Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаў горш чуць пасьля зьбіцьця, 11 месяцаў ня бачыў сябе ў люстэрка. Што расказаў Латыпаў бацьку на спатканьні пасьля суду


Сьцяпан Латыпаў падчас суду.

У панядзелак, 16 жніўня, суд вынес рашэньне па справе жыхара «Плошчы пераменаў» арбарыста Сьцяпана Латыпава. Мужчыну прысудзілі да васьмі з паловай гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў 300 базавых.

У той жа дзень яго бацька Сяргей Анваравіч паехаў у СІЗА № 1 на Валадарскага, каб сустрэцца з сынам. Час набліжаўся да вечара, таму спатканьне ім не дазволілі. Убачыцца атрымалася толькі раніцай 17 жніўня. Цяпер Сяргей Анваравіч адчувае сябе ня вельмі добра, таму пра тое, як усё прайшло, расказала Tut.by цётка арбарыста Галіна.

— Мінулым летам Сяргей Анваравіч цяжка хварэў каранавірусам. Доўга ляжаў у шпіталі, а калі выпісаўся, сына затрымалі, — кажа пра здароўе Латыпава-старэйшага Галіна. — Адзінаццаць месяцаў ні на кім не адаб’ецца станоўча ў пляне псыхічным і фізычным, але мы стараемся трымацца.
Сьцяпан Латыпаў падчас прысуду. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

Спатканьне бацькі з сынам доўжылася гадзіну.

— Сьцяпан адчувае сябе добра, упэўнены. Падчас апошняга слова ён змог выказацца — і яму стала лягчэй. Нібы падняўся ў гару, і зьявілася палёгка, — вобразна перадае словы Сяргея Анваравіча Галіна. — Паміж Сьцяпанам і адміністрацыяй СІЗА склаліся карэктна-ветлівыя адносіны. Скаргаў і нараканьняў на ўмовы ўтрыманьня ён не агучваў. Лісты, сказаў, хоць і з затрымкай, але даходзяць.

У СІЗА, працягвае цётка, Сьцяпан займаецца спортам — прысядае, робіць расьцяжкі, адціскаецца і шмат чытае. Нягледзячы на тое, што адбылося ў судзе 1 чэрвеня, калі Латыпаў уваткнуў асадку ў горла, дэпрэсіі ў яго няма. Сваім учынкам, тлумачыць суразмоўца, Сьцяпан хацеў выказаць пратэст супраць таго, што зь ім адбылося.

— Ён паказваў, што нельга загнаць чалавека ў кут толькі за тое, як ён думае. Сьцяпан ведае, за што змагаецца, таму ён не зламаны, — адзначае цётка.

А вось з фізычным здароўем Латыпава ня ўсё добра. Падчас апошняга слова, кажа цётка, пляменьнік паведаміў: пасьля таго, як яго зьбілі, ён стаў горш чуць.

— Я ў жаху ад таго, як з ім паступілі. Хіба так можна зьдзекавацца зь людзей у XXI стагодзьдзі, — камэнтуе цётка словы пляменьніка пра тое, як яго білі і завязвалі на галаву пакет. — У дзяцінстве ў Сьцяпана было два моцных страсаньня мозгу.

Паводле цёткі, Сьцяпан будзе абскарджваць рашэньне суду, і родным хочацца верыць, што гэта нешта зьменіць. Сьцяпан папрасіў падпісаць яго на якія магчыма газэты і часопісы, прасіў, каб не шкадавалі і пісалі яму праўду, таму што жыць без інфармацыі вельмі цяжка. Распавядаў, у камэрах няма люстэркаў, таму 11 месяцаў, колькі ён знаходзіцца ў зьняволеньні, ён не бачыў сябе ў люстэрка.

У Галіны таксама была просьба да пляменьніка — яна прасіла Сьцяпана пачаць пісаць дзіцячую кнігу пра вясёлыя прыгоды вожыкаў.

— Сьцёпа адказаў, што ня тая сытуацыя, каб пісаць сьветлыя і добрыя казкі, — агучвае цётка атрыманы адказ. Тым ня менш, кажа, пляменнік ўсё ж працягвае вучыцца маляваць вожыкаў і адсылае іх сябрам, у якіх ёсьць маленькія дзеці. — А яшчэ Сцёпа прасіў перадаць вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае яго ўсе гэтыя месяцы. Усім, хто піша яму, прыносіць перадачы, прыходзіў у суд. Усім, хто разам з ім перажывае за нашу краіну і свабоду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG