Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Пачобута ня выпусьцілі з турмы пасьля скаргі. Раней яму прапаноўвалі выехаць з краіны


Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Журналіст Анджэй Пачобут падаваў скаргу, каб яму зьмянілі меру стрыманьня і выпусьцілі з-пад варты. Суд Партызанскага раёна Менску не задаволіў ягоную скаргу. Паседжаньне прайшло 23 ліпеня.

«Спрабую зразумець: пад варту Анджэя ўзялі, каб ён ня мог зьбегчы з краіны і схавацца ад правасудзьдзя. Адначасна яму прапаноўвалі выехаць зь Беларусі ў адзін канец (то бок схавацца назаўсёды), але ён адмаўляецца. Тым ня меней, скаргу [на ўзяцьце пад] варту не задаволілі, каб ён не схаваўся. Такое вось „лягічнае“ кола», — пракамэнтавала сытуацыю жонка Анджэя Аксана Пачобут.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Пачобут праходзіць па «польскай справе». Генэральная пракуратура завяла гэтую справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК) супраць старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і іншых асобаў. Пачобуту пагражае да 12 гадоў калёніі.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву сёлета ў траўні вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. За кратамі па гэтай справе застаецца ён і Анжаліка Борыс.
  • Цяпер Пачобут у жодзінскім СІЗА.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • Сёлета ў чэрвені-ліпені ён у цяжкай форме, зь ягоных словаў, перахварэў у турме на каранавірус, дыягназ пацьвердзілі турэмныя мэдыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG