Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 23 жніўня: калёнія за песьню «Лукашенко, уходи!» у сацсетках


Гадавіна беларускага пратэсту, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня выносяцца прысуды ў справах, якія праваабаронцы аднесьлі да палітычна матываваных.

Год калёніі за захаваную «ВКонтакте» песьню «Лукашенко, уходи!»

22-гадовы жыхар Гомля Сяргей Балахонаў 23 жніўня атрымаў год калёніі агульнага рэжыму за «абразу прэзыдэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу). Так сьледзтва і суд трактавалі песьню «Лукашенко, уходи!», якую абвінавачаны ўбачыў у інтэрнэце і захаваў у сваіх аўдыёзапісах на старонцы «Вконтакте».

Малады чалавек жанаты, ягоная жонка цяжарная. Сёньня яго ўзялі пад варту у судзе Цэнтральнага раёну. Справу разглядаў судзьдзя Віктар Казачок.
Сяргей Балахонаў патлумачыў на судзе, што гартаў навіны на старонцы «ВКонтакте» і дадаваў песьні сабе на старонку, каб пазьней праслухаць іх.

«Я сьпярша песьню не паслухаў, я дадаваў на сваю старонку розныя песьні, а праз тыдзень паслухаў. Я ў сэнс не ўнікаў, а потым, калі мяне затрымалі і далі зноў праслухаў гэтую песьню, тады ўнік. Зразумеў, што песьня мела абразьлівы характар», — тлумачыў абвінавачаны.

У абвінавачаньні гучала, што песьню ён разьмясьціў «наўмысна, з мэтай прычыненьня шкоды аўтарытэту прэзыдэнту».

На судзе выступіў сьведкам міліцыянт. Ён патлумачыў, што «у ходзе маніторынгу» заўважылі песьню на старонцы Балахонава. Далей праводзіліся «апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы», у ходзе якіх праваахоўнікі атрымалі інфармацыю, што жыхар Гомля «нэгатыўна ставіцца да міліцыі і ўлады ў цэлым». Міліцыянт дадаў, што ня можа сказаць, якія менавіта мерапрыемствы ладзіліся.

У апошнім слове малады чалавек плакаў і прасіў не пазбаўляць яго волі, казаў, што раскайваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG