Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі адмовіліся прыняць гуманітарны канвой з Польшчы для афганскіх мігрантаў на мяжы


Афганскія мігранты на мяжы паблізу Горнага Уснару, жнівень 2021

Ужо два тыдні на мяжы Беларусі і Польшчы жыве група афганскіх мігрантаў. Польшча адправіла да іх гуманітарны канвой, але беларускі бок яго не прапусьціў.

На пачатку ў ваколіцах вёскі Горны Ўснар жылі 32 афганскія мігранты. Пазьней некалькіх людзей прапусьцілі ў Польшчу з гуманітарных прычынаў, але іншых польскі бок прымаць адмовіўся. Зь Беларусі транзытам яны ішлі ў Эўразьвяз, спрабуючы парушыць дзяржаўную мяжу Польшчы.

З групы мігрантаў на памежжы засталіся 24 чалавекі, ім хацелі дапамагчы польскія валянтэрскія службы, якія, аднак, сустрэлі супраціў памежнікаў. Тыя сказалі, што праход забаронены, паколькі мігрантам афіцыйна не даюць дазволу на перасячэньне мяжы.

Аднак 24 жніўня польскія ўлады адправілі да памежнага пераходу ў Баброўніках гуманітарны канвой з намётамі, коўдрамі і раскладнымі ложкамі. Беларусь адмовілася яго прыняць. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў дзеяньні Польшчы «мультымэдыя-відовішчам», сказаўшы, што афганцы і без таго знаходзяцца на польскай тэрыторыі. Польскі бок настойвае, што мігранты знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.

Таксама Глаз абвінаваціў Польшчу ў «правакаваньні міграцыйных патокаў з Афганістану», бо суседняя краіна «ўдзельнік кааліцыі з ЗША». Па словах прэс-сакратара, «Беларусь не стварала і не стварае міграцыйных праблем».

Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач, у сваю чаргу, адзначыў, што Беларусь ня толькі адмовілася прымаць гуманітарны канвой, але і зьмяніла сваё стаўленьне да сытуацыі зь мігрантамі. У прыватнасьці, ён абвінаваціў Беларусь у публікацыі няслушнай колькасьці мігрантаў і спробах выкарыстаць падзеі ў сваіх карысьлівых мэтах.

Пшыдач у этэры тэлеканалу TVN24 заявіў, што Эўракамісія згодная з пазыцыяй польскіх уладаў у недапушчэньні нелегальнага перасячэньня ўсходніх межаў Эўразьвязу. Польскі палітык сказаў, што адказнасьць за разьвязаньне праблемы зь мігрантамі ляжыць на ўладах Беларусі. Гэта падкрэсьлена і ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG