Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартоўцу Кудзіну, якога экстрадавалі з Расеі, за пратэсты прысудзілі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму


Аляксей Кудзін на рынгу

Суд Маладачанскага раёну 11 жніўня прысудзіў вядомаму чэмпіёну ў адзінаборствах 2,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Пра вырак паведаміла «Рэгіянальная газэта».

Пракурор прасіў даць 3 гады і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму. Практычна ўсе сьведкі на судзе былі міліцыянтамі.

Аляксея Кудзіна вінавацілі паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, спалучаны з ужываньнем гвалту або з пагрозай яго прымяненьня).

У камэнтары каналу «ЧестнОК» яшчэ напярэдадні вынясеньня прысуду жонка Кудзіна Тацьцяна Пархімовіч, камэнтуючы тое, што пракурор запатрабаваў 3,5 года, сказала:

«Такі тэрмін у выпадку з Аляксеем – гэта парушэньне Крымінальнага кодэксу, як мне патлумачыў адвакат. Артыкул 363, па якім праходзіць мой муж, зрабілі больш жорсткім з 26 траўня 2021-га, цяпер максымальны тэрмін па ім складае 7 гадоў. І я так разумею, што пракурор якраз запрасіла палову гэтага тэрміну.

Але ўсё, што адбылося з Аляксеем, здарылася ў 2020 годзе, 10 жніўня. На той момант максымальны тэрмін складаў пяць гадоў. Паводле крымінальнага кодэксу, важна, ці ёсьць хоць нейкая зьмякчальная акалічнасьць – напрыклад, чалавек ня быў раней судзімы ці ёсьць поўнае прымірэньне бакоў, бо мы ж яшчэ летась аплацілі двум пацярпелым маральныя страты. У такім выпадку, бо ўся гісторыя адбылася да ўзмацненьня жорсткасьці закону, прадугледжваецца палова пяцігадовага тэрміну – 2,5 года. Адвакат агучыла ўсё гэта ў залі суду, спытала, да чаго тут 3 гады 6 месяцаў, калі максымум, што можа запрошваць пракурор – гэта 2,5 года».

У выніку Кудзіну прысудзілі 2,5 года.

  • У жніўні 2020 году Кудзін удзельнічаў у пратэстах у Маладэчне, калі адбыліся сутыкненьні зь сілавікамі. Спартоўца спачатку зьмясьцілі пад адміністрацыйны арышт, пасьля аштрафавалі, а потым завялі на яго крымінальную справу. У лістападзе Кудзін не зьявіўся ў суд, улады абвясьцілі яго ў вышук. Як выявілася, ён уцёк з краіны.
  • Спартоўца затрымалі ў Расеі ў студзені 2021-га. У лютым Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. Беларускія спартоўцы напісалі некалькі пэтыцый да расейскіх уладаў з просьбай аб прыпыненьні экстрадыцыі чэмпіёна ў Беларусь. Нягледзячы на забарону Эўрапейскага суду ў правах чалавека, Расея ўсё адно выдала Кудзіна афіцыйнаму Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG