Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыехалі з аўтаматам. Жонка Андрэя Скурко з «Нашай нівы» расказала, як праходзіў ператрус


Андрэй Скурко. Архіўнае фота

«Як у страшным сьне: да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон».

Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні. Гэта

  • рэдактар сайту Ягор Марціновіч,
  • кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко,
  • рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько,
  • галоўная бухгальтарка «Нашай нівы» Вольгі Раковіч.

Ва ўсіх чацьвярых дома адбыліся ператрусы, а потым іх павезьлі на допыты. Усе затрыманыя праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Усіх чацьвярых затрымалі на 72 гадзіны. Ператрусы таксама вяліся ў сувязі са справай па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Паліна Скурко
Паліна Скурко

Жонка Андрэя Скурко Паліна ноччу 9 ліпеня напісала ў фэйсбуку, як праходзіў ператрус у іх доме.

«Сёньняшні дзень быў доўгі, а я цяпер так не хачу пабачыць яго ў сьне, што ўсяляк адцягваю засынаньне. Самай стромнай была раніца. Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўгаворвала яго зьвярнуць увагу на гаршчок.

Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там...

Як у страшным сьне: паміж нашай маладзенькай сьлівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон. І, як у сьне, я зараўла з усёй сілы: «Андрэ-э-э-эйка, вобшук!!! Андрэй, у нас вобшук!!!!!»

Выходзіць мой муж з пакоя: «Ты нешта казала?»

Некалі будзе сьмешна ўспамінаць, спадзяюся.

Андрэй трымаўся агурком: спакойна, усё нармальна, гэта штатная сытуацыя.

Шкадую, што ня ўвесь час была побач, трымала яго за руку.

Мы з малым тусаваліся па ўсім доме, бо малога на месцы не ўтрымаеш. А Андрэй з гэтымі людзьмі («джэнтльмэнамі») пераходзіў з пакоя ў пакой. Было сьмешна, калі Тамаш закамандаваў ісьці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. «Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай», — паказвае адзін з панятых. «Я пагляджу», — кажа чалавек у масцы. Вы ня бачылі? — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: «Сандалік!»

Другому дзядзю ён падносіў, камэнтуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусьціў яму ваўчок.

«Навошта патрэбна столькі кніг» — пыталіся тым часам у Андрэя. «Я так і не прыдумаў, што адказаць», — кажа ён мне потым. Рэдкасны выпадак, калі мой дасьціпны, вясёлы муж не прыдумаў адказу.

З кніг міліцыю найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песьні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесьць «Побеждая оглянись»... Была яшчэ камічна-драматычная сытуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзьмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мэмуарах.

Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся.

Перажываю за сёньняшнія сны і заўтрашняе прабуджэньне. Калі малы па сваёй звычцы дзелавіта пойдзе адчыняць усе дзьверы: «Тата! Тата?»
Я так люблю цябе, мой мілы.

PS. Падыходжу да спальні ў час гэтага ўсяго і чую адтуль Андрэеў голас: «Цікава, што аснову эканомікі Старажытнай Русі складаў гандаль рабамі...»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG