Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выкрыць Ярмошыну на рэфэрэндуме. Дыскусія Карбалевіча і Шрайбмана


Як нязгодная з Лукашэнкам частка грамадзтва можа заявіць сваю пазыцыю на канстытуцыйным рэфэрэндуме?

Гэтае пытаньне ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Арцём Шрайбман.

Шрайбман

  • Найбольш імаверны варыянт — што дэмакратычныя сілы заклічуць людзей не ігнараваць канстытуцыйны рэфэрэндум, а прыходзіць на яго і запісваць у бюлетэнь свой выбар на карысьць «Народнай Канстытуцыі».
  • Усім зразумела, што ўлады ня вынесуць на галасаваньне праект «Народнай Канстытуцыі».
  • Упісаўшы ў бюлетэнь свой выбар на карысьць «Народнай Канстытуцыі», выбаршчык сапсуе бюлетэнь, і такім чынам будзе бачна, колькі людзей супраць таго, што Лукашэнка перапісвае Канстытуцыю пад сябе.
Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман
  • Такія паводзіны — спосаб не гуляць па правілах улады.
  • І цяперашняя Канстытуцыя, і Канстытуцыя, праект якой апублікаваў Васкрасенскі, — гэта варыянты, камфортныя для Лукашэнкі.
  • Я ня думаю, што рэфэрэндум пры сучасным стане грамадзтва мае шанцы стаць палітычным землятрусам.
  • Нешта непрадбачанае здарыцца можа, але пакуль гэта не прадбачыцца.
  • У апазыцыі ёсьць выбар — дастаўляць уладзе дыскамфорт ці не дастаўляць.
  • Сцэнар з масавымі сапсаванымі бюлетэнямі дыскамфорт уладзе дастаўляе.
  • Астатнія варыянты, у тым ліку і прапанова Карбалевіча галасаваць за новую Канстытуцыю, якую прапануе Лукашэнка, не ствараюць для сыстэмы ніякага стрэсу.

Карбалевіч

  • Апанэнты рэжыму сёньня няздольныя накінуць свой парадак дня гэтага рэфэрэндуму.
  • Адзіны варыянт — паспрабаваць убудавацца ў тую кампанію, якую ладзяць улады.
  • Летась гэта атрымалася.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Я сваімі заявамі справакаваў пачатак дыскусіі на гэтую тэму — пра тактыку апанэнтаў рэжыму на рэфэрэндуме.
  • Добрага варыянта ў цяперашняй сытуацыі ў дэмакратычных сілаў няма.
  • Улады ў любым выпадку абвесьцяць 80% за праект, прапанаваны Лукашэнкам.
  • Байкот — гэта дэмабілізуючая тактыка. Важны ўрок мінулага году — мабілізуе толькі пазытыўны парадак дня.
  • Застаецца варыянт — прыйсьці на выбарчы ўчастак, узяць бюлетэнь і нешта зь ім зрабіць.
  • Забраць яго з сабой — на гэта можа быць суворая рэакцыя.
  • А вось сапсаваць яго, напісаўшы нешта — гэта варыянт. Трэба дамовіцца што.
  • Ня выключана, што могуць зьмяніць заканадаўства і абвясьціць псаваньне бюлетэня крымінальным злачынствам.

Шрайбман

  • Такія тактыкі выкарыстоўваліся раней у розных краінах.
  • Ксенія Сабчак ішла на выбары як кандыдат «Супраць усіх».
  • У лідэраў беларускага пратэсту ёсьць база, якая магла б зрабіць такі выбар.
  • Гэта ня тая тактыка, якая выйграе рэфэрэндум. Немагчыма выйграць рэфэрэндум, калі няма варыянта, які табе даспадобы.
  • Гэта толькі тое, што стварае ўладзе нязручнасьць.
  • У такім варыянце ўлада вымушаная будзе фальсыфікаваць вынікі, бо прызнаць 15–20% сапсаваных бюлетэняў — гэта дыскамфорт для ўлады, калі звычайна гэтая колькасьць каля 1%.
  • Валер мае рацыю, што дэмабілізацыйная тактыка — гэта заўсёды кепска.
  • Але яго прапанову падтрымаць афіцыйны праект немагчыма параўнаць зь леташняй прапановай ісьці на выбары і галасаваць за Ціханоўскую.
  • Калі вы прапануеце галасаваць за альтэрнатыву, зразумела, дзеля чаго вы мабілізуеце людзей.
  • Пры варыянце Валера — галасаваць за праект Лукашэнкі — на што мабілізуюцца людзі?

Карбалевіч

  • Мая ідэя была падтрымаць транзыт.
  • Яна была актуальная пры пэўных умовах — калі будзе той варыянт, які апублікаваў Васкрасенскі, бязь нейкай пасады для Лукашэнкі, калі ўлада абвяшчае, што пасьля рэфэрэндуму празь некалькі месяцаў будуць датэрміновыя выбары, калі Лукашэнка абвяшчае, што ня пойдзе на выбары.
  • Транзыт улады будзе азначаць, што рэвалюцыя дасягнула сваіх мэтаў, толькі з адтэрміноўкай у паўтара года.

Шрайбман

  • Калі будуць выкананыя тры ўмовы, якія называе Валер, магчыма, ёсьць база для аб’яднаньня вакол ідэі транзыту.
  • А што рабіць на рэфэрэндуме, калі Лукашэнка не выконвае гэтыя ўмовы?
  • У праекце, абнародаваным Васкрасенскім, не пазначана, калі будуць наступныя прэзыдэнцкія выбары.
  • Лукашэнка ўжо абвясьціў, што парлямэнцкія выбары адбудуцца ў 2023 годзе.
  • Гэта значыць, што датэрміновыя парлямэнцкія выбары не прадугледжаныя.
  • З гэтай лёгікі можна зрабіць выснову, што і прэзыдэнцкі тэрмін ня скончыцца да 2025 году.

Што было раней

  • Канстытуцыйная камісія, прызначаная Лукашэнкам, падвяла вынікі працы. Апошняе яе паседжаньне адбылося 21 ліпеня ў Менску.
  • Старшыня камісіі, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч агучыў некалькі з прапаноў на ўнясеньне ў новую Канстытуцыю: прэзыдэнт ня можа выбірацца больш як на 2 тэрміны; узроставы цэнз для пасады прэзыдэнта — 40 гадоў; цэнз аселасьці — пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь ня менш як 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі;
  • Юры Васкрасенскі апублікаваў праект Канстытуцыі, які, паводле яго, быў распрацаваны афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіяй. Праект прадугледжвае пэўнае скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і не зьмяшчае апісаньня пасадаў кіраўніка Рады бясьпекі і Ўсебеларускага народнага сходу.
  • Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэта прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».
  • Праект «Народная Канстытуцыя» прадугледжвае выкананьне наступных прынцыпаў:
  • Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьняў і супрацьвагаў.
  • Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя спаміж калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.
  • Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.
  • Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG