Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве расказалі, які народ быў адзіным, а таксама пра жаданьне Ўкраіны ўзмацніць сваю ролю ў Цэнтральнай Эўропе


Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна ўзмацняе сваю ролю ў Цэнтральнай Эўропе і зь цягам часу абавязкова стане сябрам Паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO).

“Гэта пытаньне часу і цаны, якую мы заплацім. А пакуль мы не чальцы вялікага альянсу, то мусім атачыць сябе альянсамі з дружалюбнымі дзяржавамі”, - заявіў Дзьмітро Кулеба, выступаючы на ўсеўкраінскім форуме “Украіна 30. Міжнародная палітыка”.

Украінскі міністар удакладніў, што за апошнія паўтара года Ўкраіна інтэнсыфікавала дачыненьні з Турэччынай, стварыла асацыяванае трыё з Малдовай і Грузіяй у межах супрацы з Эўразьвязам, а таксама Люблінскі трыкутнік з Польшчай і Літвой.

“Трыкутнік мае нашмат большы кантэкст. Гэта важны элемэнт узмацненьня актыўнай ролі Ўкраіны ў Цэнтральнай Эўропе. Тут, у Цэнтральнай Эўропе, мы свае. І няма ніякага адзінага народу расейцаў, украінцаў і беларусаў. Калі і ёсьць міт пра тры братнія народы ў нашай частцы Эўропы, то гэта хутчэй міт пра Леха, Чэха і Руса, які выцерлі з гісторыі”, - падкрэсьліў міністар замежных справаў Украіны.

Паводле міталёгіі, браты-славяне Чэх, Лех і Рус заснавалі Чэхію, Польшчу і Русь. Яны палявалі разам, але кожны вырашыў пайсьці сваім кірункам: Рус на ўсход, Чэх на захад, а Лех - на поўнач.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 30 чэрвеня чарговы раз заявіў, што расейцы і ўкраінцы — адзін народ. Гэты тэзіс ён вельмі часта паўтараў да 2014 году, калі пачалася агрэсія Расеі ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не пагадзіўся з Пуціным. Ён заявіў:

«Мы дакладна не адзін народ. Так, у нас ёсьць шмат агульнага. У нас агульная частка гісторыі, памяць, суседзтва, сваякі, агульная перамога над фашызмам і агульныя трагедыі... Мы дакладна не адзін народ. У кожнага з нас свой шлях. ...І яшчэ — немагчыма адначасова гаварыць пра „адзін народ“ і адкрыта захопліваць нашыя тэрыторыі і працягваць бойню на Данбасе. Гэта ж відавочна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG