Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны былі ў мяне ды зьніклі». Віктар Жыбуль пра 10 кніг мінулага 30-годзьдзя


Ілюстрацыйнае фота

Свабода папрасіла траіх чытачоў з розных пакаленьняў напісаць пра 10 кніжак беларускай літаратуры апошняга 30-годзьдзя, якія зрабілі на іх настолькі моцнае ўражаньне, што застаюцца ў іхнай памяці да сёньня. Свой выбар прадстаўляе Віктар Жыбуль.

Аднойчы, калі я быў яшчэ даволі драбнаваты, выхавальніца сабрала нас і папрасіла прынесьці ў дзіцячы садок нашыя ўлюбёныя кнігі. На наступны дзень мы так і зрабілі, напрыклад я прынёс зборнік вершаў Самуіла Маршака. У нас забралі гэтыя кнігі, а назад… А вось назад так і не вярнулі. Колькі я ні пытаўся, выхавальніца адказвала: «Вернем, вернем, не хвалюйся…», а я ўсё чакаў і чакаў. Улюбёнай кнігі мне яўна неставала — на тое яна і ўлюбёная.

Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

…Міналі гады. Я закончыў той садок, потым школу, унівэрсытэт, асьпірантуру, у мяне самога зьявіліся двое дзяцей, але я і дагэтуль не магу дапяць, навошта тая выхавальніца пазабірала ў нас кнігі.

І вось цяпер, калі мяне папрасілі назваць дзясятку кніг апошняга трыццацігодзьдзя, я падумаў: а чаму б і тут не скарыстацца гэтым крытэрам адсутнасьці («было і зьнікла»). Калі мы кажам пра ўлюбёныя або значныя для нас кнігі, то маем на ўвазе ня толькі зьмест і асобу аўтара, але часам яшчэ і гісторыю набыцьця або ўвогуле нейкія выпадкі, зьвязаныя з тым канкрэтным асобнікам з хатняй бібліятэкі. І, калі той асобнік зьнікае, значнасьць кнігі адчуваецца асабліва востра. А ў нашым мітусьлівым жыцьці часам так і здараецца: даеш кнігу пачытаць камусьці зь сяброў ці знаёмых, а празь нейкі час схамянесься: вой, а дзе яна? Яе пачынае не хапаць табе, але ты ўжо нават забыўся, каму яе даў.

Такім чынам, гаварыць я буду пра кнігі, якія былі ў маёй хатняй бібліятэцы ды прапалі. Вось мая настальгічная дзясятка.

«Нарысы гісторыі Беларусі: у 2-х частках». Менск, «Беларусь», 1994.

Кніга, па якой вучыла гісторыю нашае пакаленьне. На вокладцы першага тома — Вітаўт і Пагоня, на вокладцы другога — Багдановіч, помнік маці-патрыётцы і трактар «Беларус». Я, напрыклад, купіў гэты двухтомнік, калі наведваў падрыхтоўчыя курсы ў БДУ, каб паступіць на гістфак (але паступіў урэшце на філфак). Тады ўсё здавалася звычайна-будзённым: дапаможнік як дапаможнік, Пагоня як Пагоня… Але потым, калі гісторыя неаднойчы ператрактоўвалася пад рознымі ідэалягічнымі павевамі, прыходзіла ўсьведамленьне таго, наколькі ж каштоўнае для нас тое выданьне, зь яшчэ не перапісанай гісторыяй краіны. Яно ўспрымаецца прыкладна ў адной парадыгме зь незабыўным беларускім адраджэньнем 1990-х і марамі пра «пачэсны пасад між народамі». «Нарысы» я пазычыў камусьці зь сяброў, таксама спатрэбіліся для паступленьня.

Васіль Сахарчук. «Ранішні госьць: Вершы і паэмы». Менск, «Мастацкая літаратура», 1994.

Калі мне было 16 гадоў і я толькі-толькі пачаў працаваць у часопісе маладых літаратараў «Першацвет», тагачасная рэдактарка аддзелу крытыкі Ірына Шаўлякова прапанавала мне напісаць рэцэнзію на якую-небудзь кнігу. Я зайшоў у «Кнігарню пісьменьніка» — і ад багацьця тагачаснага асартымэнту ў мяне разьбегліся вочы. Так разьбегліся, што я іх заплюшчыў і вырашыў дзейнічаць наўздагад. Айн, цвай, драй — палец ткнуў у кніжку Васіля Сахарчука, тады невядомага мне паэта з Жабінкі. Кніжка мае чорную вокладку, а «ранішні госьць», які даў ёй назву, — прышэлец не з матэрыяльнага сьвету, а аднекуль з глыбіняў сьвядомасьці: «Стрэў мяне цішай нямою / сонны паўзмрок ледзяны. / І прывітаўся са мною / сьцень маёй даўняй віны». Віна, згрызоты сумленьня, свае і чужыя грахі, адказнасьць за ўчынкі гучаць матывамі і іншых вершаў. Што ж, пра ўсё гэта варта задумвацца ў сьвеце, дзе «Жыцьцё навыварат, / трагедыя абсурду. / Бясконцы бег на галаве / у цёмным лябірынце».

Рэцэнзію напісаў, яе апублікавалі, а вось кніжка асела ў кагосьці з супрацоўнікаў рэдакцыі, але не ў мяне.

Павел Пруднікаў. «Пароша: Вершы. Паэма-аповесьць». Менск, «Мастацкая літаратура», 1996.

Атрымалася прыкладна такая самая гісторыя, як і з кнігай В. Сахарчука, толькі гэтым разам я выбіраў прыцэльна-мэтанакіравана. Творы Паўла Пруднікава я ўжо ведаў і нават крыху быў знаёмы з самім аўтарам, адным з апошніх магіканаў рэспрэсаванага пакаленьня.

Павел Пруднікаў на першым мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988 году. Фота Міколы Таранды
Павел Пруднікаў на першым мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988 году. Фота Міколы Таранды

Ня бачыўшы кнігу больш за дваццаць гадоў, паспрабаваў прыгадаць зь яе якія-небудзь радкі, вобразы, рыфмы. «Лес адзеўся ў саван, быццам бы сьвятоша» — вобраз, падказаны аўтару словам «пароша», якое прырыфмавана далей. А вось з сатырычнага: «Наш былы партыйны бос — / Дрэсірованы барбос». Гэта пра чыноўнікаў, здольных, як цяпер кажуць, «пераабувацца на хаду». Асноўны акцэнт у кнізе робіцца на тым, што аўтар перажыў асабіста: найбуйнейшы твор — паэма «Кожны другі» — прысьвечана сталінскім рэпрэсіям, лягерам і этапам.

Для Паўла Пруднікава гэтая кніга стала апошняй — наступную ён здаў у выдавецтва, але выхаду так і не дачакаўся…

Ігар Сідарук. «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука». Мастак Ю. Муляўка. Берасьце, «Талер», 1994.

Гэтую кнігу мне падарыў сам аўтар на канфэрэнцыі Таварыства Вольных Літаратараў. Выданьне, як пазначана ў выходных зьвестках, разьлічана на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту — і зьяўляецца, напэўна, самай нефарматнай і эстэтычна сьмелай дзіцячай кнігай 1990-х. Ды і ў наш час кніжка, без сумневу, прыцягне аматараў вясёлага абсурдызму і чорнага гумару, нават незалежна ад узросту. Асабіста мне запала ў душу гісторыя пра дзяўчынку, якая дражніла брата і прыліпла языком да тэлевізара, пасьля чаго была вымушана так і хадзіць увесь час — носячы ў руках тэлевізар, прылеплены да языка. Або — аповед пра дзяцей, якія хацелі ўзарваць школу з дапамогай гнілой бульбы.

Ігар Сідарук. Фота Славаміра Навумава
Ігар Сідарук. Фота Славаміра Навумава

Апроч усяго, уразіў фантастычны наклад, пазначаны на кнізе: 50 000 асобнікаў! Але цяпер яна рарытэт.

І нешта падказвае, што хутка мой асобнік знойдзецца. Можа, проста жонка кудысьці схавала. Каб залішне не палохаў дзяцей «чырвонымі попкамі» (так-так, натуральна, кніга багата ілюстраваная).

Уладзімер Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі». Нарыс. «Дзікае паляваньне караля Стаха». Аповесьць. Менск, «Юнацтва», 1995.

Ведаеце, я неяк ня думаў, што ў маю дзясятку трапіць прызнаны клясык такога рангу. Здавалася б, кнігі гэтага аўтара ёсьць ці ня ў кожнага аматара літаратуры. А калі няма, дык набыць іх не праблема. Але ж вось, для кагосьці гэта стала праблемай — ну я і пазычыў… на няпэўны тэрмін.

Уладзімер Караткевіч. Пачатак 1960-х
Уладзімер Караткевіч. Пачатак 1960-х

Ёсьць нешта знакавае і сымбалічнае ў тым, што вядомы краязнаўчы нарыс і ня менш знакамітая дэтэктыўная аповесьць аб’яднаныя пад адной вокладкай. І прычынаю тут ня толькі агульная прысутнасьць у школьнай праграме. Здаецца, гэта тыя творы, якімі Ўладзімер Караткевіч вядзе дыялёг з сусьветам. Сусьветам у шырокім сэнсе — і прасторавым, і часавым. «Зямля пад белымі крыламі» пачаткова публікавалася ў маскоўскай газэце, асобным выданьнем упершыню выйшла ў Кіеве і, такім чынам, разьлічвалася на чытачоў, якія, можа, ніколі не бывалі ў Беларусі. «Дзікае паляваньне караля Стаха» — твор зь яскравай праекцыяй і ў мінулае, і ў будучыню. Мінулае — гэта і гістарычны калярыт ХІХ стагодзьдзя, калі адбываецца дзеяньне, і перагукваньне зь вядомым конандойлеўскім «Сабакам Баскервіляў», якім натхняўся Караткевіч. Будучыня — фільм, опэра, спэктаклі, комікс, музычны альбом і асобныя песьні, створаныя паводле аповесьці. Ужо само па сабе словазлучэньне «дзікае паляваньне» сёньня — гэта ў чымсьці наш, беларускі, хадульны вобраз і брэнд.

Ганна Брэская. «Настурцыі». Першая кніга паэзіі. Прадм. А. Аркуша. Полацак, «Полацкае ляда», 2000.

Ну здавалася б. Цяпер мы ведаем пра Ганну Брэскую нашмат болей, чым ёсьць у гэтай кніжцы. Ведаем не 13 вершаў, а крышачку болей. Ведаем дзявочае прозьвішча, год нараджэньня, месцы працы… Ведаем, хто быў яе муж. І нават ведаем, хто быў мужаў сябар, які напісаў твор, за які абодвух і арыштавалі (о, гэта асобная тэма!). І ўсе вершы Ганны Брэскай, і ўдакладненыя біяграфічныя зьвесткі я маю ў электронным выглядзе. Але нават пасьля гэтага чамусьці хочацца вяртацца да гэтай кніжкі, гартаць яе старонкі. Можа нават, каб пабачыць адлегласьць паміж «было» і «стала». Тут галоўнае было пакласьці пачатак, зацікавіць, заінтрыгаваць, пусьціць імя «ў прастор». Магчыма, выданьні кшталту гэтага якраз-такі натхняюць на навуковы пошук і далейшае адкрыцьцё забытых імёнаў і старонак нашай літаратуры. Зрэшты, і ў біяграфіі Ганны Брэскай кропка яшчэ не пастаўлена…

«Terra Alba. Т. 2. Homo venerius: сэксуальная прастора беларускай культуры». Пад рэдакцыяй С. І. Даніленкі. Менск, «Экапэрспэктыва», 2001.

Зборнік, падрыхтаваны з ініцыятывы магілёўскіх навукоўцаў з таварыства «Брама». Пэўна, адно зь першых выданьняў (пасьля «парнаграфічнага» спэцнумару Arche), дзе сабраныя разам навуковыя дасьледаваньні, археаграфічныя публікацыі, падборкі фальклёрных эпіграм і прыпевак на тэму інтымнага жыцьця беларусаў. Прычым ахоплены самыя розныя гістарычныя пэрыяды, але найбольш усё ж — даўнія часы ВКЛ. Ёсьць там, напрыклад, матэрыялы «Сэксуальнае жыцьцё шляхты Вялікага княства Літоўскага ў XVI–XVIII стст.» Натальлі Сьліж, «Новыя архіўныя зьвесткі аб продках Адама Міцкевіча» Сяргея Даніленкі, «Матрыманіяльнасьць і сэкс у Беларусі XI–XVIII стст.» Ігара Марзалюка… І, вядома ж, самая вясёлая частка зборніка — аб’ёмная падборка эратычнага фальклёру кшталту «А дзед боб малаціў, баба падсявала…».

Зборнік карыстаўся папулярнасьцю ў маіх сяброў і пачаў ужо рассыпацца. А потым, памятаю, даў яго адной журналістцы, якая так дагэтуль і не вярнула. Мабыць, зачыталася.

Альгерд Бахарэвіч. «Натуральная афарбоўка». Менск, «Логвінаў», 2003.

Другая па часе кніга вядомага празаіка, які сёньня годна і пасьпяхова прадстаўляе беларускую літаратуру ў эўрапейскай прасторы. У мяне асобнік «Натуральнай афарбоўкі» быў з адбіткам пальца аўтара.

Альгерд Бахарэвіч працуе над «Плошчай Перамогі», Грац, 2021, карціна Кацярыны Дубовік
Альгерд Бахарэвіч працуе над «Плошчай Перамогі», Грац, 2021, карціна Кацярыны Дубовік

Нагадаю, менавіта ў гэтую кнігу ўвайшло апавяданьне «Не кранаючы фігуры» — пра Кашкіна, безабаронную істоту, здольную толькі зь віскатам і стогнамі трываць скіраваную на яго агрэсію і толькі менавіта дзеля гэтага — паглынаньня сабою чужога нэгатыву — і створаную. Кашкін — мабыць, адзін з найбольш запамінальных вобразаў яшчэ параўнальна раньняга Альгерда Бахарэвіча. Тут жа, у кнізе, і ня менш яскравае апавяданьне «Беларусы на крыштальных шарах»: «Сьвятло мякка ападала на сьцены цырку, расступалася перад яркай дарогай, якая вяла ў нязьведаныя касьмічныя далечы. Беларусы йшлі, павольна круцячы лапамі зьзяючыя шары, але ў гэтым не адчувалася аніякага прымусу». Праўда, дзень сёньняшні пераконвае, што беларусы здольныя ня толькі на цыркавое балянсаваньне на крыштальных шарах, але і на нешта куды большае.

Назву ж кнізе дала аповесьць «Натуральная афарбоўка» пра драматычныя пошукі мастаком свайго месца ў сучасным постсавецкім сьвеце — з цэнтральным вобразам злавеснага Прадпрыемства.

Ну кніга, хоць і без адбітку пальца, прынамсі ёсьць у інтэрнэце — дзякуй, Kamunikat!

Янка Юхнавец. «Паэзія». Уклад., прадм. і камэнт. Л. Юрэвіча. Пад рэд. Н. Гардзіенкі. Менск, «Лімарыус», 2012.

Янка Юхнавец, Нью Юрк, сакавік 1992. Фота Яна Максімюка
Янка Юхнавец, Нью Юрк, сакавік 1992. Фота Яна Максімюка

Янка Юхнавец. Адзін з самых арыгінальных і загадкавых творцаў беларускай эміграцыі. Мысьляр. Экспэрымэнтатар. Словатворца. Вэрлібрыст. Імпрэсіяніст. Пясьняр унутранай свабоды. Перакладчык і ў пэўным сэнсе пасьлядоўнік Эзры Паўнда. Паэт, якога, мабыць, цяжка з кімсьці зблытаць, найперш дзякуючы стылістычнай разьняволенасьці й багацьцю дыялектызмаў. Мне ён блізкі ўжо тым, што напісаў: «Чым больш творыцца незразумелага / тым розум больш разумным станецца». Гэтак і творы яго быццам прыхінутыя нейкім вэлюмам, нейкай смугою недаказанасьці, а часам і наадварот, «пера-казанасьці». Гэта вершы, якія не заўсёды спасьцігаюцца зь першага разу і здольныя перачытвацца штораз па-новаму. Вершы — нарэшце сабраныя ў адзін грунтоўны том — да якіх хочацца вяртацца.

І вярнуўся б, але… зноў-ткі, даў камусьці пачытаць.

Ян Скрыган. «Сэрцу горкая далячынь. Дзёньнікі». Уклад., прадмова Галіны Скрыган. Менск, «Кнігазбор», 2013.

Ян Скрыган — асоба, вядома ж, даволі шматбаковая. Памятаю, што маё першае знаёмства з яго творчасьцю адбылося праз аб’ёмную і багатую на дэталі скрыганоўскую мэмуарыстыку. Яе насычаная фактура пераносіць нас у часы маладосьці пісьменьніка, у міжваенны пэрыяд. Перад намі паўстаюць галерэі партрэтаў тагачасных асобаў — і вядомых, і напаўзабытых, але пераважна зь літаратурнага сьвету, да якога належаў сам аўтар. Дзёньнікі Яна Скрыгана быццам узаемадапаўняюць тое, што ён выказаў у сваіх завершаных, апублікаваных пры жыцьці тэкстах. Там таксама раз-пораз узьнікаюць абліччы тых, з кім аўтара сутыкаў лёс. Вядома ж, на дзёньнікавых запісах Ян Скрыган адточваў і свой пісьменьніцкі стыль. Ён быў выдатным стылістам (кажуць, скараціў раман Міхася Лынькова «Векапомныя дні» на цэлы том) і да таго ж вельмі назіральным чалавекам. Чаго варты ягоны афарызм, які чамусьці сяды-тады ўсплывае ў маёй галаве: «Часам бывае, што найкарацейшую дарогу да ісьціны дае памылка»

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG