Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: «ЗША ня будуць удзельнічаць у чужой грамадзянскай вайне»


Джо Байдэн падчас звароту

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў журналістам у Белым доме, што не шкадуе аб сваім рашэньні вывесьці ўсе амэрыканскія войскі з Афганістану.

Ён пацьвердзіў прыхільнасьць свайму рашэньню. «Праз 20 гадоў стала ясна, што належнага часу для вываду войск ЗША не было ніколі».

«Я чацьвёрты прэзыдэнт ЗША, якому давялося весьці вайну ў Афганістане. За два апошнія дзесяцігодзьдзі двое рэспубліканцаў і двое дэмакратаў займаліся гэтай вайной, — сказаў Байдэн. — І я не зьбіраюся перадаваць цяжар гэтай вайны наступнаму, пятаму прэзыдэнту».

Джо Байдэн прызнаў, што імклівы захоп улады рухам «Талібан» адбываўся хутчэй, чым разьлічвалі ў ягонай адміністрацыі. Ён, аднак, настойвае на правільнасьці свайго рашэньня вывесьці войскі ЗША з Афганістану.

Паводле Байдэна, ЗША зрабілі ўсё магчымае, каб забясьпечыць афганскім узброеным сілам магчымасць пасьпяхова супрацьстаяць талібам. Ваенная місія ЗША ў Афганістане абышлася ў 1 трыльён даляраў. Афганскія салдаты атрымалі ўзбраеньне, тэхніку і рыштунак, яны своечасова атрымлівалі заработную плату, адзначыў Байдэн, ілюструючы ўклад ЗША ў стварэньне ўзброеных сіл Афганістану.

Такім чынам, як адзначылі журналісты, якія абмяркоўвалі тэлезварот Байдэна, прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тых, хто ня змог скарыстаць з дадзеных магчымасьцяў.

«Амэрыканскія войскі ня могуць і не павінны ваяваць і гінуць у вайне, якую самі афганцы не жадаюць весьці дзеля саміх сябе».

Прэзыдэнт Байдэн у сваім першым публічным выступе з моманту прыходу да ўлады ў Афганістане руху «Талібан» заявіў, што нацыянальныя інтарэсы ЗША ў Афганістане заўсёды палягалі ў недапушчэньні тэрарыстычных нападаў на тэрыторыю ЗША. «Амэрыканская місія ў Афганістане ніколі не прадугледжвала ўдзелу ЗША ў будаваньні [афганскай] нацыі», — заявіў Байдэн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG