Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што адбылося, незаконна». Юрыст пра «памілаваньне» неасуджаных супрацоўнікаў «Прэс-клюбу»


Юрыст Сяргей Зікрацкі

Юрыст Сяргей Зікрацкі пракамэнтаваў вызваленьне палітвязьняў-фігурантаў справы «Прэс-клюбу», якія правялі восем месяцаў за кратамі ў чаканьні суду.

Зьдзіўленьне адваката, якога беларускія ўлады пазбавілі ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне дзейнасьці, выклікала тое, як можна «памілаваць» невінаватых людзей, чыя віна яшчэ не даказаная судом?

«Мы ўсе плакалі, сьмяяліся, скакалі і крычалі ад радасьці, калі Юля і Пётра Слуцкія, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі выйшлі на волю. Але давайце спусьцімся на зямлю і разам дамовімся пра дзьве рэчы.

Першае. Зыходзячы з наяўных паведамленьняў, яны выйшлі „на падставе памілаваньня“. Тое, што адбылося ўчора, незаконна. У адпаведнасьці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэксу, памілаваньне ўжываецца да асобы, асуджанай за злачынства. Ніхто зь іх ня быў асуджаны. Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго, каб адпусьціць. Чаму? Таму што спрабуюць гуляць з намі, робяць стаўку і адгадваюць цану нашага задавальненьня.

Другое. На раніцу 20 жніўня за кратамі ўсё яшчэ застаюцца 633 палітычныя зьняволеныя і тысячы людзей, не прызнаных такімі, але якія сядзяць з палітычных матываў. Мы павінны радавацца кожнаму закладніку, які выходзіць на волю, але ня маем права супакойвацца і задавальняцца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які знаходзіцца за кратамі з палітычных прычынаў», — напісаў Сяргей Зікрацкі ў Facebook.

Супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня 2020 году, неўзабаве пасьля гэтага ім выставілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Пра ход сьледзтва амаль нічога невядома, адвакаты і некаторыя родныя затрыманых пад падпіскай аб невыдаваньні. Раней сваякі кампэнсавалі выдаткі, якія выставілі прэсклюбаўцам дзяржаўныя органы.

За кратамі пакуль што застаецца экс-супрацоўніца БТ Ксенія Луцкіна, якая таксама фігуруе ў справе «Прэс-клюбу». Па некаторых зьвестках, яна адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні. Таксама ня вызвалены яшчэ адзін фігурант справы, былы апэратар БТ Дзяніс Сакалоўскі.

Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавачваюць журналістаў, прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам на 3 гады.

Што такое «Прэс-клюб»

«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».

«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».

«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.

Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG