Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам няма куды бегчы далей». Размова зь пісьменьнікам Сяргеем Прылуцкім пра яго новую кнігу


Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днястровы

Ян Максімюк гутарыць з паэтам, празаікам і перакладчыкам Сяргеем Прылуцкім, у якога нядаўна выйшла кніга паэзіі «Эўрыдыка не азіраецца».

Сяргей Прылуцкі (нар. 1980 у Берасьці) — аўтар кніг прозы «Йопыты двух маладых нелюдзяў» (2009), «Дэгенэратыўны слоўнік» (2014) і паэтычных зборнікаў «Дзевяностыя forever» (2008), «Герой эпохі стабільнасьці» (2014), «Патрыятызм для чайнікаў» (2016), «Эўрыдыка не азіраецца» (2021), «Гіброіды» (падрыхтаваная да друку). Жыве ва Ўкраіне.

— Сяргей, дзе выйшла ваша «Эўрыдыка»? Разумею, што ў наш час такія пытаньні не заўсёды дарэчы — асабліва калі кніга выходзіць у электронным выглядзе і распаўсюджваецца праз інтэрнэт — але ваша кніга выйшла і ў папяровым выданьні, так?

— Так. Яна выйшла ў кіеўскім выдавецтве «Люта справа». Для іх гэта ня першая беларуская кніжка, Нядаўна ў іх выйшла анталёгія «Бум-Бам-Літу», выходзіў беларускі пераклад раману Івана Семесюка («Эвалюцыя альбо сьмерць!». — РС), некалькі гадоў назад выйшла там мая дзіцячая кніжка («Далоў дарослых». — РС), выйшла кніжка Алеся Плоткі («Лотас на асфальце». — РС). То бок для іх гэта такая традыцыя — выдаваць беларусаў…

— Як ваша кніжка будзе распаўсюджвацца? Даедзе ў Беларусь, прайшоўшы праверку на экстрэмізм, як думаеце?

— Пакуль што я ня бачу сэнсу спрабаваць, таму што адсоткаў 99 імавернасьці, што яе затрымаюць, забяруць на так званую праверку, і яна там зьнікне. Таму пакуль што можна замаўляць праз інтэрнэт або фізычна купіць ва ўкраінскіх кнігарнях. Магчыма, трэба і электронную вэрсію рабіць, але я не размаўляў з выдаўцом пра гэта.

— Наагул, калі я размаўляю для Свабоды з паэтам, то прашу яго прачытаць некалькі вершаў. Вы нам прачытаеце? Я думаю, у дзесяць разоў лепш пачуць з вуснаў паэта канкрэтны верш, чым пытаць у яго, што ён хацеў сказаць у ім…

— Гэта першы верш у кніжцы «Эўрыдыка не азіраецца», ён называецца «Прадмова нянавісьці»:

укладаючы пальцы ў раны твае
як у сьвяточны гэфілтэ фіш
згадваю словы айца —
не забі без прычыны
не рабі так як хочаш каб рабілі з табой

янка маркс
якуб энгельс
францішак ніцшэ —
хто сэрцу твайму мілейшы?
чыя рыдлёўка рые глыбей?

вораг мой надзея мая
бачу штоночы сьмерць тваю
засынаючы ў тыле

дзьверы майго дому заўжды адчыненыя
заўжды рады перакінуцца
парай прыязных словаў
пад пляшку цыкуты
і оду радасьці на тле размовы

мне даспадобы твае
недарозум недасэрца
недалёкасьць на адлегласьці стрэлу

гатовы абраць цябе ў парлямэнт
каб мець навідавоку

глядзім адно на аднаго
драпежна цытуючы аўтарытэтаў
абмінаючы нязручныя месцы

у тумане будучыні не істотна
чый човен перакуліцца першым
галоўнае мець дастаткова спрыту
выкінуць зь яго лішніх

адольф лагерлёф
эмілі джугашвілі
хто народу твайму бліжэйшы?
чыя праўда спатоліць душу?

мы ляжам у розных ямах
нас купілі ў розных крамах
цябе за срэбра мяне за золата

морак мой вораг мой
дай прыгарну цябе
дай другую шчаку — пацалую
хто як ня ты
паверыць мне зь першага ўдару

— Шчыра кажучы, калі я чытаў вашу «Эўрыдыку», перад маімі вачыма зноў узьнікаў увесь той кашмар і жах беларускай рэальнасьці, пра які даводзілася чытаць на працягу апошняга году ў журналісцкіх рэпартажах ці глядзець на відэароліках у тэлеграм-каналах. Вы былі ў Беларусі падчас пасьлявыбарчых пратэстаў ці глядзелі на гэта збоку, з-за мяжы, як, скажам, я?

— У Беларусі я ня быў, я гэта ўсё глядзеў з тэрыторыі Ўкраіны. Гэта было назіраньне збоку, але эмацыйна ты ўсё роўна ўнутры, бо там шмат тваіх сяброў, там родныя…

Сяргей Прылуцкі і Алена Сьцепаненка чытаюць вершы на Дні беларускага мастацтва ў Кіеве, 11 ліпеня 2021
Сяргей Прылуцкі і Алена Сьцепаненка чытаюць вершы на Дні беларускага мастацтва ў Кіеве, 11 ліпеня 2021

— Так, эмацыйны градус гэтай кнігі, калі можна так сказаць, вельмі высокі. Не прачыталі б вы яшчэ нешта зь яе? Дарэчы, мне вельмі падабаецца яе назва — «Эўрыдыка не азіраецца». Гэта такое прыгожае пераасэнсаваньне ў беларускай рэальнасьці грэцкага міту пра паэта Арфэя, які спрабуе вывесьці сваю каханую зь пекла і яму не ўдаецца, бо ён азіраецца… У вас у галоўнай ролі правадніка — жанчына, Эўрыдыка. Гэта, як мяркую, такое сымбалічнае падкрэсьленьне ролі жанчыны ў беларускай рэвалюцыі. Ці, можа, я тут інтэрпрэтую загаловак вашай кнігі занадта літаральна, публіцыстычна ці нават прымітыўна?

— Я думаю, што такое прачытаньне мае права на існаваньне. Назву я выбіраў у самым канцы, але можна сказаць, што гэта адлюстраваньне і той ролі, якую адыгралі жанчыны падчас гэтых падзей. А другі верш, які я вам прачытаю, называецца «Яшчэ адзін блюз уцекачоў»:

за гэтым лесам жывуць нелюдзі
часам прыходжу туды
падкарміць бяздомных сабак
але ўсё зьядаюць чужыя дзеці

наша сям’я —
ўцекачы з суседняга мікрараёну
зьбегчы далей
не дазволіла настальгія

нас не любілі там
ня любяць і тут
але пакуль без наступстваў
бо ня знаюць куды біць і чым біць
для большага эфэкту

нашы дзеці будуць сытыя
кашай з чужых галоў
нашы браты і сёстры будуць жыць
у паўзах між хваробамі і чужымі навінамі

нам няма куды бегчы далей
хіба што ў мясьціны
з больш мяккім кліматам і нянавісьцю
але і гэта ненадоўга

засынацьму там штоночы
на тваёй руцэ
як на падушцы бясьпекі
пасьля катастрофы

— Дзякуючы вашай прыхільнасьці я прачытаў у электронным варыянце і іншую вашу кнігу, «Гіброіды», якая пакуль ня выйшла. Выглядае на тое, што яе вы падрыхтавалі да друку раней, чым «Эўрыдыку». Але выдалі раней «Эўрыдыку», якая, відаць, лепей адпавядала поклічу часу, чым «Гіброіды», гэта так?

— Так. Кніжка «Гіброіды» стала ахвярай каранавіруснай эпідэміі, бо яна мусіла выйсьці недзе ў 2020 годзе, але і ў аднаго выдаўца, і ў другога ўзьніклі праблемы, і пакуль што яна завісла ў паветры. Я ня ведаю, калі выйдзе.

— У сувязі з «Гіброідамі» ў мяне да вас як мінімум дзьве просьбы. Першая: патлумачце назву кнігі…

— Назва вынікае з самога зьместу кніжкі. Гэта іранічна-сур’ёзная кніжка, у якой фігуруюць, акрамя людзей, яшчэ розныя робаты і жывёлы. Але я спалучыў людзей з робатамі, зь нейкімі гібрыдамі, і вось атрымаўся такі мутант, сумесь чалавека з машынай і жывёлай. Ну і плюс тое, банальна кажучы, што мы жывём у часы гібрыднага чаго заўгодна, гібрыднай вайны, гібрыднай праўды, і гэта я таксама ўлічыў у выдумляньні назвы.

Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днестравы
Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днестравы

— І другая просьба: прачытайце, калі ласка, верш «Брэст Цэнтральны». Гэта верш зь першай часткі зборніка, якая называецца «Вялікія праблемы маленькага чалавека». Назва гэтая, як мне думаецца, вельмі адэкватная вашай паэзіі і прозе, нягледзячы на ўсю яе, як тут сказаць, гіпэрбалізацыю, эпатажнасьць, лексычную скандальнасьць і хуліганства, згушчваньне фарбаў. Бо насамрэч Сярней Прылуцкі, як мне думаецца, як ніхто іншы «ўрубаецца» ў сьветаадчуваньне маленькага чалавека, маргінальнага чалавека, які хутчэй за ўсё ня ўдзельнічае ў ствараньні гісторыі, а нясецца яе плыньню немаведама куды. Сьвет такога чалавека і сьмешны, і варты жалю, але пры тым выклікае, я б сказаў, суперажываньне ці ўзрушэньне з боку чытача…

Ну вось, гэта найбліжэй да рэцэнзіі вашай паэзіі з таго, што мне сёньня сказалася. Ня буду пытацца, ці вы згодны з гэтым, але калі маеце ахвоту сказаць некалькі праграмна арыентаваных фразаў пра вашу мэту ў літаратуры, то я б паслухаў. Ну а потым верш «Брэст-Цэнтральны»…

— Скажу пару словаў пра гэтую кніжку, якая яшчэ ня выйшла. Па сутнасьці, яна падзеленая на тры часткі. Першая частка — пра будзённае жыцьцё, другая частка — вайна, і трэцяя частка — гэта такі постакапаліпсіс, калі на Зямлі кіруюць робаты. Можа падацца, што гэта нейкая вельмі патасная кніжка, але гэта ня так, у асноўным там вершы з іроніяй і пэўнай доляй гумару. І трошачкі трэшу, вядома, таксама ёсьць.

БРЭСТ-ЦЭНТРАЛЬНЫ

Вера гандлюе квасам каля вакзалу.
Там тусуюцца стрэмныя мужыкі —
усе па некалькі тэрмінаў адматалі.
Класе ў дзясятым мы блізка зь ёй сябравалі:
хадзілі ў кіно, а потым — уздоўж ракі.

Ды хутка Вера знайшла сабе футбаліста,
а я, ад няма што рабіць, паступіў ва ўнівэр.
Праз год яна выйшла замуж за кадэбіста,
вядомага ў вузкіх колах філятэліста.
Дом у прадмесьці, самота, віно, адзюльтэр…

Прыгожая баба ня можа ніяк без прыгодаў.
Неяк ад нашых агульных старых сяброў
чарговая вестка: «Вера пасьля разводу
пайшла працаваць стрыптызэркай у бар». Народу
на выступ яе прыходзіла будзь здароў.

А потым дзяўчына зьнікла кудысьці бязь сьледу.
На доўгія тры або нават чатыры гады,
мне сёстрамі блізкімі сталі трывога зь вярэдай.
І раптам — яна. Каля бочкі ў халаціку бледным,
з заўважным загарам на твары і сьцёгнах худых.

«Задралі мяне мужыкі, — кажа мудрая Вера. —
Купіла кватэру. Каханку сабе завяла».
Пытаю: «Чаму ты сядзіш тут, якое халеры?
А тая: «Дурны ты. Галоўнае ж не кар’ера
ды іншая хрэнь, і нават ня колькасьць бабла».

Цяпер яна езьдзіць на моры зь нейкімі хіпі,
паліць траву і зусім не ўжывае бухла,
паслала падалей сяброў, што ганяюць на джыпах,
гаўнапакуты, трагічныя стогны і ўсхліпы,
якімі калісьці так ярка і поўна жыла.

Вера шчасьліва працуе каля вакзалу.
Мае жанчыну і іншых ня мае патрэб.
Усё, што магчыма, яна ўжо даўно спазнала.
Верыць у Буду і зарабляе памалу
на плюсікі ў карму, канабіс, масла і хлеб.

— Вы сам з гэтага Брэсту-Берасьця. Ці не адчуваеце сябе ва Ўкраіне крыху як эмігрант? Ці не адчуваеце тугі? Ня хочацца вам вярнуцца ў Берасьце?

— Пытаньне жыцьця ва Ўкраіне асабіста для мяне не пра эміграцыю. Цяпер праблематычна, але да карантыну мы часта езьдзілі або ў Берасьце, або ў Менск, пяць-шэсьць разоў на год. Таму не было такога адчуваньня, што ты кудысьці зьехаў. Жыцьцё ва Ўкраіне — гэта зусім іншая эміграцыя, чым у ЗША, Брытаніі ці Аўстраліі. Там гэта сапраўды эміграцыя, і ёсьць прычыны настальгаваць па радзіме. А тут, калі ты пастаянна езьдзіш дадому ў Берасьці, то ў мяне асабіста не было суму за радзімай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG