Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік папрасіў Папу Рымскага «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей»


Ігар Лосік

Палітвязень, мэдыякансультант Радыё Свабода Ігар Лосік напісаў з гомельскай турмы ліст да Папы Рымскага Францішка. Ён просіць пантыфіка «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разьбітых горам сем’яў».

Пра зварот Ігара Лосіка да Папы Рымскага Свабодзе паведаміла жонка палітвязьня Дар’я Лосік.

У лісьце Ігар піша, што сотні і тысячы беларусаў, сутыкнуўшыся з беззаконьнем і несправядлівасьцю, упадаюць у роспач і ня бачаць выйсьця з сытуацыі, якая склалася.

«Я не прашу заступіцца за мяне перад некім, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасьць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горшым. Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас ня дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасьць спыніцца, што больш ніхто не памрэ і ўсе вернуцца да сваіх сем’яў», — напісаў палітвязень.

У чэрвені прадстаўнік Ватыкану, кіраўнік залі друку Матэа Бруні ад імя Папы заявіў, што Францішак «уважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, захоўваючы прыхільнасьць да дасягненьня дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаваньняў беларускага народу». Неўзабаве з просьбай маліцца за Беларусь да кіраўніка Сьвятога Пасаду зьвярнулася жонка палітвязьня Паўла Севярынца Вольга.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG