватасьці. Наш калега Аляксандар Пыльчанка быў пазбаўлены свайго статусу, а яшчэ адзін адвакат быў узяты пад варту, — кажа Натальля Мацкевіч. — Усё гэта ня можа не насьцярожваць. Але мы не баяліся, мы рабілі ўсё, што маглі, таму нам за сябе ня сорамна, і мы яшчэ толькі на пачатку дарогі».

Што з сынам Віктара Бабарыкі?

Падчас працэсу згадвалася імя сына Віктара Бабарыкі Эдуарда. Што са справай, якую завялі супраць яго? Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам, калі яны ехалі здаваць подпісы ў выбарчую камісію. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ і абвінавачваюць па артыкуле 243 (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэксу.

«З Эдуардам Бабарыкам і іншымі затрыманымі ў мінулым чэрвені сытуацыя прыкладна аднолькавая. Мы нават у гэтым пасяджэньні дасьледавалі дакумэнты, па якіх іх затрымлівалі. Апроч Кабяка, усе, хто тут (у справе „Белгазпрамбанку“. — РС) знаходзіцца з абвінавачаных, затрыманыя былі па артыкуле 243 ці 235 — гэта ўхіленьне ад выплаты падаткаў і „легалізацыя“ сродкаў, здабытых злачынным шляхам. І гэта ня тая „легалізацыя“, якая была ў нас у працэсе, бо апісваюцца абсалютна розныя дзеяньні. То бок яны затрыманыя ў рамках той справы, і яна дагэтуль ня скончаная. Справа аб хабары, якую разглядаў суд, выдзелена з агульнай справы па падатках, а тая справа знаходзіцца дагэтуль у сьледчым упраўленьні КДБ. І Эдуард па ёй праходзіць як абвінавачаны. Пакуль па той справе нічога ня вырашана, і мы ня можам нешта прагназаваць», — кажа адвакат Яўген Пыльчанка.

Па той справе аб падатках праходзіць і падабаронная Яўгена Пыльчанкі Сьвятлана Купрэева, а таксама памочнік Віктара Бабарыкі Дзьмітры Карака, які быў затрыманы таксама ў чэрвені мінулага году.

«Яны сядзяць, хаця абставіны, якія апісаны ў нашым абвінавачаньні (па справе „Белгазпрамбанку“. — РС) відавочна тычацца і падаткаў. То бок мы маем два абвінавачаньні, якія прад’яўлены па адных і тых жа дзеяньнях. І ў пэўным сэнсе наш працэс можа выключаць крымінальны перасьлед па той справе. То бок пасьля прысуду можна разьлічваць, што ў той справе будзе нейкі зрух. Таму што яны ня змогуць яшчэ перасьледаваць па артыкуле за падаткі, калі за гэта ўжо асудзілі як за хабар. Таму прагнозаў ніякіх няма, у суду яшчэ ёсьць магчымасьць вынесьці апраўдальны прысуд па гэтай справе. Але калі ён будзе абвінавачвальны, то ёсьць падставы чакаць, што нешта зьменіцца ў лёсе Эдуарда і астатніх затрыманых па справе аб падатках».

Паводле Яўгена Пыльчанкі, што цяпер адбываецца з падатковай справай, пакуль не зразумела.

«Па ёй нічога не адбываецца ўжо, напэўна, паўгода. Усё сканцэнтравана на гэтым працэсе (справе „Белгазпрамбанку“. — РС). Калі раптам яна пачынае далей расьсьледавацца і яе раптам перадаюць у суд, то Віктар Бабарыка пакуль што зь яе ня выключаны. На нашу думку, няма падставаў расьсьледаваць падаткі, калі ўжо гэта прызналі тут хабарам».

Што за справа «Белгазпрамбанку»?

Справу топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» разглядае Вярхоўны суд. Апроч Віктара Бабарыкі, яе фігуранты — сямёра чалавек, гэта былыя намесьнікі Віктара Бабарыкі і кіраўнік кампаніі «Актыўлізінг».

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай (частка 3 артыкула 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 235 КК).

Віктар Бабарыка не прызнаў віну. Астатнія фігуранты поўнасьцю прызналі віну, з шасьцю абвінавачанымі заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.

«Складана збудаванае абвінавачаньне, якога ня зможа пераказаць сваімі словамі ніводзін з абвінавачаных, у гэтай справе стварае ілюзію наяўнасьці злачынства — складанага і заблытанага. А аб’ём справы стварае бачнасьць наяўнасьці нейкай доказнай базы. Але гэта толькі бачнасьць», — сказаў у сваёй прамове ў судзе адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Віктар Бабарыка ў сваіх паказаньнях 6 красавіка 2021 году заявіў, што хабару ні ў якім выглядзе не атрымліваў. Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, абвінавачаньнем гэтыя паказаньні Бабарыкі не абвергнутыя, «таму што ні ў дзеяньнях Віктара Бабарыкі, ні ў дзеяньнях яго намесьнікаў прыкмет атрыманьня хабару не пацьверджана». Абарона просіць апраўдаць у поўным абʼёме Віктара Бабарыку і яго намесьнікаў па абвінавачваньні ў атрыманьні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры ад прадстаўнікоў кампаній «Актыўлізінг» і праекту DELAY.

Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў ААТ «Белгазпрамбанк», і за гэты час банк зь невялікага стаў адным з 5 найбуйнейшых банкаў Беларусі, атрымаў разнастайныя ўзнагароды і прызнаньне, прыбытак банку вырас шматкроць (што не аспрэчвалася нікім з дапытаных супрацоўнікаў банку). Паводле адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, Віктар Бабарыка праявіў сябе як эфэктыўны мэнэджар, пад чыім кіраўніцтвам вялікая каманда ў канкурэнтнай барацьбе з дапамогай прафэсійных ведаў дасягнула посьпеху.

«Віктар Бабарыка рэалізаваў грамадзкія праекты, беспрэцэдэнтныя для Беларусі: культурны хаб „ОК16“ у Менску, вяртаньне ў краіну карцін мастакоў „Парыскай школы“, форум тэатральнага мастацтва „ТЭАРТ“, дабрачынны фонд „Шанец“, выданьне кнігі Сьвятланы Алексіевіч, — сказаў у сваёй прамове Дзьмітры Лаеўскі. — Паказваючы, што беларусам ёсьць чым ганарыцца, Віктар Бабарыка праявіў сябе ня толькі як мэцэнат, але як патрыёт Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG