Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кансэрвацыю касьцёла ў Будславе не хапае 400 тысяч рублёў. Больш за мільён ужо сабралі


Будслаўскі касьцёл пасьля пажару

На аднаўленьне каталіцкай сьвятыні неабыякавыя людзі і арганізацыі ўжо ахвяравалі звыш 1 мільён рублёў. Аднак гэтай сумы недастаткова, каб закончыць кансэрвацыю перад наступным этапам рэстаўрацыі.

На завяршэньне кансэрвацыі пашкоджанага пажарам Будслаўскага касьцёла бракуе прыкладна 400 тысяч рублёў, паведаміў на пасяджэньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі старшыня камісіі ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэньня, дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі.

Як піша інтэрнэт-партал Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, біскуп пазнаёміў прысутных з ходам рэканструкцыі нацыянальнага санктуарыя. На аднаўленьне сьвятыні ад фізычных і юрыдычных асобаў пералічана 1 мільён 20 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі, паводле Аляксандра Яшэўскага, выкарысталі на аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ, авансы падрадчыкам, экспэртызы, закупку матэрыялаў ды іншыя патрэбы.

Пры гэтым ён адзначыў, што сабраных грошай недастаткова, каб завяршыць кансэрвацыю, якая папярэднічае грунтоўнай рэстаўрацыі будынку. Таму збор сродкаў працягнецца.

Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, вадой з пажарных брандспойтаў пашкоджаныя сьцены, падлога, мэбля. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт i iншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёлу неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі унутранае ўбраньне і арган, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы.

У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады. Ліквідацыя наступстваў пажару працягваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG