Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэальны канкурэнт». 5 цытат Віктара Бабарыкі з залі суду


Віктар Бабарыка ў судзе 17 лютага 2021 (зьлева) і пад час перадвыбачай прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020. Каляж AFP(Belta)/svaboda.org

6 ліпеня Вярхоўны суд пакараў экс-старшыню «Белгазпрамбанку» і ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Бабарыку 14 гадамі пазбаўленьня волі. Свабода прыгадвае, што ён казаў падчас судовага працэсу, які цягнуўся амаль 5 месяцаў.

Палітвязень Віктар Бабарыка выступіў падчас працэсу па справе «Белгазпрамбанку» ў Вярхоўным судзе двойчы — 6 красавіка і, з апошнім словам, 28 чэрвеня.

Пра рашэньне 12 траўня вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты

«Я прапаноўваў іншыя варыянты разьвіцьця, у адрозьненьне ад дзейнай на той момант сыстэмы, якая, уласна, захоўваецца і на сёньняшні момант: састарэлай, квазісацыялістычнай, квазісавецкай сыстэмы».

Пра даручэньне Лукашэнкі ад 10 чэрвеня, калі за Бабарыку было сабрана каля 300 тысяч подпісаў, «прашарсьціць пузатых буржуяў»

«Ну, гхм, я, напэўна, вядома, за 9 месяцаў стаў менш пузатым буржуем. Але ўсё роўна».

Пра абвінавачаньне супраць сябе

«Я гэтае абвінавачаньне катэгарычна адмаўляю, лічу, што ўвесь крымінальны перасьлед мае на мэце менавіта не раскрыцьцё рэальнага злачынства, а дыскрэдытацыю мяне як рэальнага канкурэнта дзейным на той момант прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».

Пра мэтады дзяржаўнага ціску

«Я разумею, што СІЗА КДБ спрыяе „прасьвятленьню“ памяці і фармаваньню „правільных“ ацэнак, але ўсё-такі ніколі ня думаў, што часы 1930-х гадоў можна ўбачыць тут».

Пра ацэнку сваіх дзеяньняў

«Але я ведаю, і гэта дакладна, я ведаю тую ацэнку, якую мне паставілі, самае важнае для мяне, мае дзеці. Яны сказалі самыя важныя для мяне словы, і гэта праўда, і я гэта дакладна ведаю. Яны сказалі: «За тату ня сорамна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG