Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрымалі яшчэ 118 мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу зь беларускага боку


Адна з групаў мігрантаў, затрыманых у папярэднія дні

У папярэднія содні быў рэкорд — 171 мігрант. У Літве разгортваюць новае намётавае мястэчка для іншаземцаў.

За мінулыя содні 28 ліпеня ў Літве затрымалі 118 мігрантаў, якія прыйшлі ў краіну з боку Беларусі, паведаміў сайт літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

З пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 3145 мігрантаў, што ў 39 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год, калі незаконна перайшоў мяжу зь беларускага боку 81 мігрант.

2005 чалавек мелі дакумэнты грамадзян Іраку альбо назваліся імі, 191 чалавек назваў грамадзянства Конга, 129 — Камэруну, 84 — Сырыі, 83 — Расеі, 81 — Ірану, 79 — Гвінэі, 77 — Аўганістану.

Як паведамляе Delfi, цяпер на вайсковым палігоне ў Салечніцкім раёне ўзводзяць новае намётавае мястэчка. Гэтае месца на 1,5 тысячы людзей спрабуюць падрыхтаваць як мага хутчэй, бо памежнікі скардзяцца, што ім ужо няма куды зьмясьціць мігрантаў.

«У нас ёсьць зьвесткі, што ў Горадні цяпер знаходзяцца каля 2000 нелегальных мігрантаў, якія чакаюць перасячэньня мяжы. Ёсьць розная інфармацыя», — заявіў намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы палкоўнік Відас Мачайціс.

Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.

Міністар унутраных справаў Літвы Агне Білатайце прапанавала ўвесьці ў Літве надзвычайнае становішча з прычыны наплыву мігрантаў, аднак прэзыдэнт Гітанас Наўседа палічыў гэта заўчасным захадам: на яго думку, сілавыя структуры Літвы яшчэ ня вычарпалі ўвесь патэнцыял і могуць даць рады ў процістаяньні міграцыйнаму крызісу.

Ад наплыву мігрантаў зь беларускага боку цярпіць і Польшча. Дзень таму там затрымалі 30 чалавек, 29 зь якіх былі з Аўганістану, адзін з Іраку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG