Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што за дапамогу ад МВФ на $900 мільёнаў атрымалі ўлады Беларусі?


Выканаўчая дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева абвясьціла пра найбуйнейшыя ў гісторыі Спэцыяльныя правы запазычваньня (СПЗ) з боку МВФ.

Агулам іх сума складзе каля 650 мільярдаў даляраў і яны ўступаюць у дзеяньне сёньня. Беларусь мае атрымаць правы больш як на 900 мільёнаў даляраў паводле цяперашняй цаны СПЗ — рэч у тым, што гэта не фіксаваная сума, і яе памер мяняецца ў залежнасьці ад кошту СПЗ на фінансавым рынку.

Радыё Свабода зьвярнулася да прэсавай службы МВФ па камэнтар датычна выдзяленьня СПЗ і атрымала наступны адказ:

«Як і заўсёды, МВФ дзейнічае пад кіраўніцтвам міжнароднай супольнасьці, якая працягвае мець справы зь цяперашняй адміністрацыяй як з урадам Беларусі.

Як і астатнія краіны МВФ, Беларусь атрымае сваю долю СПЗ у прапорцыі да сваёй квоты акцый».

Што такое СПЗ?

Гэта рэзэрвовы і плацёжны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.

СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-чальцоў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.

Дзеля чаго гэта робіцца?

У заяве выканаўчай дырэктаркі МВФ, у прыватнасьці, гаворыцца:

  • Выдзяленьне СПЗ забясьпечыць дадатковую ліквіднасьць у глябальную эканамічную сыстэму — на дадатак да валютных рэзэрваў краін, і зьменшыць іх залежнасьць ад даражэйшых унутраных і вонкавых пазыкаў. Краіны змогуць скарыстаць прастору, забясьпечаную СПЗ, каб падтрымаць свае эканомікі і ўзмацніць змаганьне з крызісам.
  • Гэтае выдзяленьне СПЗ — крытычны кампанэнт шырэйшых намаганьняў МВФ падтрымаць краіны ў часы пандэміі.

Чаму такая сума?

У заяве пра разьмеркаваньне Спэцыяльных правоў запазычваньня гаворыцца так:

  • СПЗ разьмяркоўваюцца паміж краінамі ў прапорцыі да іх квоты акцыяў у МВФ. Гэта значыць, што каля 275 мільярдаў даляраў пойдзе краінам, якія разьвіваюцца, з чаго прыблізна 21 мільярд даляраў пойдзе найбяднейшым краінам — у некаторых выпадках гэта эквівалент да 6 працэнтаў ад іх ВУП.

Ці ўсе краіны атрымалі СПЗ?

Не. Да прыкладу, Афганістан, Вэнэсуэла ці М'янма, чые ўрады не прызнаюцца значнай часткай краін, якія ўваходзяць у МВФ, пазбаўленыя доступу да СПЗ.

Сьвятлана Ціханоўская раней адправіла кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Елен ліст з просьбай не выдаваць Беларусі СПЗ. Ціханоўская лічыць, што ўрад Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць сродкі МВФ для «працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG