Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Пальчыс з-за кратаў: «Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася»


Эдуард Пальчыс, чэрвень 2020-га

Эдуарда Пальчыса затрымалі летась 27 верасьня ў Менску. Сьпярша яго арыштавалі на 30 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку. І ўжо за кратамі завялі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Ягоная цяжарная жонка выехала зь Беларусі і нарадзіла за мяжой дачку. Праваабаронцы прызналі Пальчыса палітычным вязьнем. Улады ў красавіку прызналі ягоны тэлеграм-канал экстрэмісцкім. Эдуард даў кароткае інтэрвію з жодзінскай сьледчай турмы «Нашай ніве».

— Ці чакаў затрыманьня?

— Ужо ў ліпені я разумеў, што калі па мяне прыйдуць, паеду па сур’ёзнай справе, бо меў ужо адміністрацыйку.

— Ці чакаў такой жорсткасьці ад беларускай сыстэмы?

— Гэтая сыстэма — нашчадак СССР. Таму нічога новага ў гэтым няма. Але, у прынцыпе, падсьвядома хацелася верыць, што чалавечнага ў ёй больш, чым бесчалавечнага.

— Чаму ня зьехаў раней?

— Наконт ад’езду — глябальна не было ў плянах на 2020-ы ўцякаць куды-небудзь. Я ўвогуле плянаваў правесьці гэты год спакойна.

— Што было самым цяжкім за гэты год пад вартай?

— Нават праз тэлевізар разумею, што TikTok захоплівае сьвет.

— Ці зьмяніліся нейкія погляды за гэты час?

— Кардынальных перамен няма.

— Што дапамагае трымацца?

— У мяне выдатная жонка, сям’я, сябры. Зь імі трымацца можна хоць 10 гадоў.

— Як не звар’яцець за кратамі?

— Калі ўспрымаць камэру як манастырскую кельлю і больш чытаць, то мазгі заўсёды будуць у парадку.

— Чаго не хапае?

— У першую чаргу — інфармацыі. Інфармацыйная блякада. Таксама не хапае стасункаў з жонкай і дачкой.

— Ці схуднеў ты за гэты час?

— Трошачкі. Але адвакат кажа, што вельмі добра схуднеў.

— Ці не плянуеш пісаць нешта? Можа быць, кнігу?

— Думкі пра кнігу былі. Але калі выбіраеш паміж напісаньнем кнігі і ўкраінскім камэдыйным ток-шоў, то я выбіраю ток-шоў.

— Як даходзяць лісты?

— Да красавіка 2021-га з поштай усё было больш-менш нармальна. Даходзілі лісты ад чужых людзей, адпраўляў свае таксама нармальна. З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба толькі ад сваякоў, і тое ня ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў.

— Ці былі прапановы аб пакаяльным інтэрвію ці напісаць прашэньне аб памілаваньні?

— Інтэрвію не прапаноўвалі. Прыйшлі два лісты ад Васкрасенскага. Але я нешта пакуль не зразумеў, хто гэта і чаму ён мне піша.

— Як ты сябе ўспрымаеш: ахвярай ці героем?

— Улічваючы, што я ў краіне, дзе ўсіх саджаюць, то ўспрымаю сябе звычайным грамадзянінам.

— Ці не расчараваны, што зьмены ў краіне не наступілі так хутка, як чакалася?

— Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася. Бо да 2020-га ў беларусаў у палітычным сэнсе было шмат наіўнага і дзіцячага. Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важных высноў, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і вартае даецца праз выпрабаваньні. Таму мы і перажываем унікальны час, хай і цяжкі. Гэта трэба выкарыстоўваць для ўсьведамленьня сапраўднага і добрага, будучага і мінулага.

— Чаго ты чакаеш?

— Я чакаю, што будзе закрыты суд і рэальны тэрмін. Нават зачакаўся — калі ж ужо калёнія?

— Ці шкадуеш пра што-небудзь?

— Шкадую, што на Валадарцы няма глязураваных сыркоў на атаварцы. Усё будзе добра! А самыя смачныя — бярозаўскія сыркі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG