Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўленьне дарог, мастоў, школаў і воднай інфрастуктуры. Што дало Беларусі «Ўсходняе партнэрства»


Іўеўская школа-інтэрнэт. На яе рэканструкцыю Эўразьвяз выдаткаваў Беларусі 768 тысяч эўра.

Аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў тлумачыць, што страціць Беларусь ад прыпыненьня сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Што такое «Ўсходняе партнэрства»

  • Гэта праграма Эўразьвязу, запачаткаваная ў 2009 годзе Польшчай і Швэцыяй. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

«Усходняе партнэрства» актывізавала стасункі Беларусі і Эўразьвязу
«Дзякуючы „Ўсходняму партнэрству“ адбываўся павольны, але вельмі важны працэс разьвіцьця прававых адносінаў Беларусі і Эўразьвязу. Пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці і канстытуцыйнага крызісу 1996 году мы так і не падпісалі двухбаковага пагадненьня з ЭЗ. І „Ўсходняе партнэрства“ дазваляла разьвіваць легальную базу стасункаў з ЭЗ, даючы Беларусі магчымасьць далучыцца да шматбаковых праектаў.

У 2020 годзе мы падпісалі доўгачаканую дамову пра спрашчэньне візавага рэжыму. Яе вынікам стала зьніжэньне цаны на візу для беларусаў. Гэта быў важны крок, каб рухацца ў бок новага двухбаковага пагадненьня. Яно магло б быць падобным да дакумэнту, які падпісала Армэнія — пра паглыбленае супрацоўніцтва. Беларусі гэтага не хапае, гэта ўскладняе частку адносінаў. Гэты пры тым, што Эўразьвяз — гэта наш другі гандлёвы партнэр. І шчыльныя сувязі ў нас ня толькі ў эканоміцы. Такое двухбаковае пагадненьне моцна б нас прасунула ў супрацы з нашым суседам», — расказвае Андрэй Ягораў.

«Усходняе партнэрства» — гэта дзясяткі мільёнаў эўра грантаў для Беларусі

«Гэта комплексная праграма, у рамках якой Беларусь атрымлівала вельмі шмат беспасярэдняй дапамогі ад установаў Эўразьвязу. У апошнія гады яна вымяралася прыблізна 30 мільёнамі на год. Гэта не крэдыты, а грантавая дапамога. Ніякіх палітычных умоваў Беларусі, каб атрымаць гэтыя сродкі, Эўразьвяз не выстаўляў.

«Усходняе партнэрства» было накіраванае на дапамогу Беларусі ў самых розных галінах: эканоміка, адміністрацыя, экалёгія, сувязі паміж людзьмі, навука, культура, адукацыя.

Гэта быў шэраг інфраструктурных праектаў, напрыклад:

  • павышэньне якасьці асьвятленьня;
  • рэканструкцыя школаў з мэтаю павышэньня энэргазьберажэньня;
  • аднаўленьне воднай інфраструктуры ў некалькіх абласьцях».

З паведамленьня дзяржаўнага агенцтва Белта, 2013 год:

Іўеўская школа-інтэрнат стала пляцоўкай рэалізацыі пілётнага праекта прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвяза ў Рэспубліцы Беларусь па энэргаэфэктыўнасці. Маштабны праект фінансуецца часткова зь дзяржбюджэту і сродкаў ЭЗ. Ён прадугледжвае поўную мадэрнізацыю навучальнай установы плошчай 2,8 тыс.кв.м з выкарыстаньнем сучасных энэргаэфэктыўных тэхналёгій. У будынку забясьпечваецца цеплаізаляцыя, вядзецца замена вокнаў, дзьвярэй, труб, сыстэм вэнтыляцыі і асьвятленьня на энэргазьберагальнае. Таксама ўстаноўленыя сонечныя батарэі для падагрэву вады, будуць ужытыя іншыя энэргаэфэктыўныя альтэрнатывы. У рамках штогадовай праграмы дзеяньняў, накіраванай на рэалізацыю комплекснай энэргетычнай палітыкі ў Беларусі, Эўразьвяз выдзеліў на праект у Іўі 768 тысяч эўра. Іўеўская школа-інтэрнат разьлічаная на 800 навучэнцаў. Пасьля мадэрнізацыі будынка ў яго плянуецца перамясьціць ясьлі-сад і цэнтар пазашкольнай адукацыі.

Адкрыцьцё Іўеўскай школы-інтэрнэту пасьля рэканструкцыі. У цэтры - кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора і кіраўнік гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра.
Адкрыцьцё Іўеўскай школы-інтэрнэту пасьля рэканструкцыі. У цэтры - кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора і кіраўнік гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра.

«Усходняе партнэрства» — гэта аднаўленьне дарог і мастоў у Беларусі

«Трэба ўлічваць ня толькі тыя грошы, якія ішлі ў Беларусь як тэхнічная дапамога, але і інвэстыцыйныя праекты, якія рэалізоўваліся ў сувязі з «Усходнім партнэрствам».

Напрыклад, былі праграмы з уключэньнем дарог Беларусі ў сыстэму ключавых транспартных артэрыяў Эўразьвязу, так званыя TEN-T. Тут Беларусь атрымлівала інвэстыцыйныя праекты, якія дапамагаў рэалізоўваць Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця або іншыя фінансавыя інстытуты. За гэтыя грошы, напрыклад, аднаўлялася дарога М7 (Праект на суму 110 млн эўра ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку быў прыпынены ўвесну 2021 у сувязі з палітычным крызысам у Беларусі- РС). ЭБРР выдзяляў грошы на рэканструкцыю 12 мастоў. У інфраструктуру дарог зьбіраліся інвэставаць больш за 250 мільёнаў даляраў. Калі мы возьмем сродкі, якія выдзяляліся Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам і ЭБРР, то там сума даходзіла б да 500 мільёнаў на год».

З паведамленьня Белта, 2020 год:

«Эўразьвяз выдзеліў 4,6 млн эўра на будаўніцтва дарогі ў Камянецкім раёне. Са сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду выдзелены сродкі ў памеры 10% кошту праекта».

Карысьць ад «Усходняга партнэрства» атрымлівалі пераважна мясцовыя ўлады

«У асноўным грошы ЭЗ асвойваліся дзяржаўнымі органамі, пераважна мясцовай уладай. Пасьля 2015 году вельмі шмат праектаў было скіравана на рэгіянальнае разьвіцьцё.

Ёсьць праграма Spring, накіраваная на разьвіцьцё эканамічнай ініцыятывы ў Беларусі. У гэтай праграме Беларусь атрымлівала па 14 мільёнаў эўра. Яны ішлі часткова на мікракрэдыты, дзякуючы ім павышалася якасьць пэрсаналу прадпрыемстваў, ствараліся цэнтры разьвіцьця прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. У гэтай праграме таксама актыўна ўдзельнічалі мясцовыя ўлады».

На праект "Гарсьвятло" у Полацку ЭЗ выдаткаваў 1,3 мільёна эўра. Яшчэ 800 тысяч рублёў пайшло на яго зь мясцовага бюджэту.
На праект "Гарсьвятло" у Полацку ЭЗ выдаткаваў 1,3 мільёна эўра. Яшчэ 800 тысяч рублёў пайшло на яго зь мясцовага бюджэту.

З паведамленьня газэты «Беларусь сегодня», 2020 год: Аблічча вячэрняга горада зьмянілася да непазнавальнасьці

«Што зроблена ў рамках праекта «Гарсьвятло»? Абноўленае асьвятленьне атрымалі звыш 30 цэнтральных вуліц горада. Устаноўлены больш за 1,9 тысячы сьвятлодыёдных сьвяцільнікаў, дзясяткі новых шафаў кіраваньня. Замененыя 310 апор. Агулам пракладзена 50 кілямэтраў ізаляваных правадоў, якім зараз не страшныя прыродныя катаклізмы. Замантаваная дэкаратыўная падсьветка шматлікіх помнікаў, аб’ектаў культуры, фасадаў будынкаў, інжынэрных збудаваньняў. Гэта вельмі вялікі абʼём працы, але ў выніку аблічча вячэрняга горада зьмянілася да непазнавальнасьці. Усё асьвятленьне Полацка атрымала мабільнае аўтаматызаванае кіраваньне. Асноўнае абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца пры мадэрнізацыі, айчыннай вытворчасьці.

Жыхары Полацка ўжо пасьпелі ацаніць камфорт вялікага і таннага сьвятла. Вельмі задаволеныя аўтамабілісты: начныя вуліцы сталі камфортнымі для праезду, на іх няма перападаў у асьвятленьні і сьветлавых «ямаў».

За 6 год беларускія навукоўцы атрымалі ад Эўразьвязу амаль 7 мільёнаў эўра. Сярод атрымальнікаў дапамогі — Акадэмія кіраваньня пра прэзыдэнце

«Ёсьць праграма падтрымкі навуковых дасьледаваньняў „Horizon“. Пры тым, што мы ня маем рамачнага пагадненьня з ЭЗ наконт гэтай праграмы, мы можам атрымліваць дапамогу. Беларускія навукоўцы актыўна ў ёй удзельнічалі. Дзесьці каля 50 праектаў было рэалізавана у рамках гэтай праграмы».

Што пра гэта пісалі дзяржаўныя ўстановы Беларусі:

Па стане на сакавік 2021 году, конкурсы праектаў у Праграме завершаныя. За ўвесь пэрыяд да фінансаваньня прынята 57 праектаў з удзелам Беларусі, 24 зь якіх завершаны, 30 - знаходзяцца ў стадыі выкананьня, рэалізацыя трох пачнецца да верасьня 2021 г. сайту Нацыянальнага навукова-тэхнічнага парталу).

За 6 гадоў удзелу ў „Horizon“ аб'ём фінансаваньня беларускага боку наблізіўся да 7 млн. эўра. У складзе выканаўцаў праектаў, рашэньне аб падтрымцы якіх прынята у 2019 г., - Інстытут матэматыкі НАН Беларусі і Акадэмія кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.сайту Нацыянальнага інфармацыйнага офісу праграм ЭЗ па навуцы і інавацыях).

Сьпіс усіх навуковых праектаў Беларусі, якія падтрымаў Эўразьвяз.

Уладзімер Макей на саміце "Усходняга партнэрства" ў Брусэлі, 2017 год.
Уладзімер Макей на саміце "Усходняга партнэрства" ў Брусэлі, 2017 год.

Беларусь магла б атрымліваць значна больш, але не хацела

«Існуюць рамкі, якія вызначаюць глыбіню супрацоўніцтва. Яны зьвязаныя з правамі чалавека, дэмакратызацыяй і жаданьнем краіны мець больш шчыльныя адносіны з ЭЗ. Гэтыя ўмовы перадвызначылі, што Беларусь, нават пры лепшай дынаміцы адносін у апошнія гады, атрымлівала менш, чым усе астатнія краіны „Ўсходняга партнэрства“, за выключэньнем Азэрбайджану.

Пасьля 2015 году Эўразьвяз праводзіў палітыку ўцягваньня Беларусі ў супрацу, нягледзячы на тыя праблемы, якія існавалі ў галіне правоў чалавека. ЭЗ спадзяваўся, што гэта паступова будзе зьмяняцца».

Навошта Эўразьвяз усё гэта рабіў для Беларусі

«Каб павысіць устойлівасьць гэтых краінаў і іх эканамічны дабрабыт. Чым больш разьвітыя і стабільныя краіны на мяжы Эўразьвязу, тым лепш для ЭЗ. Бо такія краіны не ствараюць праблемаў, не ствараюць эміграцыйнага ціску. Гэта стварае больш надзейныя ўмовы супрацоўніцтва».

Што можа быць далей з усімі праектамі

«Паколькі ЭЗ ня лічыць рэжым Лукашэнкі легітымным, то Эўразьвяз можа перанакіраваць гэтыя сродкі для прыватнага сэктару і грамадзянскай супольнасьці. Тады праекты маглі б рэалізоўвацца не празь дзяржаву, а праз розныя міжнародныя інстытуцыі».

А што зь іншымі краінамі «Ўсходняга партнэрства»

«Тыя краіны, якія рухаліся насустрач Эўрапейскаму зьвязу, да адзіных стандартаў, супрацы, рэформаў, атрымалі значна больш за Беларусь. Тройка лідэраў — Украіна, Грузія і Малдова.

«Усходняе партнэрства» прадугледжвае высокі ўзровень супрацоўніцтва з ЭЗ ва ўсталяваньні зоны свабоднага гандлю і адмены візаў. Тыя краіны, якія рухаліся хутчэй, атрымалі гэтыя магчымасьці.

Яны таксама атрымалі значна больш інвэстыцыяў, больш дапамогі з боку міжнародных інстытуцыяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG