Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатограф Дзьмітры Дзьмітрыеў выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту


Фатограф Дзьмітры Дзьмітрыеў

Раніцай 20 жніўня з ізалятара ў Баранавічах выйшаў фатограф газэты «Новы час» Дзьмітры Дзьмітрыеў, паведамілі ягоныя сваякі. Ён адбываў тэрмін нібыта за «непадпарадкаваньне міліцыі».

5 жніўня ў 6:40 Дзьмітры Дзьмітрыеў пасьпеў напісаць у сацсетках: «Да мяне прыйшлі». Пасьля гэтага яго адвезьлі на на допыт у Сьледчы камітэт, ператрусу ў кватэры не было. Пры гэтым супрацоўнікі, якія затрымлівалі мужчыну, мелі пры сабе сьпіс людзей, па якіх у той дзень павінны былі прыйсьці.

Пасьля вызваленьня Дзьмітры Дзьмітрыеў распавёў «Новаму часу» пра затрыманьне і ўмовы ў ізалятарах на Акрэсьціна і ў Баранавічах.

Паводле Дзьмітрыя, затрымліваць яго прыехалі а 6-ай раніцы 5 чалавек у цывільным і масках, міліцыянты з Партызанскага РУУС. Сказалі, каб праехаў зь імі на гутарку. У РУУС забралі матузкі і разьмеркавалі па «стаканах». Празь 2 гадзіны пазвалі «азнаёміцца з пратаколам» — «непадпарадкаваньне». У Дзьмітрыя арыштавалі 26 рублёў, банкаўскую картку і заручальны пярсьцёнак. Праз гадзіну павезьлі на суд, судзьдзя Макарэвіч не знайшоў падставаў не давяраць супрацоўнікам міліцыі і прысудзіў Дзьмітрыеву і яшчэ некалькім затрыманым 15 сутак.

У ЦІП на Акрэсьціна яго адразу прывялі ў камэру на дваіх, дзе было 15 чалавек, пасьля перавялі ў 4-мясцовую камэру, дзе было 17 вязьняў. Потым іх колькасьць зьмянялася ад 18 да 22 чалавек. «Ні пасьцельнай бялізны, ні матрацаў. Спаць на шконках было немагчыма, мэтал упіваўся ў цела. Давялося разьмеркавацца па падлозе, стале і лаве. Паветра не хапала. Мыліся з пустых бутэлек — да вечара ў камэры была проста лазьня. За ноч нас двойчы падымалі — каля гадзіны ночы і каля 4 раніцы. У Менску дазвалялі ляжаць на падлозе ўдзень, пазьней у Баранавічах — не, можна было толькі сядзець», — распавёў Дзьмітры Дзмітрыеў.

У Баранавічах затрыманым адразу загадалі апусьціць галовы ўніз і прымусілі бегчы праз сутарэньне. У камэры — 18 чалавек на 14 шконках. Вада — толькі халодная, памяшканьне паўпадвальнае, голыя каменныя сьцены, асфальтавая падлога. «З размоваў я пачуў, што гэтая частка СІЗА была выведзеная з эксплуатацыі і прызнаная аварыйнай, але летась яе вярнулі. Па камфорце на Акрэсьціна было лепш», — распавёў Дзьмітры пра ізалятар у Баранавічах.

Перадачы аддалі, толькі калі Дзьмітры цалкам адбыў тэрмін, не перадалі нават зубную шчотку. «На ЦІПе супрацоўнікі часам закрывалі «кармушку» і казалі: «Дыхайце паветрам свабоды, жывёлы, мы вас сюды ня звалі», — кажа Дзьмітры.

У зьняволеньні ён захварэў на каранавірус. «Урач прыйшоў, памераў тэмпэратуру, сказаў, што ўсё ў норме. Праўда, к вечару прынёс парацэтамол і назальныя кроплі. Гэтым усё лячэньне і абмежавалася», — кажа Дзьмітры.

Паводле журналіста, цяпер на сутках сядзіць вельмі шмат выпадковых людзей, якія трапілі за краты першы раз. Яны знаходзяцца ў стане шоку, многія проста не разумеюць, што адбываецца.

Раней Дзьмітры Дзьмітрыеў працаваў у міліцыі. Летась яго неаднаразова затрымлівалі падчас працы фатакарэспандэнтам на акцыях пратэсту, у першыя дні жніўня ён трапіў у часовы лягер для затрыманых, абсталяваны на месцы лячэбна-працоўнага прафілякторыю пад Слуцкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG