Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы зразумелі, што дамагчыся справядлівасьці ня ўдасца». Год таму памёр Генадзь Шутаў. ВІДЭА


Відавочца яго раненьня Аляксандар Кардзюкоў адбывае 10-гадовае пакараньне.

Год таму, 19 жніўня 2020 году, у менскім вайсковым шпіталі памёр Генадзь Шутаў. Яго 11 жніўня сьмяротна параніў вайсковец, капітан спэцназу Раман Гаўрылаў. Сьведку забойства і сябру Шутава Аляксандру Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калёніі за «спробу забойства сілавікоў». Сілавікоў жа прызналі пацярпелымі.

44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў быў паранены ў галаву 11 жніўня падчас разгону масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Параненага Шутава зь Берасьця перавезьлі ў вайсковы шпіталь Менску на верталёце. Але і там яго выратаваць не змаглі. Памёр Шутаў 19 жніўня.

Афіцыйная прычына сьмерці — траўматычны ацёк галаўнога мозгу, пашкоджаньне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі зь нявызначанымі намерамі.

Крымінальную справу распачалі супраць забітага, а не забойцаў

Яшчэ да сьмерці Шутава Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, згодна зь якой праваахоўнікі ў Берасьці папраўдзе прымянялі агнястрэльную зброю супраць групы агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, узброеных арматурай.

Відавочцу забойства Шутава, ягонага сябра Аляксандра Кардзюкова, адразу ж затрымалі і вельмі хутка перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Аляксандар Кардзюкоў, архіўнае фота
Аляксандар Кардзюкоў, архіўнае фота

Спачатку абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.

А потым перакваліфікавалі ў замах на забойства (частка 2 артыкулу 139 КК).

16 лютага ў Берасьці пачаўся суд. На лаве падсудных быў толькі Аляксандар Кардзюкоў, яго перавезьлі ў Берасьце зь СІЗА № 1 Менску напярэдадні працэсу. Памерлы Генадзь Шутаў на працэсе праходзіў як абвінавачаны.

Вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спэцыяльных апэрацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын на судзе прысутнічалі ў якасьці пацярпелых.

Вайсковец Гаўрылаў хацеў стрэліць у перадплечча, а пацэліў у патыліцу

Капітан Гаўрылаў расказаў, што яны прыехалі ў Берасьце да выбараў для ўдзелу ў спаборніцтвах на берасьцейскім палігоне. Пасьля выбараў іх падразьдзяленьне выклікалі ў АМАП і загадалі выяўляць небясьпечных пратэстоўцаў, выдалі ім зброю. Вайскоўцы былі ў цывільнай вопратцы. 11 жніўня яны выправіліся ў мікрараён Усход на тралейбусе. Кардзюкоў і Шутаў здаліся ім падазронымі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Кардзюкоў і Шутаў «мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына», пасьля чаго Кардзюкоў «нанёс удар Гаўрылаву мэталічнай трубой». Капітан Гаўрылаў, абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Генадзя Шутава, «у вобласьць левага перадплечча». Аднак ад таго, што ня змог сканцэнтравацца пасьля ўдару па галаве, пацэліў Шутаву ў патыліцу.

На пытаньне судзьдзі Сьвятланы Крамянёўскай, чаму ён цэліў не ў нагу Шутаву, той адказаў, што баяўся папасьці ў сябе. На пытаньне, ці мог пазьбегнуць стрэлу ў патыліцу Шутаву і захаваць яму жыцьцё, Гаўрылаў адказаў: «Я зрабіў усё, што мог. Я кепска сябе адчуваў».

«Хуткую» параненаму Шутаву выклікаў ягоны напарнік Арсеній Галіцын, але пасьля таго, як патэлефанаваў свайму начальніку.

Аляксандраў Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму

25 лютага Берасьцейскі абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе забойства. Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла мужчыну 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта столькі, колькі і прасіў пракурор Генадзь Буры.

У сакавіку 2021 года дачка загінулага Генадзя Шутава Анастасія Шутава і сваякі асуджанага на 10 гадоў Аляксандра Кардзюкова падалі апэляцыю ў Вярхоўны суд.

«Вярхоўны суд пакінуў прысуд Берасьцейскага абласнога суду ў сіле, Мы зразумелі, што дамагчыся праўды і справядлівасьці ў Беларусі нам ня ўдасца. Усё гэта вельмі балюча. Таму будзем зьвяртацца ў міжнародныя інстанцыі», — кажа дачка Генадзя Шутава Анастасія.

Генадзь Шутаў пахаваны на могілках у Жабінцы, Аляксандар Кадзюкоў прызнаны палітвязьнем і адбывае пакараньне ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Вайскоўцы капітан спэцназу Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсені Галіцын працягваюць служыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG