Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі масавая атака на ўдзельнікаў ініцыятывы «Сход». Што пра яе вядома?


11 жніўня сілавікі прыйшлі як мінімум да некалькіх дзясяткаў прадстаўнікоў «Сходу». Пакуль невядома, у чым іх абвінавачваюць.

Што такое «Сход»?

На сайце праекту пазначана, што «Сход» — гэта «незалежная палітычная ініцыятыва, за якой не стаяць нейкія палітычныя сілы, альбо партыі», і якая «створаная для выражэньня меркаваньняў і інтарэсаў народу Беларусі, але не замяняе сабой органы дзяржаўнай улады і кіраваньня».

Пляцоўка была ўтвораная зімой 2021 году як альтэрнатыва Ўсебеларускаму народнаму сходу, арганізаванаму Лукашэнкам. Каб стаць дэлегатам «Сходу», неабходна было запоўніць заяўку на адмысловай лічбавай плятформе — запоўніць анкету і запісаць відэазварот зь пералікам праблемных момантаў для пэўнага рэгіёну, якія народны прадстаўнік зьбіраецца вырашаць.

Паводле задумы, у наступныя пасьля рэгістрацыі патэнцыйнага кандыдата тры дні можна было прагаласаваць за прэтэндэнта, які спадабаўся найбольш. Галасаваньне адбывалася праз вайбэр ці тэлеграм з уключанай геалякацыяй.

Колькі «дэлегатаў» там зарэгістравалася?

Агулам на 328 акругаў (яны часткова паўтараюць схему адміністрацыйнага падзелу Беларусі. — РС) заяўкі падалі больш за 400 чалавек. Сярод іх хапала і вядомых асобаў. Напрыклад, дыплямат Ігар Ляшчэня, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, аналітык Андрэй Ягораў, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, адзін з кіраўнікоў БХД Дзяніс Садоўскі, былы старшы віцэ-прэзыдэнт кампаніі EPAM Systems Максім Баграцоў, бізнэсовец Валер Астрынскі, грамадзкія актывісты Ўладзімер Шанцаў, Ільля Дабратвор, Хрыстафор Жаляпаў, Андрэй Комлік-Ямацін ды іншыя.

«Уся краіна разьбіта на віртуальныя ўчасткі, якія адпавядаюць адміністрацыйнаму падзелу Беларусі. Кандыдаты ў дэлегаты запаўняюць анкеты і вылучаюцца ад сваіх участкаў. Галасаваньне адбываецца пры дапамозе чат-боту», — тлумачылі ініцыятары.

Чым займаліся ўдзельнікі «Сходу»?

Пераважна абмеркаваньнем разнастайных тэмаў і праблемаў у віртуальным фармаце. На сайце праекту ў вольным доступе выкладзеныя запісы такіх абмеркаваньняў, зробленыя праз плятформу Zoom. Апошні запіс датуецца 27 ліпеня 2021 году, ён прысьвечаны разьвіцьцю самой пляцоўкі і фарматам далейшай працы «Сходу».

Абмяркоўвалі ўдзельнікі ініцыятывы і праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, патрабаваньне вызваліць Віктара Бабарыку, падрыхтоўку да мясцовых выбараў і іншыя пытаньні.

Акрамя непасрэдна ўдзелу ў абмеркаваньні, кожны зарэгістраваны ўдзельнік мае права галасаваць па тым ці іншым пытаньні. Вынікі галасаваньняў таксама дасяжныя ў адкрытым доступе.

Што здарылася 11 жніўня?

Паводле праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», у першай палове дня сілавікі прыйшлі адразу да некалькіх дзясяткаў зарэгістраваных «дэлегатаў» плятформы «Сход».

Ператрусы прайшлі ў

  1. Алены Радаман,
  2. Юрыя Пісарчука,
  3. Уладзіміра Каралёва,
  4. Уладзімера Мельніка (вызвалілі пасля допыту),
  5. Аляксея Багушэвіча,
  6. Максіма Жукава (вызвалілі пасля допыту),
  7. Івана Бялецкага,
  8. Ігара Ляшчэні (былы амбасадар Беларусі ў Славакіі),
  9. Алены Патаповіч,
  10. Паўла Якуты,
  11. Вольгі Казановіч,
  12. Аляксея Адамовіча (выпусцілі пасля допыту ў КДБ),
  13. Аляксея Плавінскага (вызвалілі пасля допыту),
  14. Сяргея Ванінскага (вызвалілі пасля допыту),
  15. Аляксея Дзеравягі (вызвалілі пасля допыту),
  16. Натальлі Абрашына-Жадаевай (вызвалілі пасля допыту),
  17. Радзіслава Фяцісава (вызвалілі пасля допыту),
  18. Дзяніса Садоўскага (вызвалілі пасля допыту з падпіскай аб неразгалошванні),
  19. Васіля Лапаціна (вызвалілі пасля допыту),
  20. Аляксандра Малашыва,
  21. Ігара Новіка (Нясьвіж, вызвалілі),
  22. Мікалай Стрэха (верагодна, затрыманы, яго тг-канал захоплены).

На сувязь не выходзяць Алексей Блажэвіч, Яўген Пратасеня. Міліцыянты таксама тэлефанавалі Максіму Лімонаву, Паўлу Самусеву.

З чым зьвязанае правядзеньне ператрусаў, па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа і ці ўзбуджаная яна ўвогуле, ці датычыць яна дзейнасьці «Сходу», пакуль невядома.

Частку ўдзельнікаў «Сходу» затрымалі раней, яшчэ да 11 жніўня. Напрыклад, філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG