Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная журналістка Свабоды Іна Студзінская галадае чацьвёрты дзень


Іна Студзінская, архіўнае фота.

Да зьняволеных журналістаў Свабоды Інэсы Студзінскай, Алега Грузьдзіловіча сёньня паспрабуюць трапіць адвакаты. Алесь Дашчынскі меў сустрэчу з адвакаткай 21 ліпеня.

Як даведалася Свабода ад сваякоў Іны Студзінскай, зьняволеная журналістка ад панядзелка 19 ліпеня трымае галадоўку пратэсту ў менскім ізалятары на завулку Акрэсьціна. На праблемы са здароўем яна ня скардзіцца і трымаецца бадзёра, адстойвае свае правы.

Пра гэта сваякам расказала жанчына, якая сядзела з Інай Студзінскай у адной камэры. Яна таксама паведаміла, што факты гвалту супраць зьняволеных у камэры, дзе знаходзіцца Студзінская, ёй невядомыя, але бытавыя ўмовы кепскія.

Студзінская папрасіла перадаць ёй у ізалятар цёплыя рэчы і прадметы гігіены. Па начох у ізалятары бывае халодна, матрацаў ня выдалі, а сьвятло на ноч не выключаюць.

22 ліпеня Інэса Студзінская чакае прыходу адваката, магчыма, ёй аддадуць перадачу. Чацьвер — адзіны дзень на тыдні, калі адміністрацыя турмы на Акрэсьціна прымае перадачы.

Пакуль адвакат трапіў толькі да аднаго зьняволенага журналіста Свабоды Алеся Дашчынскага — сустрэча 21 ліпеня доўжылася 1,5 гадзіны.

16 ліпеня пасьля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Грузьдзіловіча і Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Студзінская галадае на знак пратэсту.

Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG