Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна прапануе перагледзець ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства», каб атрымаць пэрспэктыву сяброўства ў ЭЗ


Міністэрства замежных справаў Украіны заявіла пра гатовасьць да пасярэдніцтва між беларускім грамадзянскім сэктарам і Эўрапейскім Зьвязам, каб захаваць доступ да супрацы ў межах «Усходняга партнэрства» ў сувязі з адмовай уладаў Беларусі ад удзелу ў гэтай праграме.

«Украіна гатовая дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасьці захаваць доступ да мерапрыемстваў і праектаў „Усходняга партнэрства“, а таксама садзейнічаць далейшаму дыялёгу і кантактам беларускай грамадзянскай супольнасьці з Эўрапейскім Зьвязам», — адзначаецца ў афіцыйнай заяве МЗС Украіны.

Адначасова ў МЗС Украіны падкрэсьлілі, што «цяперашняя сытуацыя ва „Ўсходнім партнэрстве“ напярэдадні будучага саміту сьведчыць пра тэрміновую неабходнасьць пераасэнсаваць стратэгічную мэту гэтай важнай ініцыятывы ЭЗ, узмацніць яе геапалітычнае значэньне ды адкрыць эўрапейскую пэрспэктыву для тых краін-удзельніц, якія да гэтага імкнуцца».

«Гэта будзе садзейнічаць разьвіцьцю супрацы ўсіх дзяржаваў рэгіёну на аснове эўрапейскіх каштоўнасьцяў, а таксама ўзмоцніць іх устойлівасьць супраць вонкавых выклікаў», — адзначаецца ў заяве.

У МЗС Украіны мяркуюць, што адмова Беларусі ад удзелу ў праграме ЭЗ «Усходняе партнэрства» сьведчыць пра непавагу да каштоўнасьцяў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека, на якіх заснаваная гэтая ініцыятыва.

Праграма «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ахапляе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

У 2019 годзе Ўкраіна прапанавала мадэрнізаваць праграму, падзяліўшы яе ўдзельнікаў на дзьве групы: краіны, якія ўжо маюць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, і тыя, якія яшчэ застаюцца ў працэсе падрыхтоўкі дакумэнтаў.

25 чэрвеня ў Брусэлі была прэзэнтаваная першая група «асацыяванага трыё» — Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Беларусь, як і іншыя суседзі Эўрапейскага Зьвязу, карысталася інструмэнтам Эўрапейскай палітыкі суседзтва, бюджэт якога ў 2014–2020 гадах склаў 18,2 мільярда эўра.

У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».

У 2014–2020 гадах дапамога для Беларусі ў рамках Эўрапейскага інструмэнту суседзтва склала 170 мільёнаў эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG