Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ліквідаваў аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва»


Анатоль Шумчанка прамаўляе на форуме прадпрымальнікаў, архіўнае фота

Праваабарончае аб’яднаньне індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» праіснавала 15 гадоў — рашэньнем Міністэрства юстыцыі арганізацыю зарэгістравалі 17 лютага 2006 году.

Сутнасьць прэтэнзій, якія прывялі да ліквідацыі «Пэрспэктывы», яе нязьменны лідэр Анатоль Шумчанка да канца так і не зразумеў. Але мяркуе, што для прадпрымальніцкай супольнасьці гэта адчувальны ўдар.

«Пры ліквідацыі „Пэрспэктывы“ мяне аўтаматычна выключаць з рабочай групы ў пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадзка-кансультатыўнай радзе Міністэрства эканомікі. Мала хто ведае гісторыю гэтага органа, які пры ўсім тым застаецца важнай дыялёгавай пляцоўкай для ІП і спосабам зваротнай сувязі з урадам i ведамствамі. Рабочая група зьявілася пасьля знакавага Форуму прадпрымальнікаў з удзелам 3000 дэлегатаў. Тады, проста на сцэне, у дэбатах з кіраўніком Дэпартамэнту прадпрымальніцтва я дамовіўся пра перамовы, каб зьняць крытычнае напружаньне», — адзначыў Анатоль Шумчанка.

Па яго словах, шматлікіх індывідуальных прадпрымальнікаў фактычна пазбавілі пляцоўкі, дзе яны маглі ўздымаць і вырашаць надзённыя пытаньні. Заўсёды шкада пакідаць тое, што створана супольнай працай, але такія цяперашнія рэаліі, падсумаваў Анатоль Шумчанка.

«Пэрспэктыва» была ініцыятарам рэзанансных вулічных выступаў прадпрымальнікаў, а таксама падтрымлівала акцыі пратэсту супраць павальнага прызнаньня беларусаў «дармаедамі».

Актыўных прадпрымальнікаў, уключна з Анатолем Шумчанкам, неаднаразова затрымлівалі, саджалі на суткі і выпісвалі буйныя штрафы. Апошні ператрус у лідэра «Пэрспэктывы» прайшоў 24 жніўня.

Ад пачатку ліпеня ў прадстаўнікоў беларускіх СМІ, няўрадавых і праваабарончых арганізацый адбываюцца ператрусы. Сьледчы камітэт тлумачыць гэта дачыненьнем СМІ і НДА да ценявым фінансавых схемаў. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі больш за 100 няўрадавых арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG