Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень сёмы: дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасьць КПБ, Беларусь робіцца незалежнай


Людзі на плошчы ў часе Сэсіі Незалежнасьці

Сем дзён жніўня 1991 году былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імпэрыю — скончылася абвяшчэньнем незалежнасьці рэспублік.

Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў 25 жніўня 1991.

  • Раніцай працягваецца надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету БССР.
  • Да трыбуны ідзе член Палітбюро ЦК КПСС, 1-ы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Анатоль Малафееў, які мае імідж артадаксальнага камуніста і падтрымаў ГКЧП. Ён ня быў дэпутатам ВС БССР, але быў народным дэпутатам СССР.
Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева 1991
Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева 1991
  • Аднак выступіць Малафееву не ўдаецца: дэпутаты Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу блякуюць трыбуну, і фактычна зганяюць зь яе Малафеева. Гэта робіць моцнае ўражаньне на дэпутатаў-камуністаў, у вачах якіх першы сакратар ЦК — намесьнік. Дземянцей абвяшчае незаплянаваны перапынак.
  • Пасьля крыху больш чым паўгадзіннага перапынку Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савету БССР. Далей сэсію вядзе першы намесьнік старшыні Станіслаў Шушкевіч.
  • Шушкевіч прапаноўвае «з канстытуцыйных пазыцый спакойна правесьці сэсію і закончыць яе», але дэпутаты БНФ і Дэмклюбу выступаюць супраць завяршэньня сэсіі.
  • На плошчы перад Домам ураду тысячы людзей. Іх галасы далятаюць у фае перад Авальнай заляй.
Belarus - The putsch in August 1991, the USSR Collapse.
Belarus - The putsch in August 1991, the USSR Collapse.
  • Дэпутаты БНФ ізноў патрабуюць забараніць КПБ-КПСС, а таксама ізноў прагаласаваць за уключэньне ў парадак дня сэсіі пытаньня аб незалежнасьці Беларусі.
Дэпутаты Генадзь Майсееў і Сяргей Навумчык.
Дэпутаты Генадзь Майсееў і Сяргей Навумчык.
  • Вярхоўны Савет прымае пастанову аб спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі (прагаласавалі 212 дэпутатаў пры патрэбных 174) і пераходзіць да праекту пастановы аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.
  • Ад плошчы перад Домам ураду да будынку ЦК КПБ па Карла Маркса рушыць калёна, якая нясе труну з надпісам «Слава КПСС».
Шэсьце па праспэкце Леніна. Фота Ул. Кармілкіна
Шэсьце па праспэкце Леніна. Фота Ул. Кармілкіна
  • Дэпутат Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што рашэньне аб незалежнасьці нясе пагрозу ізаляцыі Беларусі ад Расеі і ад Гарбачова. Яшчэ раней ён адмовіўся рэгістравацца на сэсіі.
  • Да мікрафона падыходзіць Зянон Пазьняк. Ён кажа, што рашэньне аб незалежнасьці прыняла Ўкраіна, іншыя рэспублікі, «і калі ў гэтай сытуацыі мы ня прымем адпаведнага закону аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі дрэннае становішча». Пазьняк гаворыць, што Расея і пры Ельцыне застанецца імпэрскай, што Ельцын, пагражаючы ўзьняць цэны на нафту, займаецца шантажом. «Ня трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узьнікне Альбанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сэсіі пацьвярджаюць: яны незваротныя, яны ідуць на карысьць нашаму грамадзтву. А сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасьць нам магчымасьць разьвіць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформаў. Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут ня вельмі многа, і патрэбна канстытуцыйная большасьць. Таму я вырашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых было гэта нечаканым». Рэзкая крытыка Ельцына з вуснаў Пазьняка была поўнай нечаканасьцю: прэзыдэнт Расеі лічыўся (і справядліва) выратавальнікам дэмакратыі ад путчыстаў.
  • Дэпутат Міхаіл Мачуленка (былы 2-гі сакратар Гомельскага абкаму КПБ): «Я стопрацэнтна падтрымліваю народнага дэпутата Пазьняка і прапаную тут жа, зараз жа прагаласаваць за тое, што ён сказаў».
  • Дэпутат Уладзімер Кулакоў (старшыня Віцебскага аблвыканкаму): «Я прасіў бы таксама падтрымаць, Становішча ў эканоміцы сёньня такое, што калі нам цяпер не абараніць эканамічна і палітычна рэспубліку, будзе хаос і рэспубліка пойдзе да эканамічнага краху. Таму трэба падтрымаць».
  • Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч: «...Я толькі што меў размову зь вельмі высокапастаўленымі кіраўнікамі Расеі. І павінен заклікаць вас пасьля гэтай размовы менавіта прыняць такі закон, таму што абстаноўка падпісаньня саюзнай дамовы вельмі зьмянілася. Наўрад ці такое падпісаньне ў бліжэйшы час увогуле адбудзецца. Таму я таксама заклікаю вас знайсьці такую форму, каб нам не парушаць Канстытуцыю. Але такі закон трэба сёньня прыняць».
  • Міхаіл Жэбрак, былы першы сакратар Ваўкавыскага райкаму: «Я да ўчорашняга дня стаяў за абноўлены Саюзны дагавор. Але пасьля ўчорашняга дня, тое, што адбылося на Ўкраіне, мяне прымушае зрабіць заяву пра тое, што калі мы сёньня ня прымем таі закон, тое, што прапануе Зянон Станіслававіч Пазьняк, дык трэба тады прымаць рашэньне аб уваходзе Заходняга Краю ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Іншага выйсьця няма. І Беларусь ня будзе існаваць, таму што тады Беларусі абсалютна ня будзе».
  • Пачынаецца працэдура галасаваньня. За наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце галасуюць 256 дэпутатаў, супраць — 0, устрымаліся — 0.
Belarus - The putsch in August 1991, the USSR Collapse
Belarus - The putsch in August 1991, the USSR Collapse
  • У 20 гадзінаў 8 хвілінаў Станіслаў Шушкевіч віншуе дэпутатаў і жыхароў Беларусі, якая з гэтага моманту зрабілася незалежнай краінай.
  • Дэпутаты выходзяць на Плошчу, дзе перад людзьмі выступае Зянон Пазьняк, а Пётра Садоўскі сьпявае песьню Купаалы «Тры дарожанькі».
Дэпутаты БНФ празь некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, 25 жніўня 1991
Дэпутаты БНФ празь некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, 25 жніўня 1991

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG