Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Пагоню“ на заплечнік наляпілі ў міліцыі». У Петрыкаве за «суткі» на Акрэсьціна звольнілі супрацоўніка «Беларуськалію»


Сябра «Маладога фронту» Арсень Чыжык расказвае, што ў жніўні 2020 году на яго заводзілі крымінальную справу.

Перадапошні дзень лета для Арсеня Чыжыка стаў апошнім днём ягонай працы на Петрыкаўскім рудніку — структурным падразьдзяленьні «Беларуськалію». Сказаць, што звальненьне было зусім для яго нечаканым, малады чалавек ня можа. Але да апошняга ён усё ж лічыў, што да звальненьня ня дойдзе.

Малады чалавек расказвае, што на мінулым тыдні, калі ў Петрыкаве чакалі візыту Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва цэнтралізаванай рамонтнай службы, дзе ён працуе сьлесарам-рамонтнікам, запатрабавала ад яго напісаць заяву аб двухдзённым адпачынку за свой кошт. Папярэдзілі, што ўсё роўна заблякуюць ягоны пропуск на працу. Арсень мяркуе, што кіраўніцтва не хацела, каб ён аказаўся на прадпрыемстве ў час, калі туды на ўрачыстае адкрыцьцё горна-ўзбагачальнага комплексу прыбудзе Лукашэнка.

Пра тое, што ён сябра «Маладога фронту», што ў 2019-м абараняў Курапаты, кіраўніцтва, паводле самога Арсеня, добра ведала. Як і пра тое, што летась у жніўні яго ўжо затрымлівалі на 3 дні, нават заводзілі крымінальную справу. Але тады неяк улеглася. Справу закрылі, на працы да яго больш не чапляліся. У выніку заяву Арсень напісаў, 25–26 жніўня на працу не выходзіў. Але кажа, што гэта не дапамагло.

«У панядзелак 29 жніўня мяне запрасілі ў аддзел кадраў і там азнаёмілі з загадам аб звальненьні. За прагулы ў ліпені, калі 25 содняў адседзеў на Акрэсьціна», — кажа Арсень Чыжык.

Арсень Чыжык у Воршы
Арсень Чыжык у Воршы

Малады чалавек зьвярнуў увагу і на тое, што на загадзе аб ягоным звальненьні стаяла прозьвішча самога гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага.

«Нават ня наш падпісаў, а гендырэктар. Ну, яўна загад. Загадалі пазбавіцца ад мяне, каб паказаць іншым, што вось гэтак будзе з кожным, хто пачне пратэстававаць», — мяркуе Арсень Чыжык.

«Наляпілі на заплечнік „Пагоню“ самі міліцыянты»

Паводле загаду, звольнілі сьлесара Чыжыка за адсутнасьць на працы з 5 па 28 ліпеня — «у сувязі з тым, што адбываў адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».

«Мяне затрымалі ў Менску каля мэтро „Акадэмія навук“. 25 содняў прысудзілі за непадпарадкаваньне і ўдзел у пікеце, хоць ніякага пікету не было — я проста сустракаўся зь лідэрам „Маладога фронту“ Дзянісам Урбановічам. Суд быў праз скайп, усе мае хадайніцтвы адхілілі. Казаў, што на маім заплечніку не было „Пагоні“, што яе наляпілі ў міліцыі, каб абвінаваціць мяне ў пікетаваньні — не захацелі праглядаць відэа», — згадаў пра сваё затрыманьне ў ліпені Арсень Чыжык.

Паводле былога супрацоўніка Петрыкаўскага рудніка, на Акрэсьціна яго зьбівалі, у тым ліку білі па нырках. Вось што ён згадвае пра ўмовы ў ІЧУ на Акрэсьціна.

«Сядзець давялося ў чатырохмеснай камэры з 20 вязьнямі, адну ноч увогуле правялі ў турэмным дворыку — гэткім было пакараньне за тое, што ўдзень ляжалі на падлозе. Пасьля ізалятара яшчэ два тыдні правёў у шпіталі. І вось цяпер мне паставілі ў віну адсутнасьць на працы і звольнілі. Але гэта яўна звальненьне з палітычных прычын», — мяркуе Арсень Чыжык.

Дапамагае маці гадаваць брата

Арсень Чыжык
Арсень Чыжык

Арсеню Чыжыку 26 гадоў. Ён нежанаты, матэрыяльна дапамагае маці, якая жыве ў Жыткавічах. Маці гадуе непаўналетняга сына, ягонага брата, а сама зарабляе на працы толькі 300 рублёў. Арсень пералічваў ім частку свайго заробку.

Два апошнія гады Арсень працаваў у Петрыкаве на горна-ўзбагачальным камбінаце. Кажа, што ягоная рамонтная брыгада ўдзельнічала ў наладцы шмат якіх ключавых аб’ектаў ГАКу. Згадвае пра гэта з сумным гонарам, але і адносна будучыні аптымізму ня траціць.

«Вось зьбіраю рэчы, каб зьехаць са службовай кватэры. Буду шукаць іншую працу, можа ня ў Петрыкаве, рамонтнікі майго разраду паўсюль патрэбныя. Можа ў заробку і страчу, але бяз працы не застануся. У скрайнім выпадку пайду вальшчыкам лесу — цяпер на гэта вялікі попыт», — кажа пра будучыню Арсень. Зь Беларусі ён зьяжджаць не плянуе.

Меў заробак каля 2 тысяч рублёў

Паводле Арсеня Чыжыка, у Петрыкаве на ГАКу працуе каля 1,5 тысячы чалавек. Зь ягоных словаў, заробкі ў працаўнікоў вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах раёну, у яго даходзіла да 2 тысяч рублёў. У шахцёраў бывае і больш за 2,5 тысячы.

«Але ў некаторых цяпер паменела. Людзі крыўдзяцца, нават пра страйк пашлі размовы. І ўсё ж асьцярожнічаюць, баяцца страціць працу», — кажа пра настроі працаўнікоў Петрыкаўскага рудніка Арсень Чыжык.

«На сустрэчу з Лукашэнкам сагналі начальнікаў ды ідэолягаў»

Былы сьлесар рудніка згадаў пра сытуацыю на прадпрыемстве пасьля леташніх выбараў.

Загад пра звальненьне
Загад пра звальненьне

«Мітынгу шахтароў, як у Салігорску, у нас не было, але нашы таксама сабраліся, пагаманілі паміж сабой, абураліся афіцыйным вынікам выбараў. І потым спусьціліся пад зямлю працаваць. Яшчэ мы запаўнялі анкету, якую распаўсюджвала адміністрацыя, — з пытаньнямі, ці за адстаўку вы Лукашэнкі, ды пра іншыя патрабаваньні. Да агульнанацыянальнага страйку ў нас ніхто не далучаўся, але незадаволеных было шмат. І цяпер такіх таксама хапае.

Ва ўсякім разе, ведаю, што ня толькі ў мяне заблякавалі пропуск на час візыту Лукашэнкі. І сустрэча зь ім, лічу, была штучная. Нашы ўсе сядзелі па працоўных месцах, а на сустрэчу пагналі толькі розных начальнікаў, ідэолягаў ды яшчэ невядома каго», — згадаў Арсень Чыжык пра візыт Лукашэнкі на Петрыкаўскі камбінат 26 жніўня.

Прысяга наперадзе

Па назіраньнях Арсеня Чыжыка, на мінулых выбарах за Лукашэнку прагаласавала «прыкладна 20 адсоткаў выбарцаў». Маладафронтавец кажа, што мяркуе па настроях сваякоў, сяброў, калег і знаёмых. Ды яшчэ па тым, што ўбачыў на выбарчым участку ў Петрыкаўскай гімназіі, дзе большасьць выбарцаў былі зь белымі стужкамі на руцэ. Арсень мяркуе, што яўка на датэрміновых выбарах была ў два-тры разы завышаная. «Інакш бы так багата людзей не прыйшло ў асноўны дзень галасаваньня», — перакананы Арсень Чыжык.

Малады чалавек кажа, што сярод ягоных знаёмых ёсьць прыхільнікі Лукашэнкі, якія галасавалі за яго.

«У маім асяродзьдзі такіх налічыў дакладна 5 чалавек, прычым двое зь іх цяпер шкадуюць, што галасавалі за яго», — кажа Арсень Чыжык.

Арсень Чыжык называе сябе сябрам «Маладога фронту», хоць і кажа, што прысягу яшчэ не прымаў. Тлумачыць, што па традыцыі прысягу маладафронтаўцы прымаюць у Слуцку на сьвяткаваньні ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, але летась урачыстасьцяў не адбылося з прычыны палітычных падзей у краіне. Арсень мяркуе, што ягоная прысяга яшчэ наперадзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG