Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць санкцыі ЭЗ і ЗША стаць трыгерам для перамены расейскай палітыкі адносна Беларусі?


Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, 28 траўня 2021 году.

Выказваюцца розныя, прычым дыямэтральна процілеглыя, вэрсіі, як апошнія рашэньні краін Захаду будуць уплываць на дачыненьні Масквы і Менску.

Сьцісла:

  • Афіцыйна Расея падтрымлівае беларускія ўлады.
  • Паводле кансьпіралягічнай вэрсіі, Пуцін з Байдэнам нібыта дамовіліся аб вырашэньні «беларускага пытаньня».
  • За афіцыйнай пазыцыяй Масквы хаваецца шмат нюансаў і ўмоваў, якія не агучваюцца публічна.
  • Эўрапейскія санкцыі адносна Беларусі ствараюць для Масквы пэўныя праблемы і нязручнасьці.

Ёсьць афіцыйная пазыцыя Расеі адносна санкцый у дачыненьні да Беларусі. Масква асуджае гэтыя санкцыі, выказвае падтрымку беларускім уладам, сьцьвярджае, што гатовая дапамагчы найбліжэйшаму саюзьніку. Сёлета ўжо амаль не чуваць ніякіх заклікаў ці нават намёкаў з боку Крамля наконт трансфэру ўлады ў Беларусі. Нядаўна міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў адзначыў, што РФ падтрымлівае канстытуцыйную рэформу і ўнутраны дыялёг, які ладзяць беларускія ўлады.

І такая пазыцыя Крамля вынікае зь лёгікі палітычнага працэсу. Унутраная і замежная палітыка Беларусі і Расеі становяцца ўсё больш падобнымі. Абодва рэжымы сталі на шлях жорсткіх рэпрэсій супраць апазыцыі і ўступілі ў востры канфлікт з Захадам. Абодва апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі. І гэтая лёгіка аб’ектыўна падштурхоўвае Маскву і Менск да больш шчыльнага яднаньня ў барацьбе з агульнымі ворагамі.

Адначасова шырокую папулярнасьць у беларускай інтэрнэт-прасторы атрымалі кансьпіралягічныя вэрсіі. Маўляў, Пуцін з Байдэнам нібыта дамовіліся аб вырашэньні «беларускага пытаньня». Да гэтага працэсу падключыўся Кітай. І нібыта сакратар Рады бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў нядаўна прывозіў у Менск ультыматум ад Пуціна.

А як насамрэч? Зразумела, за афіцыйнай пазыцыяй Масквы хаваецца шмат нюансаў і ўмоваў, якія не агучваюцца публічна. Масква, карыстаючыся слабасьцю і ўразьлівасьцю Лукашэнкі, імкнецца атрымаць ад Менску ўсё тое, што не ўдавалася шмат гадоў. Тут і вайсковыя базы, і «дарожныя мапы», якія моцна прывяжуць беларускую эканоміку да расейскай, і пераход на адзіную валюту, і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў расейскімі алігархамі. А эўрапейскія санкцыі, з гледзішча Крамля, павінны зрабіць Лукашэнку больш паслухмяным.

Зь іншага боку, значныя эўрапейскія санкцыі адносна Беларусі ствараюць для Масквы пэўныя праблемы і нязручнасьці. Каб падтрымліваць саюзьніка, Расея мусіць несьці пэўныя фінансавыя страты. Узьнікае пагроза, што расейскія кампаніі могуць трапіць пад заходнія санкцыі з прычыны супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Кейс Міхаіла Гуцэрыева тут вельмі паказальны, мала хто з расейскіх алігархаў хацеў бы апынуцца на ягоным месцы. Ці вось кампаніі РФ даўно хацелі атрымаць кантроль над МАЗам ці НПЗ. А цяпер тыя пад санкцыямі, іхная прывабнасьць і каштоўнасьць радыкальна зьменшыліся.

Вельмі цікавая гісторыя з адмовай расейскіх кампаній пастаўляць нафту на Наваполацкі НПЗ. І ніхто нічога не тлумачыць. Гэта неяк дрэнна стасуецца з заявамі расейскіх афіцыйных асобаў аб цьвёрдым намеры падтрымаць Беларусь.

Ці могуць санкцыі ЭЗ і ЗША стаць штуршком, трыгерам для перамены расейскай палітыкі адносна Беларусі? Падаецца, ад адказу на гэтае пытаньне шмат у чым будзе залежаць лёс беларускага палітычнага рэжыму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG