Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такая цэльнасьць паэтычнага жыцьця сустракаецца нячаста». Польскі пісьменьнік і інтэлектуал пра Алеся Разанава


Алесь Разанаў, сьнежань 2017

На сьмерць Алеся Разанава адгукнуўся польскі пісьменьнік Кшыштаф Чыжэўскі, заснавальнік Цэнтру «Памежжа» у Сэйнах у паўночна-ўсходняй Польшчы, ініцыятар і арганізатар шматлікіх праграм міжкультурнага дыялёгу на памежжы розных рэгіёнаў Эўропы і сьвету.

Прапануем вам пазнаёміцца з тэкстам Кшыштафа Чыжэўскага, апублікаваным арыгінальна ў ягоным Фэйсбуку, у перакладзе Яна Максімюка.

У мінулы чацьвер (26 жніўня. — РС) мы запалілі сьвечку ў памяць Алеся Разанава ў Краснагрудзе, але толькі сёньня (29 жніўня. — РС) я знаходжу час на хаўтуры для гэтага сяброўства. Ён пайшоў з жыцьця ў ноч на 26 жніўня ў Менску, а ўчора ў саборы Пятра і Паўла адслужылі паніхіду.

Ён быў паэтам. Ён быў ім ня толькі ў прасторы вершаў, якія ствараў, але таксама там, дзе б ён ні жыў, якой бы працай ні займаўся, за што б ні змагаўся. Такая цэльнасьць паэтычнага жыцьця сустракаецца нячаста.

Паэзія была яго полем бітвы за свабоду. Ён здолеў адваяваць гэтую свабоду для чалавека слова. Аднак у яго паставе і тварэньні было нешта большае, была моц, якая вызваляла іншых ад путаў няволі, вызваляла мову, натхняла на грамадзкую і палітычную ангажаванасьць. Не выходзячы з зоны інтымнай духоўнасьці, Разанаў змог паўплываць на ход гісторыі і на мысьленьне многіх, вельмі розных пакаленьняў беларусаў.

У апошнія дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя, якія былі вырашальнымі для станаўленьня новай беларускай дзяржавы, ён не гаварыў калектыўным голасам, ён захоўваў свой індывідуальны, радыкальна асобны голас. Ён пісаў вершы, якія глыбока пранікалі ў духоўную сфэру чалавека, яго зносіны з прыродай і іншасьцю.

Ён увёў у беларускую паэзію філязофскую мову, вызваленую ад рыфмы і ямбічнай манодыі, здольную ўспрымаць адзінкавасьці і нязначнасьць, мінімалістычную ажно да формы хайку. Ён любіў паўтараць: «Жыве экспэрымэнт!» Аднак мы памыліліся б, разглядаючы гэтыя словы як праяву ўнутранага эскапізму.

Фэномэн Разанава заключаецца ў тым, што ён стаў вельмі важным паэтам і мэнтарам для тых беларусаў, якія выйшлі на вуліцы з бел-чырвона-белым сьцягам і лёзунгам «Жыве Беларусь!» Яго свабодны паэтычны экспэрымэнт стаў падмуркам, на якім сучасныя беларусы будавалі свой сувэрэнітэт. І працягваюць гэта рабіць.

«Ён не зрабіў нічога асаблівага, — піша сёньня пра яго выдатны пісьменьнік і філёзаф Ігар Бабкоў. — Ён пісаў толькі вершы… Але гэтага было дастаткова, каб зьмяніць усю традыцыю… Гатоўнасьць разьвітацца з закамянелымі формамі. Як быццам сам час гэтай эпохі патрабаваў сваёй антытэзы».

Я добра запомніў сустрэчу з Алесем у Грацы. Ён наведаў мяне ў невялікай кватэры ў Уртурме на вяршыні Замкавай гары, дзе маім суседам быў пісьменьнік з Сараева Джэвад Карахазан. Нейкі час Разанаў жыў у Нямеччыне, атрымліваў розныя стыпэндыі, у тым ліку імя Ганны Арэндт. Празь некалькі гадоў ён стаў жыхаром Уртурму ў рэгіёне Штырыя, атрымаўшы статус «пісьменьніка ў выгнаньні». Мы абодва добра сябе адчувалі ў вежы пад старым гадзіньнікам, дзякуючы якому можна было заблукацца ў часе і такім чынам, запаволіцца — яго вялікая стрэлка азначала гадзіны, а меншыя хвіліны. Мы шмат гаварылі пра Мацуа Басё, хайку якога Алесь пераклаў на беларускую мову. І пра памежжа. Джэвад прапанаваў нам каву з джэзвы, разам з рахат-лукумам і шклянкай вады, распавядаючы гісторыю пра асманскіх нэймараў, якія будавалі масты на Балканах. «Мой мост — гэта мастацтва перакладу», — адказваў Алесь. Ён шмат перакладаў, у тым ліку з сэрбахарвацкай, славенскай, баўгарскай, грузінскай, ангельскай, літоўскай і латыскай. Неўзабаве нямецкая стала для яго мовай, на якой ён таксама мог пісаць, а ня толькі перакладаць зь яе.

Яго кніга «Зь Вяліміра Хлебнікава» цудоўна дыялягічная, руска-беларуская. Паэтычны пераклад-размова з расейскім футурыстам адкрыў Алесю поле для пашырэньня гарызонту беларускай мовы, а таксама магчымасьць — пасьля таго, як гэта зрабілі Хлебнікаў і Маякоўскі — даць «поўху грамадзкаму густу». Больш за ўсё, аднак, ён разумеў акт тварэньня паэзіі як пераклад: «Я рыхтую пераклад / на слых / на зрок / і навобмацак» (пераклад Адама Паморскага).

Алесь выдатна распазнаваў таксама тое «краёвае», для яго роднае беларуска-расейска-літоўска-габрэйска-польскае памежжа… Ён нарадзіўся ў Сяльцы, на паўночны ўсход ад Берасьця, у мястэчку на Ясельдай, дзе сям’я Радзівілаў пабудавала кальвінскі збор у часы Рэфармацыі. Потым гэта быў штэтл, зь якога, сярод іншых, паходзілі габрэйскія продкі Ўладзіміра Высоцкага. Нельга выключаць, што сьвет, запісаны ў вэрсэце Разанава «Габрэйскія могілкі» (пераклад на польскую Яна Максімюка), гэта сьвет Сяльца:

Яны зрасьліся з травой,
яны зрасьліся з зямлёй,
яны зрасьліся зь няпамяцьцю i нябытам…

Мястэчка пашырылася i ўвабрала ix у свае абсягі, i напалам раскроіла ix дарога, a камяні зь незразумелымі літарамі местачкоўцы пабралі сабе — хто ў падмурак, хто ў мур.

I з гэтага боку, i з гэтага, i з таго ix атуляюць падворкі i агароды.
Пасьвяцца гусі на ix i козы знаходзяць спажытак, a дзеці, калі зьбіраюцца разам, гуляюць на ix у сваю лапту.

На ix не водзяцца здані страху, i над нікім не маюць яны аніякай улады, а час — над імі.

Так, яны ёсьць, але ёсьць у н я м а.
Так, ix няма, але ў ё с ь ц ь.

Калі Алесь Разанаў нарадзіўся ў 1947 годзе, Сялец быў ужо ня горадам, а саўгасам. Яго бацька прыехаў у Беларусь з глыбіні Расеі, яшчэ да вайны, з экспэдыцыяй геадэзістаў. Дык адкуль у гэтага паэта такое глыбокае веданьне беларускай мовы і любоў да яе?

Я няшмат ведаю пра яго маці, а таксама пра яго раньнюю адукацыю, пра першых настаўнікаў і першыя чытаньні. Я знаходжу яго ўжо ў Менску студэнтам філялягічнага факультэту, які адначасова працуе ліцейшчыкам на заводзе ацяпляльнага абсталяваньня. У 1968 годзе ён быў адным з ініцыятараў ліста да ўладаў камуністычнай партыі, падпісанты якога (некалькі сотняў чалавек) патрабавалі вярнуць навучаньне на беларускай мове. Гэтага было дастаткова, каб рэжым прызнаў яго «нацыяналістам» і, адпаведна, выключыў з унівэрсытэту. У той час паэт і старшыня Вярхоўнага Савету Беларускай ССР Максім Танк паклапаціўся пра яго, даўшы яму магчымасьць вучыцца ў пэдагагічным інстытуце ў Берасьці.

У 1970 годзе, калі ён пачаў працаваць сельскім настаўнікам беларускай мовы адразу пасьля заканчэньня інстытуту, выйшаў першы зборнік яго паэзіі «Адраджэньне», моцна пашкуматаны цэнзурай, рамантычны паводле тону, які ўсхваляў герояў беларускай гісторыі. Зборнік шмат у чым падпарадкоўваўся канонам традыцыйнай паэзіі, але адначасова быў пошукам новых форм выказваньня і бунту. Гэтага больш за ўсё баяўся партыйны апарат. Досыць сказаць, што назва яго зборніка была зьменена з «Адрачэньня» на «Адраджэньне». Адначасова з 1966 г. ён пісаў зусім розныя паводле формы і сродкаў выказваньня вершы. Ён назваў іх пункцірамі. У беларускай мове гэтае слова блізкае да акупунктуры. Ён пісаў іх да канца жыцьця, складаючы ў цыклі (напрыклад, гановэрскі, швайцарскі), аздараўляючы чалавечае цела і сьвет словамі, якія наколвалі цела, мову, сьвядомасьць, кропкі-крошкі ў матэрыі рэальнасьці.

Сьлізка:
за плот
трымаецца вечар.

Навокал абрывы:
ў душы
вышукваю крылы.

Акрамя пункціраў, ён таксама стварыў іншыя экспэрымэнтальныя формы паэзіі і паэтычнай прозы, у тым ліку вэрсэты, квантэмы (найбольш набліжаныя да японскіх традыцый танку і хайку) і зномы. Публікацыя наступных зборнікаў паэзіі — «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцьця» (1976) або «Шлях-360» (1981) — спрычыніла, што Разанаў апынуўся — як піша Ян Максімюк у сваёй пасьлямове да «Заваёўнікаў» (1997), першага зборніка яго паэзіі, выдадзенага ў Польшчы беластоцкімі «Карткамі» — «…цалкам па-за кантэкстам беларускай савецкай літаратуры і заставаўся аўтсайдэрам ажно да вымушанай сьмерці гэтай літаратуры ў пачатку 1990 -х. Яго зборнікі павінны былі суправаджацца своеасаблівымі „атэстатамі бясшкоднасьці“, рэцэнзіямі і ацэнкамі ўплывовых у партыйных колах у Менску знаёмых і сяброў паэта, якія ў галаваскрутных разумовых фармулёўках спрабавалі разьвеяць страхі ахоўнікаў сацыялістычнага рэалізму…»

Упершыню мы сустрэліся з Алесем у Менску. Тады ён падараваў мне кнігу «Паляваньне ў райскай даліне», падборку яго твораў з розных гадоў. Я чытаю прысьвячэньне ад 14 сьнежня 1997 г.: Шаноўнаму спадару… зь якім сустракаўся і сустракаўся, а сёньня нарэшце сустрэўся! Алесева быцьцё паэтам і ў гэтым выяўлялася — у гатоўнасьці да сустрэчы, да зносін. У нас было іх няшмат, але яны пакінулі ў мяне больш глыбокі сьлед, чым тыя намнога часьцейшыя, якія абмежаваліся канстатацыяй немагчымасьці паразуменьня або стрыманасьцю перад «нечым большым». У гэтую кнігу, сярод іншага, увайшлі зномы, надзвычай цікавы цыкл гнамічных запісаў і заўвагаў, «сьненьняў», часам даўжэйшых фрагмэнтаў філязофскіх або крытычна-літаратурных разважаньняў. Я выяўляю сярод іх словы, якія моцна пераклікаюцца з тым, як я чытаю/вытлумачваю «паэтычныя зносіны» Алеся Разанава: «Верш значны ня гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць».

Зномы былі выдадзены ў асобнай кнізе «Сума немагчымасьцяў» (2009), якая часам нагадвае мне «Апатэоз безгрунтоўнасьці» Льва Шастова. Расейскі філёзаф пачынае сваю кнігу адыходам ад цэнтру ў бок пэрыфэрыі і адмаўленьня ад тых выгодаў, да якіх прывыклі жыхары цэнтру гораду: «Вандроўнік павінен ісьці навобмацак і знаходзіць свой шлях у цемры. Хочаш агню — трэба чакаць маланкі…» Кніга Разанава адкрываецца выявамі аблокаў, арла і самой паэзіі, жыхароў пэрыфэрыі вышынь, злучаных зь зямлёй дажджом, маланкай і арлінай драпежнасьцю. Абодва працавалі над тым, каб адвесьці свае думкі ад пракладзенай каляіны і ісьці ўзбочынай да немагчымага і незавершанага. Яны абодва адчуваюць сябе ў высокіх сфэрах духоўнасьці настолькі добра, наколькі іх магчыма прывесьці на зямлю, наколваць пакутамі жывых, гаіць словам. Вандроўнік Разанава адкрывае для сябе пэрыфэрыю як зону кантакту зь не-сваім, пранікненьне быцьця ў цэнтры асуджаных на паасобнасьць. «Шлях, які мы праходзім, — піша ён у „Зномах“ — застаецца не паза намі, а становіцца намі самімі — адкладваецца і акумулюецца ў нас, нібы ў колцах дрэва пражытыя ім гады, і толькі таму ён пройдзены, і толькі таму мы здольныя і вольныя ісьці далей».

Кшыштаф Чыжэўскі
Кшыштаф Чыжэўскі

Самотнік Алесь Разанаў пакінуў не адну паэтычную школу. Пра гэта гаворыць ва ўспаміне пра майстра паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Існуе вялікая група як аўтараў сучаснай беларускай літаратуры, так і нас, сяброў Разанава і чытачоў яго паэзіі на розных мовах, якія застаюцца ў коле выпраменьваньня «палёту стралы» хлопчыка з саўгасу Сялец, жыцьцё якога стала «сумай немагчымасьцяў». Верш «Палёт стралы», які даў назву для дзьвюхмоўнага выданьня паэзіі Разанава ў сэрыі «Inicjał" у перакладзе Ежы Літвінюка, — вельмі прыгожы. Такім жа прыгожым было і жыцьцё Алеся, канец якога сугучны з апошнімі радкамі гэтага верша:

Жыцьцё ідзе кругам, вяртаючыся да пачатку,
сьмерць — нацянькі.

І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна зь сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім.

Кшыштаф Чыжэўскі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG