Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвясьцілі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. СЬПІС


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў выканаўчы загад аб блякаваньні маёмасьці дадатковых асобаў, датычных да сытуацыі ў Беларусі.

Выканаўчым загадам была пашыраная сфэра дзеяньня надзвычайнай сытуацыі, абвешчанай у выканаўчым загадзе ад 16 чэрвеня 2006 году (Блякаваньне ўласнасьці некаторых асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі).

Гэта было зроблена ў сувязі з тым, што «шкодная дзейнасьць і няспынныя злоўжываньні беларускага рэжыму накіраваныя на здушэньне дэмакратыі і недапушчэньне рэалізацыі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі... уяўляюць сабой незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША».

Міністэрства фінансаў ЗША ў адпаведнасьці з загадам уводзіць 9 жніўня найбуйнейшы пакет санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму.

У прыватнасьці, ўводзяцца санкцыі ў дачыненьні да:

— ААТ «Беларуськалій», які зьяўляецца адным з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, адным з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў калійных угнаеньняў і, як лічыць амэрыканскі бок, зьяўляецца «крыніцай незаконнага ўзбагачэньня рэжыму»;

— Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які «абвінавачваецца ў адмываньні грошай, ухіленьні ад санкцыяў і абыходзе візавых забаронаў, і якому Міжнародны алімпійскі камітэт публічна абвясьціў вымову за яго няздольнасьць абараніць беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі і рэпрэсіяў».

У санкцыйны сьпіс таксама ўключаныя «вядомыя бізнэсоўцы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а таксама 15 кампаніяў, зь якімі яны зьвязаны, у тым ліку „Абсалютбанк“, і шэраг кампаніяў, якія працуюць у тытунёвай, будаўнічай, энэргетычнай і транспартнай галінах эканомікі Беларусі».

ЗША таксама вітаюць скаардынаваныя крокі па ўвядзеньні санкцыяў, якія распачалі сёньня Вялікабрытанія і Канада, а таксама сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму, аб увядзеньні якіх Эўразьвяз абвясьціў 24 чэрвеня, сказана ў паведамленьні.

«Сёньняшнім рашэньнем прэзыдэнт Байдэн выконвае сваё абяцаньне прыцягнуць беларускі рэжым да адказнасьці за яго злоўжываньні, — сказана ў паведамленьні. — Пазыцыя адміністрацыі Байдэна застаецца выразнай: рэжым Лукашэнкі павінен дазволіць законнае міжнароднае расьсьледаваньне прымусовай пасадкі рэйсу Ryanair, павінен неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, мусіць спыніць перасьлед актывістаў і дысыдэнтаў, у тым ліку за мяжой, і павінен пачаць сапраўдны і ўсёабдымны палітычны дыялёг з дэмакратычнай апазыцыяй і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, які прывядзе да свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў пад наглядам АБСЭ».

Пры адсутнасьці такіх крокаў урад ЗША працягне выкарыстоўваць гэты загад для таго, каб у далейшым прыцягваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за «спрыяньне карупцыі, парушэньні правоў чалавека, транснацыянальныя рэпрэсіі і парушэньні дэмакратычных свабодаў і міжнародных нормаў».

Санкцыйны сьпіс, апублікаваны на сайце Міністэрства фінансаў ЗША:

Фізычныя асобы

  • Аземша Сяргей Якаўлевіч — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Алексін Аляксей Іванавіч — адзін зь вядучых бізнэсоўцаў Беларусі, саўладальнік Bremino Group
  • Аўраменка Аляксей Мікалаевіч — міністар транспарту і камунікацыяў
  • Бунакоў Андрэй Мікалаевіч — намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім»
  • Бычак Канстанцін Фёдаравіч — начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ
  • Варабей Мікалай Мікалаевіч — беларускі бізнэсовец, уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс» і «Нафтабітумны завод» па аптовым гандлі нафтапрадуктамі, банку «Абсалютбанк» і іншых кампаній
  • Васільеў Анатоль Іванавіч — начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму
  • Гайдукевіч Алег Сяргеевіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў
  • Гара Дзьмітры Юр’евіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Давыдзька Генадзь Браніслававіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Камітэту па правах чалавека і СМІ
  • Дрыль Глеб Уладзімеравіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Карыч Нябойша
  • Кенюх Ігар Рыгоравіч — начальнік Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Лапыр Уладзімер Іосіфавіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Ляшэнка Ігар Васілевіч — генэральны дырэктар «Гродна Азот»
  • Рыбакоў Андрэй Аляксеевіч — старшыня канцэрну «Белнафтахім»
  • Сікорскі Арцём Ігаравіч — дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту
  • Харанека Вячаслаў Васільевіч — дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Менск
  • Чуро Леанід Мікалаевіч — генэральны дырэктар «Белаэранавігацыі»
  • Шакута Дзьмітры Віктаравіч — спартовец, удзельнік вулічных рэйдаў супраць пратэстоўцаў
  • Шандаровіч Алег Станіслававіч — начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч
  • Шапецька Яўген Андрээвіч — начальнік ЦІП на завулку Акрэсьціна
  • Шманай Дар’я — асоба з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі

Юрыдычныя асобы

  • ЗАТ «Абсалютбанк»
  • ЗАТ «Новая нафтавая кампанія»
  • ЗТАА «Дана Астра»
  • Спартовы клюб «Шок»
  • Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі
  • Нафтабітумны завод
  • ААТ «Беларуськалій»
  • ААТ Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман»
  • ТДА «Белнафтагаз»
  • ТАА «БелКазТранс»
  • ТАА «Bremino Group»
  • ТАА «Dubai Water Front»
  • ТАА «Inter Tobacco»
  • ТАА «Interservice»
  • ТАА «Новая нафтавая кампанія Ўсход»
  • ТАА «Emirates Blue Sky»
  • СЗАТ «Energo-Oil»
  • Сьледчы камітэт Беларусі
  • Управа ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці
  • «Dana Holdings Limited» (Кіпр)
  • «БелКазТранс Украіна»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG