Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка павінен усьвядоміць цану рэпрэсій». Аналітык Шрайбман расказаў, што можа спыніць гвалт. ВІДЭА


Арцём Шрайбман

14-16 ліпеня ў Беларусі прайшлі затрыманьні, ператрусы ў офісах і кватэрах журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці. 19 ліпеня рэпрэсіі прадоўжыліся. Аналітык Арцём Шрайбман тлумачыць, што гэта значыць.

  • Ідзе тое, што абяцаў Макей, калі казаў: «Прымеце санкцыі — грамадзянская супольнасьць перастане існаваць». У іхным сьвеце грамадзянская супольнасьць — гэта працяг Захаду. Яны ня могуць дацягнуцца да Захаду, таму караюць тых, да каго дацягваюцца. Па вялікім рахунку, гэта абсалютна натуральны працяг усяго таго, што мы бачылі апошнія 11 месяцаў.
  • Няма нейкага тормазу ўнутры сыстэмы, які мог бы спыніць рэпрэсіі. Раней гэта было жаданьне сябраваць і фліртаваць з Захадам, захоўваць нейкія каналы камунікацыі. Цяпер нічога гэтага няма. Ніхто ўнутры сыстэмы — нават каму можа не падабацца такі ўзровень рэпрэсій — ня можа запярэчыць, бо гэта небясьпечна для самога такога чалавека. І паколькі рукі сьвярбяць, заўсёды хочацца дэманстраваць новых ахвяр, прыносіць на алтар правадыру, — даводзіцца ісьці далей. Яны проста ідуць па ўсіх, хто застаўся.
  • Ня бачу, што б магло спыніць працэс, апроч прамога загаду спыніцца. Каб гэты загад паступіў, Лукашэнка павінен усьвядоміць цану рэпрэсій. І гэтая цана павінна быць ускладзена на яго або вельмі жорсткімі санкцыямі, або супрацівам людзей, што цяпер складана ўявіць. Трэнд на ўзмацненьне жорсткасьці рэпрэсій відавочны і будзе працягвацца.
  • Напад на НДА — гэта ўдар па тых, хто атрымлівае тэхнічную дапамогу ад Захаду. Беларуская ўлада разглядае гэтыя арганізацыі як працяг варожых шчупальцаў Захаду, якія трэба адсякаць, бо да галавы дацягнуцца яны ня могуць.
  • Гэта і рэакцыя на санкцыі. І шмат іншых задач вырашаецца адначасова. Сілавікі дэманструюць сваю патрэбнасьць: глядзіце, колькі мы выявілі ворагаў, асабліва на фоне антытэрарыстычнага падпольля, якое яны штотыдзень раскрываюць. Для Расеі яны пасылаюць сыгнал: бачыце, мы зачышчаем празаходнюю, пятую калёну. Вы ў сябе робіце тое ж самае на меншым узроўні, а мы робім у сябе, кажа ён Пуціну. Паглядзіце, як трэба зачышчаць правільна.
  • Плюс да ўсяго змагаюцца з інфраструктурай патэнцыйнага будучага пратэсту. Пратэст жа не бярэцца зь ніадкуль. Пратэст існуе пастолькі, паколькі ёсьць магчымасьць кампэнсаваць штрафы, асьвятляць пратэсты, зьбірацца ў дваровыя супольнасьці.
  • Руйнуючы інфраструктуру, улада спрабуе заадно ня толькі адпомсьціць за 2020 год, але і прадухіліць паўтарэньне 2020 году.
  • Таму тут адразу мноства задач вырашаецца. Калі б мяне прымусілі прыдумаць аргумэнт за тое, каб спыніцца, — гэта рызыка санкцый, якая ўсё яшчэ не вялікая ў вачах Лукашэнкі. Санкцыі не кусаюцца, а тыя, што прынялі, адкладзеныя. Наўрад ці ў пэрыяд адпачынкаў у Эўразьвязе варта чакаць узмацненьня жорсткасьці санкцый, калі Лукашэнка зноў ня зробіць нечага абуральнага накшталт інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG