Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускніцу юрфаку БДУ асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары»


Кацярына Віньнікава

У судзе Ленінскага раёну завяршыўся суд над выпускніцай юрфаку Белдзяржунівэрсытэту Кацярынай Віньнікавай, якая на ўручэньні дыплёма прыгадала Максіма Знака.

29 чэрвеня на ўручэньні дыплёма яна выступіла з прамовай, у якой падзякавала юрыстам, зь якіх брала прыклад, у тым ліку палітвязьню Максіму Знаку.

У раскладзе судовых паседжаньняў Ленінскага суду на 2 ліпеня справы Віньнікавай не было. Людзі доўга чакалі пачатку працэсу. Ва ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць Кацярыну, перапісалі пашпартныя зьвесткі.

Кацярыну судзілі праз скайп, сама яна на Акрэсьціна. Судзьдзя — Марына Клімчук. Яна прысудзіла дзяўчыне 15 сутак зьняволеньня.

Аднакурсьнікі, калегі, выкладчыкі юрфаку былі агаломшаныя рашэньнем суду і сказалі, што Кацярына ні ў чым не вінаватая і што ў гэтай краіне чалавека могуць пасадзіць нават за тое, што ён нічога проціпраўнага не зьдзяйсьняў.

У чым абвінавацілі Кацярыну Віньнікаву

Выпускніцу юрфаку БДУ Кацярыну Віньнікаву абвінавацілі паводле артыкула 24.23 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў), нібыта за пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары.

Студэнтка юрфаку БДУ Кацярына Віньнікава выступае з прамовай на ўручэньні дыплёмаў.
Студэнтка юрфаку БДУ Кацярына Віньнікава выступае з прамовай на ўручэньні дыплёмаў.

Пры адвакату быў складзены яшчэ адзін пратакол — паводле артыкула 24.3 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы).

Кацярыну Віньнікаву на судзе абвінавачваюць у тым, што 29 чэрвеня ў 20.20 на сцэне Ліцэя БДУ яна выказала свае грамадзка-палітычныя інтарэсы з мэтай сваёй нязгоды з крымінальным перасьледам юрыста Максіма Знака. Тым самым нібыта правяла пікет, на які ня быў атрыманы дазвол Менскага гарвыканкаму.

Кацярына Віньнікава
Кацярына Віньнікава

Віньнікава, якая скончыла юрфак з чырвоным дыплёмам, дае тлумачэньні, што сэнс прамовы — падзяка выкладчыкам, а не нязгода з крымінальным перасьледам Максіма Знака.

На сцэну Кацярыну Віньнікаву запрасілі як выдатніцу, каб выказаць падзяку выкладчыкам. Прозьвішча Знака гучала як адно з прозьвішчаў паважаных выкладчыкаў.

Што кажуць сьведкі

На суд запрошаныя 6 сьведак. Выкладчыца юрфаку Юлія Гаўрыльчык пацьвердзіла, што гэта сапраўды была прамова падзякі — Кацярына гаварыла пра выбітных юрыстаў, яна працытавала Віктора Гюго — пра тое, наколькі важнае права. Усе выкладчыкі фігуравалі ў прамове толькі ў рэчышчы падзякі. І прозьвішча Знака было згаданае выключна як прозьвішча выкладчыка.

Кацярыну выкладчыца характарызуе як разумную, таленавітую студэнтку, да якой можна зьвярнуцца па любым пытаньні. Віньнікава ўдзельнічала ў шматлікіх навуковых канфэрэнцыях, у яе ўжо ёсьць публікацыі, што важна для студэнтаў. У яе адзін з самых высокіх балаў на факультэце, яна вельмі выхаваная.

Другая сьведка, выкладчыца юрфаку Кацярына Ўльянава таксама характарызуе Віньнікаву як добрасумленную, актыўную, выдатную студэнтку, якая перамагала ў шматлікіх юрыдычных спаборніцтвах.

Сьведка Ксенія Філіповіч, памочніца адваката з кампаніі «Гарэцкі і партнэры», знаёмая з Кацярынай каля двух год. Яна трэніравала каманду студэнтаў-юрыстаў, якія ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе ў Маскве. «Каця — выбітная студэнтка з высокай самадысцыплінай, яна прадстаўляла Беларусь на міжнароднай арэне», — кажа Філіповіч.

Аднакурсьніца Віньнікавай Тамара Бабіна падкрэсьліла, што прамова Кацярыны была ў праграме, ёй як выдатніцы і найлепшай студэнтцы спэцыяльнасьці «эканамічнае права» прапанаваў выступіць прафкам БДУ. А Максім Знак згадваўся разам зь іншымі выкладчыкамі.

Аднагрупніца Юлія Багданава пацьвердзіла словы іншых сьведак і адзначыла, што галоўны пасыл прамовы Кацярыны — падзяка выкладчыкам, якія далі якасную адукацыю студэнтам і змагаюцца за права і справядлівасьць.

Што запісана ў пратаколе

У пратаколе Ленінскага РУУС Менску, які агучылі ў судзе, адзначана, што падчас маніторынгу тэлеграм-каналаў у тэлеграм-канале «Нашай Нівы» было знойдзена адпаведнае відэа. Да матэрыялаў справы далучаныя скрыншоты з тэлеграм-каналу «Нашай Нівы». Адвакат просіць далучыць скрыншот з інтэрнэт-крамы, дзе Кацярына набыла сукенку, і таксама раздрукоўку з сайта Беларускай фэдэрацыі хакею, дзе хакеісты былі ў такой жа колеравай гаме. Судзьдзя адмовіла, бо, маўляў, Віньнікаву не вінавацяць у нашэньні сукенкі.

Пазыцыя адваката

Паводле адваката Сяргея Хмылко, у матэрыялах справы няма стэнаграмы прамовы, няма самога відэа, а скрыншот з тэлеграм-каналу «Нашай Нівы» сьведчыць выключна пра пазыцыю журналістаў. У Кацярыны няма ніводнага адміністрацыйнага правапарушэньня, нават за пераход дарогі ня ў тым месцы. Адвакат прасіў спыніць справу, але судзьдзя пакарала Кацярыну арыштам на 15 дзён.

Асуджаная выпускніца юрыдычнага факультэту Кацярына Віньнікава.
Асуджаная выпускніца юрыдычнага факультэту Кацярына Віньнікава.

30 чэрвеня на ўручэньні дыплёмаў будучым юрыстам выпускніца юрфаку БДУ Кацярына Віньнікава выступіла з прамовай, у якой падзякавала адвакату Максіму Знаку, які ўжо амаль год на «Валадарцы», і звольненым выкладчыкам.

На наступны дзень дзяўчыну затрымалі, правялі ператрус, забралі ноўтбук.

Увечары 1 ліпеня тэлеграм-канал «Милиция Минска» паведаміў, што «дзяўчына зьявілася ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менску для разбору. Цяпер праводзіцца праверка».

Што сказала Кацярына Віньнікава ў сваёй прамове

«Хочацца сказаць дзякуй тым, у каго можна было сапраўды шмат чаму навучыцца. А менавіта выкладчыкам юрфаку БДУ, прысутным тут у залі, а таксама тым, хто, на жаль, сёньня знаходзіцца ня тут. Выкладчыкам з пакліканьня.

Нізкі паклон

  • Алене Ўладзімераўне Лаеўскай,
  • Кацярыне Віктараўне Новікавай,
  • Аляксею Іванавічу Сахарчуку,
  • Алене Іванаўне Басалай,
  • Максіму Аляксандравічу Знаку.

Дзякуй за тое, што паказалі сваім прыкладам, хто такі юрыст і што такое права!

Шмат чаму навучыцца можна было таксама ў нядаўніх студэнтаў, а цяпер маладых пэрспэктыўных юрыстаў. Напрыклад, такую магчымасьць дае рух «moot court»(moot court — навучальны, гульнявы судовы працэс. — РС), ва ўдзельнікаў якога на слыху імёны найталенавіцейшых юрыстаў Ксеніі Вячаславаўны Лапуцькі, Ільлі Салея, Ксеніі Філіповіч, шмат якіх іншых выпускнікоў юрфаку і ФМА».

«Усім нам я зычу любіць і бараніць права з гонарам і годнасьцю сапраўднага юрыста, нягледзячы на цяжкасьці, якія ёсьць і будуць. І тады, як сказаў Віктор Гюго, для мяне ня важна, на чыім баку сіла. Для мяне важна, на чыім баку права».

«І памятайце, калі ласка, усе, хто зьбіраецца працаваць юрыстамі або працуе юрыстамі: права — гэта мастацтва дабра і справядлівасьці. А дабро, розум і чалавечая годнасьць у сукупнасьці заўсёды перамагаюць», — сказала Кацярына Віньнікава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG