Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг Лукашэнкі і Пяскова: пераклад на звычайную мову


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Санкт-Пецярбург, 13 ліпеня 2021 г.

Учорашні завочны дыялёг паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэсавым сакратаром Ўладзімера Пуціна Дзьмітрыем Пясковым — узор перакручанай постсавецкай палітычнай мовы, калі ўсе маюць на ўвазе ня тое, што гавораць, і пры гэтым адно аднаго выдатна разумеюць.

Што дакладна сказаў Лукашэнка?

  • Калі трэба будзе для бясьпекі Саюзнай дзяржавы разьмясьціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраеньняў — яны будуць тут разьмешчаныя неадкладна.
  • Зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці, бо Беларусь мае досыць моцныя, згуртаваныя, кампактныя Ўзброеныя Сілы.
  • Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі. Такога ніколі ня будзе. Але калі трэба, мы разважаць ня будзем.

Тое, што расейскія войскі ў выпадку нападу на Беларусь могуць прыйсьці ёй на дапамогу — гэта вынікае проста з таго, што Беларусь і Расея — вайсковыя хаўрусьнікі, чальцы АДКБ, такая магчымасьць наўпрост запісаная ў артыкуле 4 дамовы.

Калі Лукашэнка проста канстатаваў гэты факт, дадаўшы да таго ж, што зараз патрэбы ў расейскіх войсках у Беларусі няма, то чаму ж прэсавы сакратар Пуціна адрэагаваў на гэтыя заявы Лукашэнкі імгненна, нават не дачакаўшыся заканчэньня нарады саюзьніка з сваёй «вэртыкальлю»?

А таму што ў перакладзе на звычайную мову гэтыя супярэчлівыя заявы Лукашэнкі гучалі насамрэч даволі ясна.

Гэта пасланьне Захаду — калі вы будзеце на мяне ціснуць (і размова ня толькі пра беспасярэдні вайсковы напад), то я магу падняць стаўкі і ўцягнуць у канфлікт нават расейскую вайсковую сілу. Я на гэта здольны, расейцы будуць вымушаныя пайсьці мне насустрач, і вы ня вытрымаеце гульню з такімі стаўкамі — ня вытрымаеце нават такой пагрозы, ня тое што яе рэалізацыі.

І вось на гэта Пяскоў і рэагаваў, сказаўшы: «Беларусь не зьвярталася да Расейскай Фэдэрацыі з нагоды магчымасьці разьмяшчэньня расейскіх узброеных сілаў».

Ізноў жа — на першы погляд, прычым тут гэта і які гэта адказ на словы, сказаныя Лукашэнкам? Дык і Лукашэнка ж сказаў тое самае: «зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці», «такога ніколі ня будзе».

Але калі ў сваю чаргу перакласьці на звычайную мову адказ Пяскова на сапраўднае пасланьне Лукашэнкі, то ён гучыць так: «Расейскія войскі — не таксі, якое Лукашэнка можа выклікаць па сваёй волі. І разважаць наконт выкарыстаньня нашых узброеных сілаў за межамі краіны будзем мы, Расея, і рашаць будзем мы, Крэмль, а не Лукашэнка. Не хвалюйцеся, мы яго кантралюем».

Але сказана, зразумела, было іншае. Аднак усе адзін аднаго зразумелі. І на Захадзе таксама зразумелі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG