Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць для палітвязьня Латыпава 8,5 года зьняволеньня


Суд Савецкага раёну Менску

11 жніўня ў судзе над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым прайшлі спрэчкі бакоў.

Палітзьняволенага менчука з «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава дзяржабвінаваўца Ўладзімер Рабаў папрасіў прызнаць вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна»:

  • ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, зьдзейсьненае ў асабліва буйным памеры).

Пракурор запрасіў пакараньне для палітвязьня ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 8,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 300 базавых велічыняў, што цяпер складае 8700 рублёў.

Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Воўк.

Сьцяпан Латыпаў не прызнаў віны па ніводным з артыкулаў. Свой перасьлед ён назваў выключна палітычна матываваным.

Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці. Бацькі — біёлягі. Паводле прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.

Яго затрымалі 15 верасьня ў двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў зрабіў спробу суіцыду падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Яго даставілі ў лякарню, дзе ён перанёс апэрацыю. Але ўжо на наступны дзень забралі са шпіталя і перавезьлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага Сьцяпан Латыпаў прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.

Неўзабаве суд над ім аднавіўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG